“Тэарэма” з аб’яднаннем школ мастацтваў

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Ужо час падручнік па аптымізацыі скласці. Штосьці кшталту арыфметыкі, але для работнікаў культуры. З вобразным мысленнем цяжка халоднымі лічбамі аперыраваць, і такі дапаможнік — як знахадка. Калі больш дакладна казаць, не дапаможнік, а задачнік. Каб любую задачу калі і не вырашыць, дык хаця б зразумець. Вось, да прыкладу, такую. Ёсць у райцэнтры тры школы мастацтваў, кожная — юрасоба. Трэба іх скласці, каб атрымаць карысць. Пытанне: каму і для чаго?

Тэарэма і аксіёма

І не было б той прыказкі, каб не ліст з Крычава. Сёе-тое працытую. “У горадзе працяглы час як самастойныя структуры працуюць дзіцячая школа мастацтваў № 1, дзіцячая школа мастацтваў № 2 і дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў. Ужо практычна вырашана пытанне пра аб’яднанне трох школ у адну. Калектыў ДШМ № 2 выказвае нязгоду з такім рашэннем”. “Наша школа знаходзіцца ў вельмі аддаленым раёне горада, і гэта ў будучыні стане прычынай нязручнасцяў у навучальным працэсе і для вучняў, і для іх бацькоў”. “Будзе скарочаны не толькі кіруючы склад школы, але і тэхперсанал”. “У вобласці многія філіялы рэарганізаваны ў асобныя структуры. Ствараюцца новыя рабочыя месцы. У нас гаворка — пра скарачэнне”.

Я, шчыра кажучы, адразу не зразумеў мэтазгоднасці такой рэарганізацыі, як, зрэшты, і аргументацыю тых, хто на яе скардзіцца. Давялося ў тэму заглыбляцца. Але спачатку хачу падкрэсліць вось што. Менш за ўсё чакаў скарг ад педагогаў ДШМ. Заробкі тут неблагія (ёсць магчымасць і на паўтары-дзве стаўкі працаваць), калектывы — з’яднаныя (колішнія вучні, як правіла, становяцца настаўнікамі), вучні — удзельнікі і пераможцы самых розных, у тым ліку і міжнародных, конкурсаў. Пра такія школы толькі оды складаць. Не выключэнне і згаданыя ўстановы Крычава. Першыя дзве рыхтуюць юных музыкантаў, харавікоў ды харэографаў, трэцяя — юных мастакоў. Агульная колькасць вучняў — больш за тысячу. Ва ўсіх трох школах — ці не два дзясяткі філіялаў па раёне. У кожнай установы — свае сталыя традыцыі, свае магутныя дасягненні. Не буду іх пералічаць, зазначу толькі, што пра поспехі школы выяўленчага мастацтва пісалі і “Культура”, і “Мастацтва”. Пісалі і будзем пісаць.

Дык вось, у чым праблемы, шаноўныя педагогі? Якой бяды, што замест трох юрыдычных асоб будзе адна? Будынкі ж застануцца, колькасць педагогаў і вучняў застанецца нязменнай.

Ніколі не любіў матэматыкі, а доказ тэарэм заўжды выклікаў роспач. Прыкладна такі, як і “тэарэма” з аб’яднаннем школ. Тут у мяне пытанні ўжо да ініцыятараў крычаўскай аптымізацыі. Ці ж вялікая ад яе эканамічная выгода? Крычаў — горад не малы: больш за дваццаць тысяч жыхароў. Побач — Расія з патэнцыйнымі інвестарамі. Дый уласная вытворчасць развіваецца, адзін толькі цэментны завод чаго варты. Карацей, Крычаў — райцэнтр з вялікімі перспектывамі. Ну ёсць тут тры самастойныя ДШМ — няхай працуюць. Ці варта ад дабра дабра шукаць?

Аб’яднаная школа запатрабуе выключнага па сваёй прафесійнасці кіраўніка, які і ў пастознасці мазка разбіраўся б, і ў фальшы акорда. У адваротным выпадку закладнікамі сітуацыі застануцца дзеці.

Словам, я, нібыта той Шарыкаў, не згодны ні з Каўцкім, ні з Энгельсам. Матэматыку трэба было ў школе зубрыць…

Дзяленне і множанне

Пытанні (у дадзеным выпадку — скаргі, а іх, як аказалася, некалькі: у Міністэрства культуры і да губернатара Магілёўшчыны) узнікаюць ад недастатковай інфармаванасці. Гэта аксіёма: кепска патлумачылі сітуацыю народу, народ і пакрыўдзіўся.

— Ды не, — пярэчыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Вадзім Рыськоў, — быў сход у працоўных калектывах школ, на якім усё ўсім патлумачылі. Застануцца тры карпусы адной школы. Мэтазгоднасць — эканамічная. За кошт скарачэння адміністрацыі.

Новая будзе складзена згодна з тыпавымі штатамі. Скароцім пяць штатных адзінак: дырэктары, загадчыкі гаспадарчай часткі, можа, сакратар, рабочы. Кіраўнік дзяржавы пры правядзенні аптымізацыі канкрэтна ставіць задачу: скарочанага, умоўна кажучы, вазьмі за ручку, перавядзі праз дарогу і ўладкуй на работу. Працаўладкуем. Сельскія філіялы застаюцца…

Як журналіст, застаюся пры сваім меркаванні: калі і тлумачылі, дык недастаткова. Трэба было і бацькоўскую раду (вельмі, наколькі ведаю, актыўную ва ўсіх трох школах) сабраць. Але пра гэта і не думалі.

— Бо дзеці і не адчуюць змен, — запэўнівае Вадзім Рыськоў, — па той простай прычыне, што і настаўнікаў змены не тычацца. Усе застаюцца на сваіх рабочых месцах і з той навучальнай нагрузкай, якая ў іх сфарміруецца на 1 верасня.

Так, я кепскі матэматык і эканаміст, але маю педагагічную адукацыю і сем гадоў сумяшчаў журналісцкую практыку з настаўніцкай, таму добра ведаю, што такое педагагічная нагрузка. У ДШМ няма гурткоў, але ёсць творчыя калектывы. У адной толькі дзіцячай школе мастацтваў № 2 Крычава маюцца народны і ўзорны ансамблі, харэаграфічны ды вакальны гурты. Кіраўнікамі іх з’яўляюцца і прадстаўнікі адміністрацыі. І такое кіраўніцтва — аплачваецца. Дакладна ведаю, што той-сёй з сённяшняй адміністрацыі крычаўскіх школ мастацтваў гатовы працаваць у роднай школе і шараговым настаўнікам. Так што дзяліць і множыць сэканомленыя пры скарачэнні адзінак грошы доўга не давядзецца. Інакш кажучы, эканамічны эфект ад крычаўскай аптымізацыі ў дадзеным выпадку, як падаецца, — не надта істотны. Калі не так, патлумачце мне на пальцах адваротнае.

Цікава, а хто стаў у такім выпадку ініцыятарам аб’яднання трох школ?

— Пытанне абмяркоўваецца досыць даўно. Як на ўзроўні мясцовай выканаўчай улады, так і ў Магілёўскім аблвыканкаме. Словам, пытанні аптымізацыі, зліцця, рэарганізацыі ўзнімаліся ў многіх кабінетах, — сказаў мне Вадзім Рыськоў.

Тэорыя лікаў

Не скажу, што мне стала ўсё зразумела. Урэшце, не адмаўляю і таго, што ўтварэнне адной юрыдычнай асобы замест трох прынясе на месцы пэўную фінансавую палёгку. Баліць толькі адно: каб у выніку аптымізацыйных эксперыментаў не пацярпелі юныя таленты. Але ў любым выпадку я веру ў рацыянальнае. Нават у матэматыцы, памятаю, ёсць рацыянальныя лікі. А тэорыя лікаў як галоўную ўласцівасць разглядае іх дзялімасць. А раптам у нашай культуры, што развіваецца ніяк не па матэматычных законах, агульную карысць прынясе зліццё? Пабачым, як будзе развівацца сітуацыя далей…

P.S. Дарэчы, гаворка пра зліццё гомельскага філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і народных традыцый імя Фёдара Шклярава з галаўной установай (“К” № 12), як паведамляе яе кіраўнік Галіна Нячаева, ужо не вядзецца.

Фота Кастуся АНТАНОВІЧА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"