Повязь культурных сталіц

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Адной з яскравых падзей года, калі Бабруйск прыняў статус культурнай сталіцы Беларусі, стане фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы”, які пройдзе ў чатырнаццаты раз з 29 чэрвеня па 3 ліпеня.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Ірыны Роскач, адно са змяненняў-2017 — новая эмблема мерапрыемства. Яе распрацавала Настасся Дудаль — выкладчык дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў імя Уладзіміра Дамарада. На змену голубу міру, які быў брэндавым сімвалам “Вянка дружбы”, прыйшоў бусел, які нясе ў дзюбе вянок. Змяніць жа выяву вырашылі таму, што папярэдняя пераклікалася з эмблемай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Упершыню на фестывалі будуць працаваць вулічныя тэатры. Мяркуецца, што ў Бабруйску будуць выступаць калектывы з Магілёва, Гомеля, Мінска і іншых гарадоў. Канцэпцыю такога форуму прапанаваў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Уладзімір Галак, што мае багаты досвед акцый вулічнага мастацтва ў сталіцы.

Плануецца, што сёлета ў горад на час фестывалю з’едуцца 32 калектывы з 25 краін. Упершыню выступяць прадстаўнікі Нарвегіі, Кіпра, Аргенціны, Вялікабрытаніі і Італіі. “Хоць прыём заявак быў абвешчаны да 1 сакавіка, яны працягваюць паступаць. Аб’ём іх таксама ўражвае: напрыклад, з Расіі паступіла 13 прапаноў, але мы адабралі да ўдзелу толькі тры. Гэта сведчыць пра тое, што прэстыж фестывалю расце. Тыя, хто прыехаў да нас адзін раз, мараць пабываць тут яшчэ”, — кажа Ірына Роскач.

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня горада і падзеі самога “Вянка дружбы”, распачнуцца 29 чэрвеня на бабруйскіх плошчах Леніна і Перамогі. На наступны дзень калектывы выступяць з канцэртамі і па ўжо сталай традыцыі правядуць сустрэчы сяброўства на прадпрыемствах і ва ўстановах горада. Асноўнае дзеянне разгорнецца 1 і 2 ліпеня ў цэнтры горада — на вуліцах Сацыялістычная і Максіма Горкага. Так, 1 ліпеня на плошчы Леніна адбудзецца вялікае тэатралізаванае свята, на якім будзе прадстаўлена гісторыя горада і краіны, бо 2016 насычаны рознымі юбілеямі, напрыклад, 100-годдзе міліцыі, органаў ЗАГС і іншымі. Выльецца ўсё гэта ў традыцыйны канцэрт, які мы заўсёды праводзім на вольным паветры. Завершыцца дзень вялікім феерверкам. У Лядовым палацы пройдуць адкрыццё і закрыццё фестывалю. Не абыдзецца без традыцыйнай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама “Горада майстроў”, у якім арганізатары мараць пасябраваць Бабруйск з папярэднімі культурнымі сталіцамі. Ідэю падтрымалі ўжо Маладзечна, Гомель і Магілёў…

Ірына Роскач таксама нагадала, што ў Бабруйску з нагоды акцыі “Культурная сталіца Беларусі” вырашылі штомесяц праводзіць мерапрыемствы, якія звязаны з пэўнай датай у сферы культуры ці прафесійнымі святамі работнікаў розных “цэхаў” культуры і мастацтва. Так, сакавік быў прысвечаны тэатральным падзеям, бягучы месяц — харэаграфіі, бо 29 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень танца. Май вядомы, у тым ліку, і Міжнародным днём музеяў: напрыканцы вясны ў культурную сталіцу прыедуць перасоўная выстава Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і шэдэўры Нацыянальнага мастацкага музея. У верасні з унікальным праектам да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання завітае Нацыянальная бібліятэка Беларусі (балазе на гэты месяц прыпадаюць і Дзень беларускага пісьменства, і Дзень бібліятэк краіны).

Ірына РАБАВА

Бабруйск

Тым часам

Заяўкі на конкурс на атрыманне статусу Культурная сталіца Беларусі-2018 аблвыканкамы падавалі у Міністэрства культуры Беларусі да 1 красавіка. Да заяўкі дадаваліся абгрунтаванне прапановы і праект праграмы мерапрыемстваў.

Заяўкі разглядаюцца да 15 мая года, які папярэднічае году правядзення акцыі. Рашэнне аб наданні гораду адпаведнага статусу прымае калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Асноўнымі крытэрыямі адбору з’яўляюцца наяўнасць развітой сацыяльна-культурнай інфраструктуры горада, станоўчы вопыт арганізацыі і правядзення культурных мерапрыемстваў, сістэмнасць работы па даследаванні і зберажэнні матэрыяльнай і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, захаванні і развіцці рэгіянальных асаблівасцяў, а таксама наяўнасць новых культурных праектаў, запланаваных для рэалізацыі па праграме акцыі. Рэспубліканская акцыя “Культурная сталіца года” праводзіцца Міністэрствам культуры Беларусі і аблвыканкамамі, на тэрыторыі якіх знаходзіцца горад, што займеў адпаведны статус.