Опера, піжама, чамадан

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

“Опера ў піжаме”? Ды самі словы ў назве гэтага праекта — неспалучальныя. Розыгрыш? А можа, проста капуснік? Тым больш, што і прэм’ера ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў была прымеркавана да 1 красавіка.

/i/content/pi/cult/633/14065/8-2.jpg

Сцэна са спектакля “Опера ў піжаме”. / Фота прадастаўлена арганізатарамі

Усё аказалася куды больш сур’ёзна, але і сапраўды: даўно я так не смяялася, хаця камедый апошнім часам глядзела безліч. І справа зусім не ў тым, што яшчэ да пачатку спектакля ў фае і зале працаваў вясёлы мім, праводзячы “тлумачальную працу” з наведвальнікамі: вітаў, імправізавана рэагаваў на іх знешні выгляд, праводзіў да месца (дарэчы, гэты прыём некалькі гадоў удала выкарыстоўваецца ў Маладзёжным тэатры эстрады — “родным доме” комік-шоу гурта “Доктар Ю.М.О.Р.” пад кіраўніцтвам Вячаслава Паніна). Не менш прыемных сюрпрызаў было і ў самой “оперы”.

Па жанры гэта тыповае рэвю — знітаванне папулярных арый, дуэтаў, аркестравых нумароў у сюжэтнае рэчышча. Гісторыя — тыповы анекдот: муж і жонка робяць выгляд, што едуць у камандзіроўку, але кожны вяртаецца дадому — натуральна, з каханкай / каханкам. У вялізным, на паўсцэны, ложку апынаюцца адразу чацвёра — тыповы вакальны квартэт: сапрана (Маргарыта Ляўчук), мецца (Кацярына Міхнавец), тэнар (Віктар Мендзелеў), барытон (Уладзімір Пятроў).

Як жа так атрымалася, што повязь “тыповасцяў” і нават “трывіяльнасцяў” у суме дала... навінку, эксперымент? Усё вельмі проста: спрацавала яшчэ адна “тыповасць” і нават заканамернасць — развіцця опернага мастацтва, калі нараджэнне камічна-парадыйных формаў накшталт англійскай баладнай оперы (“Опера жабракоў”) ці італьянскай оперы-буфа было крокам наперад у параўнанні з застылымі ўзорамі. Пэўна, мае рацыю чалавецтва, калі праз усмешку развітваецца з мінулым, каб рухацца да новых далячынь. Цікавым будзе яшчэ адно назіранне, звязанае з уздзеяннем масавай культуры на акадэмічную. Звычайна да такой з’явы ставяцца рэзка адмоўна, абвінавачваюць маскультуру ва ўсіх магчымых і немагчымых грахах, галоўнымі з якіх уяўляюцца “ўціск” на сур’ёзнае мастацтва і разбэшчванне публікі. Дык вось, “Опера ў піжаме” стала цудоўным прыкладам супрацьлеглай тэндэнцыі — калі на высокую духоўнасць опернай класікі так званае “лёгкае” мастацтва ўздзейнічае са знакам “плюс”, выступае як пошук новых формаў данясення складаных рэчаў да самай шырокай публікі.

Падобная крэатыўнасць, скіраваная на сумяшчэнне карыснага з прыемным, не ўпершыню выявілася ў дзейнасці ініцыятараў і арганізатараў праекта: Музычнага тэатра “Галерэя” і Музычнага дома “Класіка” (слоган апошняга — “Класічную музыку любяць усе, ды не ўсе яшчэ пра гэта ведаюць”). Ідэя належала Аляксандру Чахоўскаму (ён выконвае ў спектаклі эпізадычную ролю без спеваў — Кур’ера), на рахунку якога ўжо цэлая нізка падобных тэматычна-тэатралізаваных вечароў, але ў жанры канцэрта. Напісаў лібрэта і здзейсніў пастаноўку Эдуард Мартынюк — адзін з вядучых салістаў нашага Вялікага тэатра, тэнар, запатрабаваны на лепшых сцэнах свету (незадоўга да прэм’еры ён паехаў у Германію, і некаторыя яго рэжысёрскія ідэі ажыццяўляла Марыя Ісаева). За плячыма гэтага артыста — бліскучая праца ў жанрах мюзікла, музкамедыі, аперэты (у тым ліку, у нашым Музычным тэатры), сцэнарыі і рэжысура штогодніх капуснікаў у родным Вялікім тэатры, якія, здараецца, засланяюць сабой рэпертуарныя прэм’еры. Колькі гадоў таму, яшчэ ў часы студэнцтва, ён паставіў на сцэне сталічнага Палаца чыгуначнікаў “Любоўны напой” Даніцэці — на адным энтузіязме, пад раяль, але з маладымі салістамі і такой колькасцю рэжысёрскіх прыдумак ды жартаў, што смех у зале не сціхаў.

У цяперашняй “...Піжаме” ўсё гэта выйшла на яшчэ больш высокі ўзровень — з сімфанічным аркестрам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, з салістамі Вялікага тэатра. Гэты творчы праект, пры ўсёй яго знешняй лёгкасці і, як некаторым здаецца, адценні камерцыйнасці, скіраваны на вырашэнне адразу некалькіх “болевых кропак” развіцця айчыннага опернага мастацтва. Па-першае, гэта прыцягненне публікі, якая лічыць оперу самым, бадай, сумным жанрам. Упэўнена, пасля добра скроенага “піжамнага” спектакля, разлічанага на гадзіну, прыхільнікаў опернай творчасці паболее. Па-другое, гэта магчымасць артыстаў дадаткова рэалізаваць свае магчымасці. Бо ў многіх творчых асоб — заўсёдны “голад”, колькі іх ні частуй, на новыя цікавыя працы. Па-трэцяе, гэта шыкоўная прэзентацыя спеўнай моладзі нашага тэатра. Так, ва ўсіх трох маладых салістаў “...Піжамы” — перамогі на міжнародных конкурсах, партыі (у некаторых — даволі разгорнутыя) у бягучым рэпертуары. Але цяперашні спектакль не проста надае ім сцэнічнай упэўненасці, а выводзіць на першы план. Ды яшчэ — у нечаканых амплуа. І, галоўнае, незаўважна хавае некаторыя мінусы, ператвараючы іх у плюсы (калі пашукаць, свае хібы існуюць літаральна ў кожнага, таму важна не столькі “змагацца” з імі, колькі ператварыць у індывідуальную адметнасць, дзе ўсё “так і трэба”, “так і было задумана”). Апошнія словы — акурат пра рэжысёрскія прыёмы “...Піжамы”. Маладыя салісты не баяцца, як гаворыцца ў спектаклі, “погрузиться в пучину Пучини” (насамрэч, яго музыкі ў “...Піжаме” няма), выканаць звышпапулярныя нумары, што называецца, без аглядкі на аўтарытэты, “прымерыць” на сябе неверагоднай складанасці фіярытуры, да якіх, можа, яшчэ не зусім “дараслі”. Бо некаторыя магчымыя недахопы маладых спевакоў (калі, да прыкладу, партнёр спявачцы — да пляча, дый тое, калі добра падскочыць) рэжысёр вымушае працаваць на парадыйнасць яркіх вобразаў, напаўняючы спектакль яшчэ і ўласна вакальнымі жартачкамі, накшталт: “Вы такія прыгожыя, асабліва ў верхнім рэгістры”, “Я згодны спяваць з вамі да самых... паклонаў”.

Галоўны дырыжор аркестра радыё Вячаслаў Чарнуха-Воліч напоўніцу выяўляе і свае тэатральныя схільнасці (яму і танга даводзіцца танчыць, і слязу з вачэй змахваць насовачкай памерам з абрус, і ў размоўныя дыялогі ўступаць), і, галоўнае, музычнасць: аркестр гучыць вельмі выразна, часам нават вытанчана, з дакладнай фразіроўкай і штрыхамі, яркімі інструментальнымі падгалоскамі. Акрамя вакалу, салісты выяўляюць нешараговыя акцёрскія здольнасці (рассмяшыць публіку, каб яна не пачувала сябе няёмка, гледзячы на намаганні артыстаў, куды больш складана, чым прымусіць плакаць), а Маргарыта Ляўчук — яшчэ і цудоўнае англійскае вымаўленне. Кожны з герояў надзелены сваёй пластыкай, манерамі, за якімі адразу бачны запамінальны характар. Ну, а Уладзімір Пятроў, нягледзячы на прозвішча свайго героя — Сіплы, увогуле дэманструе бездакорнае выкананне і абсалютную натуральнасць сцэнічных паводзінаў, якой могуць пахваліцца далёка не ўсе драматычныя артысты.

Усе дэталі сцэнаграфіі і касцюмаў нясуць дадатковую асацыятыўную нагрузку: у мужчын — аднолькавыя “арыштанцкія” піжамы ў палоску, у жанчын — “гламурна” ружовыя. Чырвань у руках каханка-Тарэадора становіцца ў фінале ручніком праз плячо, ператвараючы Кур’ера ў свата.

Спектакль плануецца паказваць па ўсёй краіне. І ён таго варты!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"