Аўдыя & Відэа-37

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Сакавіцкія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць музыкант гурта “Пані Хіда” Леанід ТУРОК (A.) і спецкарэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/633/14068/7-3.jpgАЎДЫЯ

Гурт “Electric Poets”, міні-альбом “Electric Poets”

А.: Якасная, пругкая музыка, для адэптаў хард-н-хэві. Добра ўплеценыя “сінты” асвяжаюць трэкі. Хоць у самым моцным, на мой погляд, — “Honesty”, — усё ў лепшых класічных канонах. Адчуваецца, што ўдзельнікі гурта шмат “здымалі” і гралі музыку заходніх, больш вядомых калегаў. Чутныя знаёмыя прыёмы: “Plastic Love” толькі мне аднаму нагадвае “It’s My Life” гурта “Bon Jovi”?

Рэліз носіць, хутчэй, заявачны характар. Цікава паглядзець, што здарыцца з калектывам, куды яго кіне. Паколькi для больш рокавай публікі не хапае напору, агрэсіі ды брутальнасці, а станавіцца “саладзейшымi” — значыць, выйсці з гэтай "палянкі". Але заўсёды можна стварыць нешта сваё, асаблівае. Наогул, прычапіцца няма да чаго, але калі казаць пра максімум, яшчэ можна папрацаваць, перш за ўсё ў думках і сэнсах.

B.: Няхай перад намі традыцыйны хард-рок (акультураны сучасным гучаннем), слухаецца міньён свежа. Пастараліся інструменталісты і фронтмэн “олд скул” паднесці так, што цяперашнім “цяжкім” трэндам кампазіцыі адпавядаюць. “Амерык” музыканты не адкрылі, а — пераадкрылi імпартныя вакальныя манеры ды канструкцыі. Аднак тое, хутчэй, даніна павагі сусветным велічыням. У якасці аўтарскага сэта ў праграме кавер-версій усё на месцы. Адзначаю трэк “No Respect”.

Маша Вячорка, альбом “English Album”

A.: А раптам гэта і ёсць прабірка, у якой вірус, здольны па-сапраўднаму заразіць значную частку нашых артыстаў брытанскай музычнай культурай? Не выкарыстанне прыёмчыкаў і капіраванне гучання, а такое вось паветра. Калі гэта не выпадковае супадзенне, а штосьцi сапраўды выверанае, то Вячорка — таленавіты майстар, бо ёй удалося скласці і запісаць такое. Захавацца б у кантэксце...

Любая песня рэлізу арганічна слухалася б у кіно, тэатры або сучаснай харэаграфіі. Магчыма, не хапае хіта, тады быў бы поўны разрыў. А можа... ён там і не патрэбны. Але... лепш з ім, чым без яго. Для сябе вылучаю “Goosebumps”. А так усё роўна: кожная песня — свайго кшталту сама па сабе прыгожая музычная крынiца.

B.: Брэсцкая “сiнгерша” ды сонграйтар пад уласны акампанемент гітары выконвае нешта такое, навеянае класікай англамоўнай аўтарскай песні і сольнага амерыканскага фольку (не кантры!). Марудлівае, лірычнае, задуменнае, меланхалічнае, дзесьці вельмі прыцягальнае. Міла, карацей кажучы. “Руліць”, праўда, з гэтым матэрыялам у нашых “палесцінах” няма куды — глебы няма, на якой з гэтага “смецця” мог бы расці і расці спецыфічны музычны ўраджай надзвычай забойнай сілы, хай нават андэрграўнднага толку. Адна дарога “свеціць” Машы, калі яна раптам марыць пахіснуць асновы сусветнай песеннай індустрыі — на шоукейс-фестывалі. Але, перафразуючы Глеба Жаглова, Вячорка — дзяўчына правільная.

Юлія Глебава, гурт “Час Speak”, альбом “Крылы”

A.: Калі зоркі запальваюцца, то значыць, вось... У канцы 1980-х — пачатку 1990-х існавалі гурты, якія думалі, што граюць хард-рок. Яны апраналіся ў скураное (хітом былі белыя боты), "падгружалi" вобраз металічнымі аксэсуарамі. Вакалісты ў прыпеве спявалі фальцэтам, гітарысты, як правіла, пасля другога куплета “пілавалі” сола. Калі гітарыстаў было двое, то часам яны гралі ў актаву. Усё гэта вельмі падабалася... пераважна самім музыкантам.

B.: Усе прыкметы рок-музыкі: часамі фарсіраваны лідар-вакал (жаночы), у меру агрэсіўная рытм-секцыя, гітары на драйве, самакапанне ў тэкстах перамяшана з прэтэнзіямі да свету. З мелодыямі ж кепскавата, але ж гэта ж тру-музон, так? Без прыстаўкі “поп”? Па мне — рэліз з песень на беларускай і рускай мовах, некалькі халаднаваты, хоць, быццам бы, жару артысты стараюцца даць. Імкнуцца спяваць і граць рок.

ВІДЭА

Гурт “Tok Rukoo”, кліп на песню “Like Never Before”

А.: Выдатны трэк, адразу згадваеш ўсё тое добрае, што звязана з “INXS” ды “Duran Duran” (празрыстыя як шкло гітары, шчыльная рытмічная аснова, ўсё такое лёгкае). Юнацтва вось толькі прайшло. Такую музыку звычайна граюць хлопцы, якім “стукнула” ці вось-вось стукне трыццаць.

Кліп пачынаецца шматспадзеўна. Здаецца, зараз табе распавядуць нейкую гісторыю. Гераіня відавочна да нечага рыхтуецца, штосьцi “ганяе” ў галаве. Здаецца, пара. Пайшла. Чакаем. І... ці то яна перадумала, ці то ў яе проста памяняўся настрой, але гісторыі не здарылася. А хто сказаў, што яна павінна была здарыцца?.. Знята пышна. Добрыя планы, добрая карцінка, зноў жа дзяўчына — ну, проста хараство! Усё на сваім месцы. Музыка і відэа з адной лігі. Гукавая дарожка, дарэчы, таксама пражыла цэлую гісторыю. Трэк пастаянна развіваўся: спачатку асцярожна падбіраўся да прыпеву, нарастаў, станавіўся больш магутным і дасягнуў апагею — выдыхнуў кодай. А відэашэраг спыніўся недзе на сярэдзіне. Напэўна, занадта кароткім апынуўся фармат.

B.: Чагосьці пакутуюць ля экранаў камп’ютараў умоўныя хіпстары-музыканты з інструментамі, чагосьці пакутуе ў кадры дзяўчына з усходняй знешнасцю... Калі няма чаго пісаць па сутнасці, таму што няма яе, а пісаць трэба, я заўсёды цытую трэш-хіт “Зялёны слонік”: “Когда ребята уходили, зеленый слоник на трубе играл о том, как тяжело на свете жить и трудно есть проклятую еду, о том, как плохо всем, а хуже всех ему…”

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"