Пражываць ці дзейнічаць?

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

На адкрыцці фотавыставы “Валянцін Елізар’еў. Рэпартаж з цяперашняга часу” мастацкая галерэя “Універсітэт культуры” з цяжкасцю ўмяшчала ўсіх ахвотных павіншаваць героя падзеі з хуткімі 70-мі ўгодкамі. Цікавы факт: разгорнутае фотапрысвячэнне народнаму артысту СССР, знакамітаму балетмайстру і слыннаму педагогу падрыхтаваў малады фатограф Мікіта ФЯДОСІК. Таленавіты юнак распавёў аглядальніку “К”, як эксперыментальны фотарэпартаж нечакана для ўсіх ператварыўся ў маштабную экспазіцыю.

/i/content/pi/cult/633/14064/8-1.jpgБез марнавання і сноўдання

— Я мару стаць прафесійным фатографам, імкнуся знайсці працу, бо ўпэўнены, што кожны малады чалавек павінен сам зарабляць сабе на жыццё. Менавіта з гэтай прычыны прынцыпова паступаў на завочнае аддзяленне. Бацькі доўга супраціўляліся майму рашэнню, але я вырашыў цвёрда. Адразу зразумеў, што мне не хочацца сноўдацца без справы, як гэта было ў старэйшых класах школы, дзе па сутнасці гублялася паўдня, але не мела значэння, ці даведаюся я пра штосьці новае, ці на карысць мне тая інфармацыя — ты павінен быў проста знаходзіцца ў тых сцянах. Мне 17 гадоў, і я не хачу вось так спакойна, без змен жыць. Упэўнены, прыняў слушнае рашэнне: не было б зараз гэтага праекта, каб я вучыўся на дзённым аддзяленні, бо ўвесь мой час займалі б агульныя дысцыпліны.

Я — першакурснік кафедры кінатэлеаператарства факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пакуль нас не падпускаюць да відэакамеры, аднак у раскладзе значыцца фотакампазіцыя. Ад нас патрабуюць усе класічныя жанры накшталт партрэта, нацюрморта. Сапраўды, паспрабаваць патрэбна розныя напрамкі, але зараз я адчуваю цягу да рэпартажнай здымкі, лічу сябе рэпартажным фатографам, які марыць распавядаць такія гісторыі, як расказ пра Валянціна Елізар’ева, і такім чынам далучацца да мастацтва.

Трэніравацца на балеце

— Насамрэч, фатаграфія — маё даўняе захапленне, я займаюся ёй на працягу некалькіх гадоў. Ёсць шэраг фатографаў, якія для мяне аўтарытэтныя, і я ўсё задаваўся пытаннем, як жа яны навучыліся так шыкоўна здымаць. Мне падказалі: “Хутчэй за ўсё на пачатку сваёй кар’еры яны здымалі балет”. Я здзівіўся, а пасля пачаў правяраць і высветлілася, што гэтае выказванне — праўда! Чаму так? Верагодна, таму, што танец — надзвычай абстрактнае мастацтва, вельмі тонкае, імгненнае, штохвіліны зменлівае. Я яшчэ да канца не разгадаў тую таямніцу, але адчуваю: для прафесійнага сталення мне неабходна здымаць балет. Спадзяюся, што мне пашчасціць яшчэ не раз спрычыніцца да яго.

Мяне даўно цікавіла творчасць Валянціна Елізар’ева, я знаёмы амаль з усімі яго балетамі. Як вядома, у Вялікім тэатры оперы і балета спектакляў за яго аўтарствам ідзе сёння мала, таму, у асноўным, глядзеў працы ў інтэрнэце. Даведаўся, што Валянцін Мікалаевіч выкладае мастацтва балетмайстра ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — і паспрабаваў напрасіцца да яго на здымкі. Я марыў вучыцца прафесіі непасрэдна на практыцы. Так што гэтая гісторыя на сваім пачатку не прадугледжвала ніякай выставы.

“Зліцца” з фонам, каб стаць асобай

— Было складана. Раз на тыдзень, у панядзелак (у гэты дзень у тэатрах выхадны), у 8 гадзін раніцы да Валянціна Мікалаевіча прыходзяць артысты, якія зараз атрымліваюць прафесію балетмайстра. Першапачаткова не ведаў, што буду там рабіць, таму некалькі дзён проста сядзеў і назіраў. Чакаў тую прыгажосць, якую мы бачым у выніковым варыянце на сцэне, а сустрэўся з цяжкім падрыхтоўчым працэсам. Студэнты ставілі мініяцюры, прафесар дапамагаў удасканаліць зробленае, выправіць памылкі. Напрыклад, будучыя балетмайстры выконваюць падтрымку, а ім адразу называюць недакладнасць у выбары руху ці зазначаюць невыразнасць позы. Працэс спыняецца, усе вяртаюцца на зыходныя пазіцыі і пачынаецца абмеркаванне. Я ішоў фатаграфаваць балет, але ў працэсе адчуў, што павінен здымаць менавіта Валянціна Мікалаевіча. Мне захацелася паказаць яго такім, кім ён з’яўляецца ў дадзены перыяд жыцця: захопленым сваёй справай настаўнікам, запатрабаваным у студэнтаў прафесарам.

Спачатку мая прысутнасць крыху замінала рэпетыцыям. Валянціну Мікалаевічу відавочна было не зусім звыкла бачыць чужога чалавека на сваіх занятках. Пасля я нейкім чынам “зліўся” з мэбляй (усміхаецца) і ўсё стала добра. Я паспрабаваў здымаць больш актыўна, пачало нешта атрымлівацца. А на ўрачыстым адкрыцці выставы Валянцін Мікалаевіч жартаваў, што калі я скончыў сваю працу, то яму нават не хапала мяне на занятках.

Настаўнік і вучань

— Здымачны працэс ішоў з кастрычніка па снежань. Былі складанасці, калі артысты з’язджалі на гастролі. Даводзілася і з гэтага нешта выціскаць. Былі тэхнічныя складанасці, напрыклад, шмат пытанняў выклікала асвятленне, бо вучэбная зала прадугледжвае толькі дзяжурнае святло. У кадр трапіла шмат таленавітых танцоўшчыкаў. Сярод іх вылучаўся пяцікурснік Сяргей Мікель. Напрыканцы красавіка ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбудзецца прэм’ера балета “Вішнёвы сад” — гэта дыпломная праца Сяргея, куратарам якой з’яўляецца спадар Елізар’еў. Мне падалося лагічным звязаць настаўніка і вучня, паказаць іх разам, каб праз кадр адчулася повязь пакаленняў.

Такая праца дала мне надзвычай багаты досвед, і не толькі ў плане ўзаемадзеяння з фотакамерай. Яна ўзбагаціла мой светапогляд: я не толькі шчоўкаў затворам, а яшчэ шмат слухаў, што майстар распавядае пра балет, імкнуўся зразумець сутнасць харэаграфіі. Гэта вельмі гладка клалася на фатаграфію ў прыватнасці і на мастацтва ў цэлым.

Метамарфозы

— Напрыканцы снежня фотаматэрыял быў сабраны. Мой герой — чалавек шматпланавы. На этапе сарціроўкі кадраў я пабачыў лагічны расповед пра Валянціна Мікалаевіча і пра тое, як ён выкладае сваю справу. Я ўручыў тыя здымкі прафесару ў якасці навагодняга падарунка, а таксама паказаў зробленую працу свайму дзеду Сашу Варламаву. Ён і прапанаваў мне паспрабаваць сфарміраваць нейкую экспазіцыю.

Выявы для выставы дапамагаў адбіраць балетмайстар, да якога я сам звярнуўся па параду, што лепш прадставіць. Ён выказаў сваё агульнае меркаванне, я быў вельмі рад, што Валянцін Елізар’еў добразычліва паставіўся да фатаграфій. Шчыра скажу, для мяне галоўнае не выстава і шуміха вакол яе, а тое, што герой фотарасповеду прыняў маю работу.

Калі зайшла размова пра выставу, выявілася нечаканая складанасць. Справа ў тым, што харэаграфічная зала Акадэміі музыкі не была падрыхтаванай да здымачнага працэсу: мы працавалі ў простым памяшканні, іншым разам атрымлівалася не зусім прэзентабельная карцінка на другім плане… Давялося правесці дзве-тры даздымкі, часам шукаць новыя ракурсы, каб скрыць непрыглядныя моманты. Паколькі я пачатковец і яшчэ не ў поўнай меры валодаю спецыяльнымі камп’ютарнымі праграмамі, то звярнуўся па дапамогу да графічнага дызайнера Ганны Залатарэвіч, каб падрыхтаваць матэрыял да друку.

Аўтарам праекта выставы пагадзіўся стаць мой дзед, таму яна атрымалася такой стыльнай, лагічнай і разумнай. Зыходзячы з плана галерэі “Універсітэт культуры”, мы фарміравалі напаўненне экспазіцыі. У выніку атрымаўся расповед працягласцю ў 54 кадры. У канцэпцыю праекта адразу былі ўключаны афішы спектакляў Валянціна Елізар’ева, праз якія ідзе глядач да ўласна фатаграфій. І, канешне, мы першапачаткова задумалі раздрукаваць кадры вялікім памерам, каб людзям было зручна разглядаць іх. Калі дазваляюць тэхнічныя магчымасці, чаму не зрабіць відовішчна? Гэта сучасна і стварае ўражанне.

Мне вельмі пашчасціла: разумею, што не кожнаму першакурсніку выпадае выступіць з буйной выставай, ды яшчэ калі ў цэнтры яе постаць выбітнага чалавека. Я ў працэсе набіраўся вопыту. Магу сказаць, што ўжо сёння ў падобнай фотасесіі зрабіў бы шмат што інакш. Я імкнуся развівацца далей, мне патрэбны досвед, а для гэтага трэба глядзець, чытаць, слухаць. Я хачу стаць прафесіяналам, а для гэтага неабходна працягваць вучыцца фатаграфаваць, каб з толкам выкарыстаць шанс, які мне на самым пачатку падараваў лёс.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"