Адкрытая арэна

№ 14 (1297) 08.04.2017 - 14.04.2017 г

Мінск чакае цыркавы форум
Калі тры з нечым гады таму Вітаўтас ГРЫГАЛЮНАС прыйшоў на працу ў Беларускі дзяржаўны цырк на пасаду яго мастацкага кiраўнiка, адну са сваіх задач на перспектыву ён бачыў у тым, каб стварыць у краіне маштабны цыркавы форум,. Пяцігодкі для ажыццяўлення гэтай мары не спатрэбілася: ужо ў верасні ў сталіцы пройдзе Першы Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва (да 950-годдзя горада).

/i/content/pi/cult/632/14052/2-1.jpgНа сёння ў аргкамітэт фэсту паступіла больш за сто заявак з розных куткоў Зямлі, і прыём іх працягнецца да 1 ліпеня, пасля чаго канчатковы спіс удзельнікаў і складзецца. Да паказу плануецца больш за дваццаць нумароў розных жанраў (зараз на адно месца прэтэндуе шэсць канкурсантаў). Спаборнічаць паміж сабой артысты будуць тры дні: 21 верасня (праграма А), 22-га (Б) і 23-га (паўторныя выступы з абедзвюх частак). 24 верасня адбудзецца гала-прадстаўленне і ўзнагароджанне пераможцаў.

Пра нюансы імпрэзы мы і гутарылі з мастацкім кіраўніком і галоўным рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага цырка.

— Імёнаў і прозвішчаў суддзяў пакуль не назаву, але, паверце, яны знаёмыя ва ўсім цыркавым свеце. Гэта што да прафесійнага журы. Але будуць яшчэ грамадскае i дзіцячае. У першае ўвойдуць публічныя асобы. Другое ў кожны з конкурсных дзён мяркуецца рабіць новым. Скажам, гэта могуць быць выхаванцы аднаго з дзіцячых дамоў або навучэнцы адной з агульнаадукацыйных школ. У грамадскага журы будзе свой прыз — глядацкіх сімпатый, у дзіцячага — свой.

Але галоўных герояў выберуць прафесіяналы. Якімі крытэрыямі павінны кіравацца сябры журы? Складанасць і чысціня выканання трукаў, пастаноўка нумара (рэжысура, музычнае афармленне, харэаграфія), артыстызм, эстэтызм, арыгінальнасць.

Пераможцу, “сярэбранага” і “бронзавага” медалістаў узнагародзяць статуэткамі, эскізы якіх яшчэ знаходзяцца ў працы. Не выключана, што хтосьці атрымае Гран-пры — калі ўсе тры журы вызначаць лепшым той жа нумар.

— А канцэпцыя фэсту?

— Мы вызначаем яго як своеасаблівыя Алімпійскія гульні, на якіх будуць прадстаўлены ўсе кантыненты (за выключэннем Антарктыды). Удзельнікі — сплаў вопыту і маладосці. Іх нумары — як вядомыя ва ўсім свеце, так і прэм’ерныя, падрыхтаваныя адмыслова. (Сярод “забойных” адзначу нумары сусветнай “зоркі”, дрэсіроўшчыка драпежнікаў егіпцяніна Хамаду Кута і латвійскага ўдзельніка з дрэсіраванымі... галубамі — гэта фантастыка!) Вядома, хацелася б, каб яны неслі ў сабе нацыянальныя рысы, але такога ў цяперашнім цыркавым мастацтве не так шмат (на перадавых пазіцыях тут Паўночная Карэя, Кітай, у Эфіопіі ёсць каларыт): глабалізацыя, “дзюсалеiзацыя” закранула і цырк. Але ў нашых артыстаў нешта такое будзе.

Па квотах. Расіі адведзена чатыры месцы, па тры — Беларусі і Украіне, шэсць — Еўропе, чатыры — Азіі, два — Афрыцы, па адным — Аўстраліі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы. Нумары падзеленыя на чатыры групы: паветраныя, сольныя, групавыя, з жывёламі. Сярод жанраў — гімнасты на трапецыі, акрабаты на падкідной дошцы, з першам...

Хто пастаіць за беларускі цырк — яшчэ невядома. У Белдзяржцырку “напружылі” ўсіх, і артысты на ўсю моц рыхтуюцца (пры гэтым і штодзённую працу ніхто не адмяняў). Рэпеціруюць ранейшыя трукі, але пабудова нумароў у цэлым, касцюмы для канкурсантаў абновяцца. Вызначаць іх, папярэдне разгледзеўшы заяўкі ды прагледзеўшы нумары, да сярэдзіны чэрвеня. Сорамна за нашых не будзе — абяцаю!

— Прабачце за пытанне: а навошта Беларусі патрэбны такі фэст?..

— Па-першае, таму, што цырк беларусы любяць, пра што сведчаць практычна пастаянныя аншлагі. І фестываль будзе не толькі прафесійным аглядам, але і падарункам для гледачоў. Па-другое, мы жывем у сусветнай супольнасці, якая ў апошнія гады ўсё больш прызнае наш цырк. І форум, калі мы правядзем яго на належнай вышыні, калі імёны артыстаў, што выступяць на ім, стануць звязваць яшчэ і з нашым цыркам, павінен сыграць значную ролю ў яго папулярызацыі, умацаванні пазіцый у той самай супольнасці. Урэшце, пра нашу краіну даведаюцца, загавораць яшчэ і ў такім кантэксце. Па-трэцяе, фестываль гэты неабходны нашым самадзейным цыркавым артыстам, цыркавым студыям, якіх, дарэчы, у Беларусі дастаткова шмат (і некаторыя з іх вельмі прыстойнага класа): у якасці навучальнага дапаможніка, узору таго, да чаго варта імкнуцца. Ды і, можа, хто-небудзь з маладых людзей з ліку гледачоў, што трапяць на форум, захоча паспрабаваць сябе ў гэтым відзе мастацтва.

Між іншым, усе замежныя артысты, якія выступалі на манежы Белдзяржцырка, пыталіся ў яго кіраўніцтва: “Чаму, маючы такі цудоўны будынак, прыстасаваны пад пастаноўкі любога ўзроўню складанасці, самае сучаснае абсталяванне, тэхналогіі, вы не праводзіце ў ім міжнародныя фестывалі?”

Аднак вось парадокс — тыя самыя беларускія дарослыя студыйцы пакуль ні адной заяўкі не падалi! Спадар Грыгалюнас, не адмаўляючыся ад сваіх слоў па іх адрасе, мяркуе, што яны, перш за ўсё, “заточаны” на замежныя выступы. Але як пра справу амаль вырашаную (цьфу-цьфу-цьфу) кажа пра тое, што мінскі форум плануецца чаргаваць з дзіцяча-юнацкім такога ж профілю і статусу. Дэбютаваць ён можа налета (цьфу-цьфу-цьфу зноў) — у раёне Міжнароднага дня абароны дзяцей.

Пра тое, чым беларускі фэст будзе адрознівацца ад сваіх “замежных сваякоў” (у тым ліку знакавых), Вітаўтас Альгердавіч разважае пакуль асцярожна, маўляў, “пошукі і вызначэнне “разыначкi” пачнем пасля таго, як набярэмся вопыту, бесперабойна запрацуе механізм і выканаем галоўнае — пабудуем карабель, аснову, касцяк фестывалю. Абсталёўваць яго эксклюзівам, незвычайным, фірмовым, будзем па меры развіцця”. Але, напрыклад, на наступных форумах павінна знайсціся месца для майстар-класаў, імправізацыйных “джэм-сэйшнаў”.

— Фестываль мяркуе капіталаўкладанні...

— Так, сур’ёзныя. З гарадскога бюджэту і бюджэту цырка вылучаюцца грошы на пражыванне і харчаванне гасцей (парадку васьмідзесяці канкурсантаў плюс іх дваццаць пяць асістэнтаў), дарожныя выдаткі, транспарціроўку рэквізіту, абсталявання і жывёл, корм для звяроў, афармленне неабходных дакументаў (у тым ліку мытных). Спадзяюся, дапамогуць і спонсары: калі не фінансамі, то спецыяльнымі прызамі.

Фінальнай урачыстасцю форум не завершыцца! Працягам стане праграма “Шоу пераможцаў” з удзелам яго лаўрэатаў, якая будзе ісці ў мінскім цырку да снежня. Наогул, усім канкурсантам прапануюць на працягу трох гадоў заключыць кантракт, згодна з якім яны ў любы зручны для іх час змогуць выступіць у Белдзяржцырку. Так што толькі падвядзеннем вынікаў “спаборніцтва” Першы Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва сапраўды не скончыцца.

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"