Ці толькі ў пандусе справа?

№ 14 (1297) 08.04.2017 - 14.04.2017 г

Анімацыя як рэабілітацыя душы
Патэлефанаваў у некалькі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў, пацікавіўся, ці ёсць у работнікаў культуры банк даных па інвалідах-калясачніках, людзях з праблемамі слыху і зроку. Шчыра скажу: зразумелі мяне не адразу. Перайшоў на бюракратычную мову і паспрабаваў давесці, што інваліды — таксама падпадаюць у прастору культурнага абслугоўвання, прычым не раз на год у адмысловы дзень. І наяўнасць пандусаў не зняла цалкам праблему безбар’ернай культурнай прасторы. У адказ мяне запэўнілі, што ў пэўных аматарскіх аб’яднаннях ёсць і людзі з фізічнымі абмежаваннямі здароўя.

/i/content/pi/cult/632/14049/11-2.jpgАднойчы на Гомельшчыне, ля аднаго з сельскіх клубаў, мы бачылі калясачніка, якога суправаджалі двое сяброў. І пандус там быў, але хлопцы вазок з таварышам занеслі ў клуб на сваіх руках. Яскравая ілюстрацыя да сённяшняга матэрыялу, які прысвечаны гэтым разам анімацыі як тэхналогіі культурна-дасугавай дзейнасці. Тэму дапамагалі раскрыць выкладчыкі кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Макарава, Анжаліка Калашнікава, Святлана Майсейчук ды Ірына Смарговіч.

“Ажывіць” чалавека

“Анімацыя” — гэта адухаўленне. Нездарма напрошваецца асацыяцыя з медыцынскім найменнем “рэанімацыя”. У нашым выпадку маецца на ўвазе ўзнаўленне фізічных, псіхічных, эмацыйных і духоўных сіл чалавека. Аксіёма для работніка культуры — галоўнае прыкладанне сіл павінна быць скіравана ў сферы дасугу на ажыўленне ўнутранага свету і сацыяльных сувязяў наведвальніка клуба, бібліятэкі, музея… Бум сацыяльна-культурнай анімацыі пачаўся ў 1950 — 1960-я гады ў Францыі, у час, калі ў моладзі абудзіўся бунтарскі дух. Але не будзем пра Францыю. Сваіх праблем хапае. Глядзіце, колькі суіцыдаў сярод моладзі. А міграцыйныя працэсы і сацыяльная рэабілітацыя перасяленцаў? А наступствы вайны ў Афганістане? А культурнае абслугоўванне людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі? Мы пастаянна згадваем пра неадкладную патрэбу ў крытэрыях ацэнкі культурнай дзейнасці.

Дык вось, запланаваная рэалізацыя таго ці іншага сцэнарыя ў лік такіх крытэрыяў не падпадае. Галоўная мэта — анімацыйны эфект, эмацыйны ўздым спажыўца культуры, ягоны катарсіс, калі жадаеце. І ацэнкай тут будзе не столькі гучнасць апладысментаў, колькі канкрэтная ды навуковая маніторынгавая фіксацыя рэфлексій (інтэрпрэтатыўны наратыўны аналіз). Безумоўна, гэтаму трэба вучыцца.

Вернемся да пачатку артыкула. Калі ў аддзелах ІРКСМ не ведаюць колькасць інвалідаў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, перасяленцаў, значыць і ўвага да іх — адпаведная. Неаспрэчна і тое, што работнік культуры адзін такую ношку не пацягне. Гаворка пра шчыльнае партнёрства — з сацыяльнымі, медыцынскімі, іншымі рай- і аблвыканкамаўскімі службамі. Я магу памыліцца, але сістэмны анімацыйны падыход мае месца быць толькі ў дачыненні да жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак. Першынство тут належыць культуры Магілёўшчыны, якая наладзіла працу аўтаклубаў, кінаперасовак і бібліёбусаў і стала прыкладам для іншых абласцей.

Тэатр для… сляпых

Катарсісу ды ачышчэння чалавек дасягае, калі, кантактуючы з мастацтвам, ён узнімаецца над уласнымі рэакцыямі і разважае на ўзроўні абагульненых катэгорый. Эпізадычная анімацыя не дае такой трансфармацыі. Патрэбна сістэмная праца з дня ў дзень, з году ў год. Тады мерапрыемствы стануць анімацыйнымі, чытай — выніковымі. Зыходзячы з гэтага як можна ацаніць сённяшняе тэлебачанне, скажам, канал “НТБ”? Правільна: жах! Нездарма ў многіх маіх знаёмых прынцыпова няма тэлевізара…

Але не будзем пра жахлівае. Вернемся да праблемнага. Як вярнуць у соцыум, да прыкладу, чалавека з абмежаванымі магчымасцямі? На дапамогу можа прыйсці інклюзіўны тэатр, калі людзі з адхіленнямі здароўя займаюцца творчасцю разам са здаровымі. У Расіі ёсць імерсіўныя тэатры лялек для сляпых (імерсіўнасць — пагружэнне), якія могуць усё памацаць. Прычым поруч з такімі наведвальнікамі ў зале прысутнічаюць і іншыя гледачы, але — з завязанымі вачыма. Эфект ад такой анімацыі — неверагодны! Падобныя тэатры пачынаюць узнікаць і ў нашай сталіцы. Але ці ёсць падобныя планы ў нашых раённых аддзелаў. Я, прынамсі, пакуль не чуў.

Студэнты-валанцёры БДУКіМ прапанавалі канструкцыю вазка (глядзіце малюнкі), які трансфармуецца ў мабільную батлейку. Калясачнік становіцца чалавекам-тэатрам — адпаведна, аніматарам для сябе і сваіх таварышаў. Шмат можна казаць і пра тое, што былыя выпускнікі Універсітэта культуры і мастацтваў займаюцца рэабілітацыяй калясачнікаў, якія займаюцца спартыўнымі бальнымі танцамі, ствараюць адпаведныя фонды. Але зноў-такі — гаворка пра Мінск, а не пра нашы раёны, не пра абласныя метадычныя цэнтры. Калі я памыляюся, калі ласка, папраўце мяне.

Якая ты, клубная / бібліятэчная работа?

Вельмі простая ісціна: клуб — гэта заўжды супольнасць. І для такой дзейнасці іншым разам зусім непатрэбны фізічны дах. Неаднаразова бачыў адпаведныя шчыраванні ў касцёлах і манастырах, на замкавых рэштках і ў адрэстаўраваных палацах, у шпіталях і дамах для састарэлых. Але, паўтаруся, не стае тут сістэмнасці. Давайце яшчэ раз вызначымся з прыярытэтамі клубнай / бібліятэчнай работы. Першы: задавальненне культурных патрэбаў. Другі: вырашэнне сацыяльных праблем (экалогія, сіндром “адзіноты ў натоўпе”, асаблівасці фізічнага развіцця, няпоўная сям’я, цяжкія падлеткі, закаранелае халасцяцтва). Першае павінна быць знітавана з другім. Але ці так гэта насамрэч? А менавіта тут, як паказвае сусветная практыка, эфектыўна спрацоўваюць фандрайзінг, дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Урэшце, выратаванне грамадства — справа грамады.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"