АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Дадзенае Палажэнне рэгулюе адносіны, звязаныя з дзейнасцю па арганізацыі правядзення дыскатэк і работы культурна-забаўляльных (начных) клубаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і з’яўляецца абавязковым для юрыдычных асоб незалежна ад формы ўласнасці і падпарадкаванасці і індывідуальных прадпрымальнікаў.
2. Для мэт дадзенага Палажэння выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:
* дыскатэка — форма арганізацыі вольнага часу грамадзян, якая ўключае танцавальныя вечары, вечары адпачынку і іншыя забаўляльныя мерапрыемствы, што суправаджаюцца публічным выкананнем музычных твораў артыстамі, выканаўцамі і (ці) з дапамогай тэхнічных сродкаў, з магчымым выкарыстаннем кіна- і відэаматэрыялаў, правядзеннем канцэртных, гульнёвых і іншых праграм;
* культурна-забаўляльны (начны) клуб — месца комплекснага аказання паслуг па арганізацыі вольнага часу грамадзян шляхам правядзення дыскатэк, арганізацыі кегельбанаў, боўлінгаў, більярда, прадастаўлення іншых забаўляльных культурна-дасугавых паслуг, а таксама паслуг грамадскага харчавання;
* закрытая пляцоўка — ізаляванае нежылое памяшканне, што ўяўляе сабой асобны будынак альбо яго частку і выкарыстоўваецца для правядзення дыскатэкі, работы культурна-забаўляльнага (начнога) клуба;
* адкрытая пляцоўка — выдзеленая тэрыторыя, якая не з’яўляецца памяшканнем: танцавальная пляцоўка і іншыя месцы пад адкрытым небам, агароджаныя і спецыяльна прызначаныя для правядзення дыскатэкі.
Раздзел 2.ПАРАДАК АРГАНІЗАЦЫІ ПРАВЯДЗЕННЯ ДЫСКАТЭК, РАБОТЫ КУЛЬТУРНА-ЗАБАЎЛЯЛЬНЫХ (НАЧНЫХ) КЛУБАЎ
3. Улік юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк і работу культурна-забаўляльных (начных) клубаў, ажыццяўляюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы:
— на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў, пасёлкаў гарадскога тыпу — сельскія і пасялковыя выканкамы;
— у гарадах (пасёлках гарадскога тыпу, якія з’яўляюцца цэнтрамі раёнаў) — гарадскія, раённыя выканкамы, мясцовыя адміністрацыі.
4. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэкі на пастаяннай аснове, у тым ліку ў культурна-забаўляльных (начных) клубах, павінны забяспечваць:
— уваход на дыскатэку на падставе білетаў;
— ахову грамадскага парадку пад час правядзення дыскатэкі.
Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэкі не на пастаяннай аснове, у тым ліку ў культурна-забаўляльных (начных) клубах, з мэтай прадухілення надзвычайных сітуацый і падтрымання правапарадку пры яе правядзенні за 5 дзён да дадзенага мерапрыемства ўзгадняюць яго правядзенне з кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў альбо з упаўнаважанымі імі асобамі.
5. Закрытая і адкрытая пляцоўкі, на якіх арганізуюцца правядзенне дыскатэкі, работа культурна-забаўляльнага (начнога) клуба, павінны адпавядаць санітарна-гігіенічным, супрацьпажарным патрабаванням, а таксама патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі.
6. Правядзенне дыскатэк у перыяд з 22 да 6 гадзін (далей — начныя дыскатэкі) дазваляецца толькі на закрытых пляцоўках і ў культурна-забаўляльных (начных) клубах (за выключэннем мерапрыемстваў, якія праводзяцца па рашэнні рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў альбо па ўзгадненні з імі).
7. Правядзенне дыскатэк на адкрытых пляцоўках ажыццяўляецца да 22 гадзін. Па ўзгадненні з кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў альбо з упаўнаважанымі імі асобамі час правядзення дыскатэк на адкрытых пляцоўках можа быць падоўжаны.
8. Не дапускаецца прысутнасць на начных дыскатэках, у культурна-забаўляльных (начных) клубах асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў.
Правядзенне разавых начных дыскатэк з удзелам асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў, дазваляецца па ўзгадненні з кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў альбо з упаўнаважанымі імі асобамі.
9. Пры правядзенні дыскатэкі на адкрытай пляцоўцы тэрыторыя гэтай пляцоўкі павінна быць адгароджана ад вуліцы, праезджай часткі плотам альбо агароджай, якія забяспечваюць бяспеку наведвальнікаў дыскатэкі, а таксама жыхароў прылеглых да месца правядзення дыскатэкі жылых дамоў, удзельнікаў дарожнага руху.
10. Правядзенне дыскатэк, арганізацыя работы культурна-забаўляльных (начных) клубаў у жылых памяшканнях не дапускаюцца.
11. Фарміраванне цэн на ўваходныя білеты на платныя дыскатэкі, у культурна-забаўляльныя (начныя) клубы, а таксама расходаванне сродкаў, атрыманых ад іх рэалізацыі, адбываецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Раздзел 3.ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ АРГАНІЗАТАРАЎ І НАВЕДВАЛЬНІКАЎ ДЫСКАТЭК, КУЛЬТУРНА-ЗАБАЎЛЯЛЬНЫХ (НАЧНЫХ) КЛУБАЎ. КАНТРОЛЬ ЗА ПРАВЯДЗЕННЕМ ДЫСКАТЭК, РАБОТАЙ КУЛЬТУРНА-ЗАБАЎЛЯЛЬНЫХ (НАЧНЫХ) КЛУБАЎ.
12. Юрыдычная асоба, індывідуальны прадпрымальнік, якія арганізуюць правядзенне дыскатэкі, работу культурна-забаўляльнага (начнога) клуба:
12.1. маюць права:
— зацвярджаць правілы правядзення дыскатэкі, работы культурна-забаўляльнага (начнога) клуба з улікам дадзенага Палажэння;
— устанаўліваць уласныя правілы правядзення дыскатэкі, работы культурна-забаўляльнага (начнога) клуба, якія не супярэчаць дадзенаму Палажэнню;
— арганізоўваць для наведвальнікаў аўтамабільныя паркоўкі;
12.2. абавязаны:
— забяспечваць ахову грамадскага парадку, у тым ліку на аўтамабільных паркоўках, арганізаваных для наведвальнікаў;
— абсталяваць культурна-забаўляльныя (начныя) клубы сістэмамі відэаназірання і кнопкай трывожнай сігналізацыі з вывадам сігналу на пульт аператыўна-дзяжурных службаў тэрытарыяльных органаў унутраных спраў;
— не дапускаць на начныя дыскатэкі, у культурна-забаўляльныя (начныя) клубы асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных часткай другой пункта 8 дадзенага Палажэння;
— не дапускаць у адносінах да наведвальнікаў праяўлення дыскрымінацыі;
— не дапускаць прысутнасці асоб, якія знаходзяцца ў стане наркатычнага альбо таксічнага ап’янення, наведвальнікаў з агнястрэльнай альбо халоднай зброяй, выбухованебяспечнымі рэчывамі;
— неадкладна інфармаваць органы ўнутраных спраў аб выяўленні фактаў ужывання наркатычных, таксічных, псіхатропных сродкаў і іх прэкурсораў наведвальнікамі, а таксама здзяйсненні імі іншых супрацьпраўных дзеянняў;
— арганізоўваць спецыяльна прызначаныя і абсталяваныя для курэння месцы;
— захоўваць патрабаванні заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах;
— захоўваць Палажэнне аб парадку арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 верасня 2004 г. № 1130 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 146, 5/14842), у выпадку правядзення ў межах дыскатэкі канцэртаў, спектакляў, цыркавых праграм, прадстаўленняў і іншых культурна-відовішчных мерапрыемстваў, якія прадугледжваюць атрыманне даходаў;
— не выкарыстоўваць праграмы, якія прапагандуюць насілле, жорсткасць, парнаграфію, наркаманію, заклікаюць да гвалтоўнага звяржэння існуючага дзяржаўнага альбо грамадскага строю;
— прымяняць піратэхнічныя сродкі толькі пры ўмове захавання патрабаванняў адпаведных тэхнічных нарматыўных прававых актаў;
— ажыццяўляць пры абслугоўванні наведвальнікаў прыём наяўных сродкаў з прымяненнем касавых падсумоўваючых апаратаў і (ці) спецыяльных камп’ютэрных сістэм і (ці) плацёжных тэрміналаў для рэгістрацыі аперацый, што праводзяцца з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак;
— захоўваць правы наведвальнікаў, прадугледжаныя дадзеным Палажэннем і іншымі актамі заканадаўства;
— захоўваць іншыя нормы заканадаўства.
13. Наведвальнікі дыскатэкі, культурна-забаўляльнага (начнога) клуба:
13.1. маюць права:
— на атрыманне інфармацыі аб узроставым складзе і максімальнай колькасці наведвальнікаў, мерах па забеспячэнні грамадскага парадку;
— наведваць дыскатэку, культурна-забаўляльны (начны) клуб незалежна ад полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігійных, палітычных і іншых перакананняў, нацыянальнасці, сацыяльнага паходжання, маёмаснага, службовага становішча і іншых абставін;
13.2. абавязаны:
— захоўваць зацверджаныя правілы правядзення дыскатэкі, работы культурна-забаўляльнага (начнога) клуба, а таксама абмежаванні, устаноўленыя дадзеным Палажэннем;
— захоўваць грамадскі парадак;
— выконваць патрабаванні работнікаў юрыдычнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка, якія праводзяць дыскатэку, арганізуюць работу культурназабаўляльнага (начнога) клуба, аб захаванні дадзенага Палажэння і правілаў правядзення дыскатэкі, работы культурна-забаўляльнага (начнога) клуба.
14. Кантроль за правядзеннем дыскатэк, работы культурна-забаўляльных (начных) клубаў ажыццяўляецца:
— органамі ўнутраных спраў — па пытаннях аховы грамадскага парадку і іншых пытаннях, аднесеных да іх кампетэнцыі;
— Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях і (ці) падведамаснымі яму арганізацыямі — па пытаннях захавання патрабаванняў заканадаўства ў галіне аховы правоў інтэлектуальнай уласнасці;
— упраўленнямі (аддзеламі) культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама — па пытаннях захавання Палажэння аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, іншых нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць гастрольна-канцэртную дзейнасць;
— мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, на тэрыторыі якіх арганізуюцца правядзенне дыскатэкі, работа культурна-забаўляльнага (начнога) клуба, — па пытаннях захавання рэжыму іх работы;
— іншымі дзяржаўнымі органамі — па пытаннях, аднесеных да іх кампетэнцыі.
15. Дадзенае Палажэнне не распаўсюджваецца на дыскатэкі, якія праводзяцца ў рамках арганізацыі выхаваўчага працэсу ўстановамі адукацыі і аздараўленчымі лагерамі на бязвыплатнай аснове.