Парабалічны компас лёсу

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Неапублікаванае пра Сяргея Селіханава
У сённяшнім нумары “К” гаворка пойдзе пра першага настаўніка Селіханава ў галіне скульптуры — Гаўрылу Шульца, і пра тое, як фарміраваўся творчы склад маладога Сяргея Селіханава ў апошнія мірныя гады напярэдадні Вялікай Айчыннай… Той вайны, якая стане для яго асноватворнай і ўсхваляванай тэмай будучых скульптурных кампазіцый, партрэтаў і яскравых помнікаў, створаных на тэрыторыі Беларусі і горада Мінска.

/i/content/pi/cult/633/14057/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 12 — 13.)

Сяргей Селіханаў распавядаў: “Уласна кажучы, Гаўрыла Аляксандравіч Шульц у мяне не быў афіцыйным настаўнікам, бо ён пайшоў з тэхнікума яшчэ да майго прыезду ў Віцебск. З’ехаў у Ленінград, паступіў у аспірантуру Акадэміі мастацтваў у майстэрню вядомага Аляксандра Мацвеева, але рэгулярна і адносна надоўга прыязджаў у Віцебск і працягваў весці ў нашым вучылішчы заняткі для ахвотных навучыцца лепцы. Але такіх вучняў у пачатку 1930-х заставалася зусім мала: я, Сяргей Адашкевіч, Акім Курачкін і хтосьці яшчэ. Карацей, справа ішла да таго, каб скульптура ў выніку чарговай перабудовы, пасля ад’езду Керзіна ў Мінск, знікла наогул, як трошкі раней знікла керамічнае аддзяленне, заснаванае Мікалаем Пракопавічам Міхалапам. Калі не памыляюся, ужо ў 1938-м не было атэставана ніводнага выпускніка-скульптара. Тым не менш, будучыня мяне не пужала: пасля доўгіх роздумаў і размоў з Шульцам я палічыў, што менавіта скульптура, а не жывапіс — усё ж маё сапраўднае пакліканне, якому я павінен служыць верай і праўдай. Дык вось, дырэкцыя вучылішча ахвотна дазволіла ленінградскаму аспіранту Шульцу за мізэрны заробак тры разы на тыдзень, у час яго віцебскіх “канікулаў-адгулаў”, займацца з намі. Сам Гаўрыла Аляксандравіч (бацька ў яго быў рускі, выдатны спецыяліст па фаўне, маці — ці то шведка, ці то нарвежка) дзяцінства правёў у Беларусі, а пасля ваеннай службы ў канцы 1920-х Керзін запрасіў яго, выхаванца Адэскага мастацкага інстытута і ВХУТЕМАСа, на выкладчыцкую работу ў віцебскі тэхнікум. Такім чынам, лічу яго сваім першым настаўнікам у галіне скульптурнай пластыкі. Асабліва цаніў ён творчасць тады мала вядомага нам імпрэсіяніста Паўла Трубяцкога, аўтара знакамітага помніка Аляксандру III у Пецярбурзе, і гэтую сваю любоў імкнуўся ўсяліць і ў маю мяккую, як пластылін, юнацкую душу. “Пластыка — гэта закон дыялектыкі пра ўсеагульныя сувязі і ўзаемасувязі ў прымяненні да форм чалавечага цела, — казаў Шульц. — Лёгка дакладна скапіраваць мадэль. Я ўжо і падзабыў, як гэта робіцца, а вока ж было што трэба: за малюнак старажытна-рымскага патрыёта-юнака Муцыя Сцаволы яшчэ ў Адэсе мне медаль уручыў сам кіраўнік скульптурных класаў інстытута Пётр Веніямінавіч Мітковіцар. Памятай, Сярожа, у скульптара мільён пунктаў гледжання. І з кожнага такога пункта форма павінна быць жывой, арганічна звязанай з суседнімі формамі. Вялікі Энгр не выпадкова параўнаваў малюнак з кошыкам: выцягні пруцік — і ўвесь кошык разваліцца…” Я назаўсёды запомніў гэта. Дарэчы, у Шульца пазней, ужо ў Акадэміі, прайшлі школу мае знакамітыя равеснікі — Міхаіл Анікушын, Леў Кербель і Мікалай Нікагасян… Апошні раз я сустрэўся з Шульцам пасля вайны ў Маскве, калі я там у пачатку 1950-х ляпіў скульптурную фігуру рускага вучонага-фізіка Аляксандра Сталетава для Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава. Некалькі гадзін мы правялі ў рэстаране пры гасцініцы “Якар”, дзе, дарэчы, пазнаёміліся з былой мінскай падпольшчыцай Аленай Мазанік і яе сястрой Валянцінай, якія жылі там пасля вайны; згадвалі віцебскія гады нашага жыцця, сваіх сяброў і таварышаў, жывых і загінулых… Тады Гаўрыла Аляксандравіч быў даволі вядомым савецкім скульптарам, аўтарам шматлікіх манументальна-дэкаратыўных рэчаў і партрэтаў, выкладаў у Вышэйшым мастацка-прамысловым вучылішчы (былой Строганаўцы)…”

Лёсы былых студэнтаў-віцябчан і іх педагогаў склаліся па-рознаму. Хтосьці ў далейшым стаў народным мастаком, хтосьці — заслужаным дзеячам мастацтваў, лаўрэатам шэрагу прэмій, кавалерам ордэнаў і ўладальнікам іншых высокіх узнагарод. Сярод іх — выдатныя педагогі і грамадскія дзеячы, удзельнікі Вялікай Айчыннай: франтавікі, партызаны і падпольшчыкі. Каля двух дзясяткаў майстроў склалі свае галовы ў баях за Радзіму ці загінулі ў канцлагерах і гета. Ёсць асобы — моцныя духам, паспяховыя будаўнікі ўласнага лёсу, і ёсць людзі — з драматычнымі біяграфіямі, паламанымі бытавымі жыццёвымі нягодамі. Іншыя проста растварыліся ў тумане нябыту. Але, так ці інакш, усіх іх аб’ядноўвала галоўнае: любоў да мастацтва: для адных — узаемная, для іншых  — без адказу. І такое бывала…

Але мы, асабліва мастацтвазнаўцы, гісторыкі мастацтва і культуролагі, павінны ведаць усіх. Ведаць, памятаць і па меры магчымасці вяртаць у гісторыю айчыннай культуры імёны тых, хто сёння аказаўся паўзабытым ці наогул забытым. Дзіўна, але нават пра народнага мастака краіны Сяргея Селіханава і пры яго жыцці, і пасля смерці, і сёння — праз немалы адрэзак часу — мала што можна прачытаць. Так, ёсць невялічкая, даволі сухаватая і схематычная манаграфія віцебскага мастацтвазнаўцы Анатоля Кавалёва, якая выйшла ў 1978 годзе. Але хто яе ўжо памятае нават са спецыялістаў? Ёсць і мемарыяльная дошка ў Мінску на доме 1730 па праспекце Незалежнасці, дзе Селіханаў жыў. І хто ведае, напрыклад, што ён, акрамя сааўтарства ў хатынскім мемарыяле, — аўтар серыі ўнікальных партрэтаў і кампазіцый, зробленых у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, дзе ён у 1950-я правёў тры месяцы ў творчай паездцы (дарэчы, Селіханаў быў апошнім, хто вылепіў з натуры партрэт выдатнага старога мастака Кітая Ці Байшы за некалькі месяцаў да яго смерці?). А яшчэ ён спраектаваў помнікі і Канстанціну Заслонаву ў Оршы, і піянеру-герою Марату Казею ў скверы каля Вялікага тэатра ў Мінску, і братам Міхаілу і Івану Цубам на Старобіншчыне, і помнік партызанцы і падпольшчыцы Люсі Чалоўскай у Барысаве. Ён быў сааўтарам парадна-велізарнага манумента Іосіфу Сталіну на Цэнтральнай — цяпер Кастрычніцкай — плошчы ў Мінску, скульптурнай часткі помніка-манумента Перамогі ў беларускай сталіцы (барэльеф “Савецкая Армія ў Вялікай Айчыннай вайне”), не кажучы пра яго найбагацейшую спадчыну ў скульптуры станковай…

З горыччу згадваю, як пасля смерці мастака нейкі час пад лесвіцай у будынку Мінскага мастацка-вытворчага камбіната сіратліва валяліся некаторыя яго гіпсавыя творы, кімсьці беспардонна выкінутыя з яго былой майстэрні. Такія злачынствы (а як гэта яшчэ можна назваць?) адбываліся і з іншымі скульптарамі-нябожчыкамі, напрыклад, з Віктарам Гросам, Сяргеем Ізуновым, Уладзімірам Хмызнікавым… Але гэта ўжо іншая гісторыя нашага культурнага жыцця савецкіх часоў, якую ўжо мала хто памятае.

Але вернемся на дзесяцігоддзе назад. Такім чынам, Віцебск, ліпень 1937 года. Вучылішча — у мінулым. Для Сяргея прыйшоў час кахання і потым жаніцьбы з дзяўчынай Раісай. Аднак жыццё паставіла пытанне рубам: што далей? Ехаць працягваць навучанне ў Ленінградзе ці ў Маскве, як гэта зрабілі яго некаторыя старэйшыя калегі па разцы, частка якіх пасля вучобы вярнулася ў Мінск, каб з дапамогай манументальнага разца “строить и месть в сплошной лихорадке буден”? Ці заставацца ў Віцебску разам з сям’ёй і зарабляць грошы на мастацка-афармляльніцкай рабоце, якой было шмат? Ну а паралельна штосьці ляпіць з гліны “для душы”, маўляў, там час пакажа… Але не: разумныя галовы яму параілі з такім дарам скульптара ехаць менавіта ў Мінск, дзе з удзелам скульптараў і архітэктараў разгортвалася шырокамаштабная работа па рэалізацыі “вечна жывога”, незабытага “ленінскага плана манументальнай прапаганды”.

Працяг —  у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"