“Бібліятэка на колах” — не інтэрнэт-клуб

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Яшчэ ў 2009 годзе “К” публікавала матэрыялы, прысвечаныя развіццю ў Беларусі аўтабібліятэк як формы нестацыянарнага абслугоўвання жыхароў аддаленых вёсак. Яны павінны былі з часам займець не толькі стэлажы для кніг, але і стаць паўнавартаснымі мабільнымі ўстановамі культуры з ноўтбукам, прынтарам і сканерам, з магчымасцю замовы патрэбнай літаратуры праз інтэрнэт і гэтак далей. Але і да сёння падобныя прагнозы застаюцца хутчэй марамі...

І некаторыя стацыянарныя бібліятэкі дасюль з камп’ютарамі “не сябруюць”, не кажучы ўжо пра сусветнае павуцінне. Скажам, на пачатак года ў Беларусі былі камп’ютарызаваныя 83,3 % агульнай колькасці публічных бібліятэк краіны, а да інтэрнэта падключана ўсяго 71,8 %. Між тым, камп’ютар без выхаду ў сеціва сёння, на погляд многіх спецыялістаў бібліятэчнай справы, — гэта анахранізм. А такіх “перажыткаў мінулага” ў айчынных кніжніцах, як вынікае са статыстыкі, ледзь не траціна.

Да таго ж, як адзначалася на выніковай калегіі Міністэрства культуры Беларусі, у 11 працэнтах раёнаў краіны адсутнічаюць транспартныя сродкі для арганізацыі нестацыянарнага інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва, а чвэрць раённых бібліятэк мае састарэлае праграмнае забеспячэнне. Так што да бібліятэк з найноўшымі камп’ютарамі і інтэрнэтам нам сёння няблізка па-ранейшаму.

Натуральна, ёсць у гэтай праблемнай сітуацыі і шэраг аб’ектыўных прычын. Напрыклад, як адзначае намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, на сёння ўзровень аўтаматызацыі бібліятэчных устаноў краіны можа адрознівацца вельмі моцна ў першую чаргу ў сувязі з часам іх мадэрнізацыі і камп’ютарнага абнаўлення.

— Адсюль узнікае іншая праблема: у айчынных бібліятэках выкарыстоўваецца рознае праграмнае забеспячэнне, прычым такая сітуацыя можа назірацца нават у адной і той жа вобласці, — адзначыў суразмоўца. — Акрамя таго, у гэтым жа шэрагу варта назваць і выкарыстанне розных фарматаў для запісу інфармацыі, якія, часам, як вядома, не надта “сябруюць” ці ўвогуле не карэлююць паміж сабой.

Усе складанасці, натуральна, патрабуюць абавязковага вырашэння. Што да фінансавага складніка, дык пры разглядзе пытання пра камп’ютарызацыю бібліятэчных устаноў Беларусі яго таксама трэба браць пад увагу.

— Тут, на мой погляд, магчымыя два варыянты развіцця падзей: або мы ўводзім платныя абанементы для наведвальнікаў (і за гэты кошт абнаўляем камп’ютарную базу бібліятэк), або зноў-такі апелюем да бюджэтнага фінансавання, якое, натуральна, вокамгненна ўсе пытанні камп’ютарызацыі вырашыць не зможа, хоць у гэтым кірунку ў краіне ўжо зроблены вялікі пласт работы, — адзначыў Алесь Суша. — Так, як вядома, лічбы камп’ютарызацыі бібліятэк пастаянна растуць, як растуць і паказчыкі падключэння іх да сеткі інтэрнэт. Ды, як кажуць, не ўсё адразу.

Калі ж весці гаворку пра нестацыянарныя, мабільныя бібліятэчныя ўстановы з інтэрнэтам і кропкай доступу Wi-Fi, дык тут таксама, на думку спецыяліста, не ўсё адназначна.

— Мяркую, нам сёння не трэба забывацца, што амаль у кожнага жыхара Беларусі ёсць мабільны тэлефон, з дапамогай якога выхад у інтэрнэт цяпер — не праблема, — кажа Алесь Суша. — Да таго ж, бібліёбус — гэта не інтэрнэт-клуб, у які можна прыйсці, скарыстацца яго паслугамі сёння, а заўтра завітаць зноў. Гэта, як вядома, мабільная ўстанова культуры, якая прыязджае ў тое ці іншае паселішча на даволі кароткі час. Таму ў Беларусі, на маю думку, трэба развіваць і ствараць такія віртуальныя бібліятэчныя сэрвісы, якія будуць улічваць і мабільныя прылады карыстальнікаў. Менавіта гэтым шляхам сёння ідзе ўвесь бібліятэчны свет, скажам, Брытанская бібліятэка ў Лондане.

Са згаданага, несумненна, бадай, адзінае: вырашыць усе агучаныя праблемы, як кажуць, “адным махам”, пакуль немагчыма. Што да аўтабібліятэк, дык тут, мабыць, таксама варта ісці тым шляхам, які даўно вядомы ў Еўропе. Напрыклад, менавіта пра еўрапейскія падыходы да бібліёбусаў распавядала яшчэ год таму на старонках “К” дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна. У падобных замежных “бібліятэках на колах” ёсць свой графік працы, ёсць свае прыхільнікі і чытачы, у тым ліку — і абазнаныя ў найноўшых інфармацыйных і інтэрнэт-тэхналогіях, ёсць там і ноўтбук, і сканер, і прынтар, і інтэрнэт. А вось чаго ў Еўропе дакладна няма, — дык гэта аўтамабіля з кніжкамі на сядзеннях ці пад сядзеннямі, які мне часцяком даводзілася сустракаць падчас камандзіровачных выездаў у розных раёнах Беларусі. Называць падобны аўтамабіль бібліёбусам наўрад ці будзе слушным... Але ж, на жаль, там-сям менавіта так і робяць…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"