Таямніца Міцкевіча па мячы

№ 14 (1297) 08.04.2017 - 14.04.2017 г

“Піраты Наваградчыны” vs. продкі паэта
Нядаўна “К” завяршыла публікацыю цыкла артыкулаў, прысвечаных аднаму з самых спрэчных пытанняў генеалогіі Адама Міцкевіча, а менавіта — паходжанню маці паэта. Былі ўпершыню прадстаўлены дакументы, сярод якіх метрыка хросту Барбары і яе сястры-блізняткі з Маеўскіх. Гэтым разам асветлім некаторыя “зацемненыя” месцы радаводу паэта па мячы, то бок саміх Міцкевічаў. Аўтар і сам не чакаў таго, у які гістарычны вадакрут ён патрапіць...

/i/content/pi/cult/632/14047/15-1.jpgГістарычная даведка

Каб чытачу было прасцей арыентавацца ў напластаванні імёнаў, датаў, падзей, якія неўзабаве разгорнуцца, даем даведку па радаводзе паэта. Адам быў сынам Мікалая-Караля і Барбары з Маеўскіх Міцкевічаў. Што да радаводу маці, то адсылаем чытача да нашых папярэдніх артыкулаў (“К” №№ 8,11 за 2016 год і № 6 за 2017 год). Мікалай, сын Якуба і Тадоры з Пянкальскіх, быў унукам Яна і Марыяны з Лешчылоўскіх Міцкевічаў. Ці быў Ян сынам Крыштафа і Крысціны з Закрэўскіх, унукам Валянтына Міцкевіча, як сцвярджалі самі Міцкевічы, на дадзены момант з дакладнасцю адказаць немагчыма. Дадам, што генеалогія да Крыштафа пацверджана судовымі дакументамі і можа лічыцца дакладнай.

Чатыры тысячы пасагу

Але так было не заўсёды, асабліва ў той частцы радаводу, што тычыцца маці Мікалая Міцкевіча, Тадоры з Пянкальскіх. 140 гадоў (ад 1861-га), ад першай згадкі спадарыні Пянкальскай на старонках літаратуры, прысвечанай яе нашчадку Адаму Міцкевічу, ніхто не меў і ценю сумневу ў тым, што яна была роднай бабкай паэта. І толькі ў наш час знайшліся тыя, хто засумняваўся ў словах аўтарытэтных міцкевічазнаўцаў.

У пачатку 1861 года ў “Кур’еры Віленскім”, які тады рэдагаваў этнограф, публіцыст Адам Кіркор (1818 — 1886), а да яго цягам 20 гадоў былы філамат, сябра Міцкевіча, паэт Антон-Эдуард Адынец (1804 — 1885), выйшаў нарыс “Некалькі падрабязнасцяў пра сям’ю, месца нараджэння, маладосць Адама Міцкевіча”. Аўтарам яго быў літаратар Вінцэсь Каратынскі (1831 — 1891). Напісаны нарыс на падставе сабраных дакументаў (метрычныя запісы, школьны табель Адама і іншыя). Працытуем найбольш цікавы для нас урывак у перакладзе Уладзіміра Мархеля: “Якуб, родны дзед паэта, хоць і непісьменны, павінен быў мець не абы-якія душэўныя і разумовыя вартасці, калі змог заваяваць каханне і руку заможнай панны Тадоры Пянкальскай, якая прынесла яму ў дом 4000 злотых пасагу і, акрамя таго, каштоўнасці, сярод якіх былі і пярсцёнак з сямю дыяментамі, і бранзалетка, пранізаная рубінавымі перламі, і сталовае срэбра”.

Справы Наваградскага гродскага суда, на жаль, не зафіксавалі “разумовыя вартасці” Якуба. Суддзяў больш цікавілі канкрэтныя крымінальныя здарэнні, у якіх адзначыўся дзед паэта.

Вось адзін з эпізодаў ягоных прыгодаў. У 1759 годзе супраць Яна, стольніка наваградска-сіверскага і Станіслава Буйноўскіх, Якуба Гарбатоўскага, Якуба Міцкевіча, Станіслава Сапліцы і іншых дабрадзеяў, слуг і чэлядзі быў пачаты працэс з боку Антона і Рэміяна Гарбатоўскіх за злосны напад на маёнтак Гарбатоўскіх. Такія спосабы вырашэння канфліктных сітуацый, калі “пакрыўджаны” збіраў сяброў, слуг, сялянаў і жорстка помсціў крыўдзіцелю, у тыя часы былі досыць распаўсюджанымі, бо сілаў аховы парадку тады ў Вялікім Княстве Літоўскім не было. Прычым разабрацца ў тым, хто ж там быў сапраўды вінаваты, — неверагодна цяжкая справа. Бо ў тыя часы шмат што вырашаў “адміністратыўны рэсурс”, “доўгая рука”, “кука ў руку”. І дрэнна было таму, хто меў “доўгую руку” карацейшага памеру…

Дарэчы, і на Міцкевічаў суседзі таксама хадзілі “вайной”. Напрыклад, маці Якуба, Марыяна з Лешчылоўскіх, у 1757 годзе працэсавала з Сапліцамі за тое, што тыя, наехаўшы на двор безабароннае ўдавы, звялі з яго 5 валоў (коштам 14 бітых талераў) і на першым жа кірмашы ў Гарадзішчах прадалі іх. У дадзеным выпадку суд стаў на бок удавы і “піраты Наваградчыны” вымушаны былі вярнуць Міцкевічам грошы з гакам.

Не зусім зразумела, чым прывабіў Тадору Пянкальскую (1740 — ?) Якуб Міцкевіч — доўгімі вусамі ці зухаватай постаццю. А мо прычыны былі больш празаічнымі... Галоўным жа з’яўляецца, што пасля Каратынскага, хто ні браўся б за радавод Міцкевіча, абавязкова згадвалі “4000 злотых і пярсцёнак з сямю дыяментамі” — маркер паходжання крыніцы звестак.

Цікавым з’яўляецца тое, што цалкам згоднымі са звесткамі Каратынскага былі старэйшы брат Адама Францішак (1796—1862), паручык у шэрагах паўстання 1830—1831 гадоў, які прывёў прозвішча бабкі і “4000 злотых пасагу” ў сваіх успамінах (надрукаваны толькі ў 1926-м), а таксама сын паэта Уладыслаў. Клопатам апошняга дакументы Міцкевічаў, знойдзеныя Каратынскім, цалкам былі надрукаваныя ў 1885 годзе, прычым імя бабкі абыдзена ўвагай. Толькі ў сваім чатырохтомніку Уладыслаў Міцкевіч згадаў спадарыню Тадору Пянкальскую і “4000 злотых” (1895).

Пётр Сяменьскі, адзін з піянераў “міцкевічазнаўства”, у 1886-м выдаў працу “Адам Міцкевіч. Біяграфічна-літарацкі нарыс”, дзе літаральна слова ў слова паўтарыў сказанае Каратынскім. Тодар Вярбоўскі, які пачаў збіраць інфармацыю для сваёй кнігі “З даследванняў пра Міцкевіча і ягоныя творы” (1916) яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя, таксама не сумняваўся ў Пянкальскіх, як і адзін з найгрунтоўнейшых даследчыкаў міцкевічыяны, віленскі архівіст беларускага паходжання Яўзэбіюш Лапацінскі. Сваім шэрагам артыкулаў 1931 — 1932 гадоў ён не толькі распавёў вельмі цікавыя падрабязнасці аб продках паэта, але і ўпершыню аспрэчыў на падставе дакументаў наваградскіх судоў “агульнапрызнаную” (у пэўных колах) версію паходжання маці паэта ад “неафітаў”. Нягледзячы на новае слова ў “міцкевічазнаўстве”, здабыткі спадара Лапацінскага былі адразу і глыбока пахаваны антаганістамі. Калі не памыляюся, толькі ў 1994 годзе іх “уваскрасіў” польскі эсэіст Рымкевіч. Пералічаць іншых апалагетаў “4000 злотых” ХІХ—ХХІ стагоддзяў не мае сэнсу, бо гэта ўсе, хто пазней за Каратынскага стаў на шлях пазнання. Але я забег наперад. Слова сумневам! Слова сучаснікам!

У вывадзе не згадана

Менавіта такімі словамі завяршаецца артыкул “Радаводная справа шляхецкага роду Міцкевічаў” гісторыка Сяргея Рыбчонка, змешчаны на інтэрнэт-партале Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. У іншай публікацыі, “Да радаводу Адама Міцкевіча” таго ж аўтара, у прадмове сцвярджаецца наступнае: “Мікалай назваў усіх жонак па генеалогіі, апроч свае маці”. А ў самім артыкуле, падаючы звесткі пра жонку Якуба Міцкевіча, Рыбчонак замест звестак пра яе пакідае “N” (тобок невядомая). У зносках даецца наступнае тлумачэнне: “Літаратура называе яе Тэадорай Пянкальскай. Вывад ад 1804 года жонку Якуба не называе. Намі адшуканы толькі адзін дакумент: 3 сакавіка 1798 года — “актыкацыя” рэестра рухомасці спадчынай па маці на панну Тэадору Пянкальскую, дачку”. Рэестр складзены 25 лютага 1751 года”. Падобна, што гэтыя звесткі малакрытычныя. У любым выпадку, намі не адшукана ніякіх незалежных дакументаў, што б пацвердзілі сувязь нашых Міцкевічаў з якімі-небудзь Пянкальскімі”, — зазначае Рыбчонак.

Тут трэба зрабіць невялічкае адступленне. Згаданы вывад 1804 года абавязаны сваім узнікненнем палітыцы расійскага ўраду, які пасля далучэння земляў ВКЛ (праз тры падзелы Рэчы Паспалітай у 1772, 1793, 1795 гадах) правёў гэтак званыя “разборы шляхты”. У выніку іх большасць дробнай беларускай шляхты пазбавілася шляхецтва і была пераведзена ў іншыя станы (сялянаў, мяшчанаў). Спробы вярнуць сабе страчаны гонар не заўсёды дасягалі пастаўленай мэты. Напрыклад, тыя ж Міцкевічы так і не былі канчаткова зацверджаны ў шляхецтве, аб чым сведчыць “сіняя вокладка” іх справы, якая захоўваецца ў НГАБ. Магчыма, каб яны звярнуліся да Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго калегаў па “цэху” падробкі шляхецкіх прывілеяў, вынік быў бы іншым, але лёс “звёў” класікаў літаратуры пазней і іншым чынам: першы пераклад “Пана Тадэвуша” на беларускую мову быў зроблены менавіта Марцінкевічам, але наклад таго выдання знішчылі царскія чыноўнікі.

Для нашага даследавання істотным з’яўляецца адсутнасць згадкі Тадоры Пянкальскай у доказе свайго шляхецкага паходжання, якое ў 1804 годзе прадаставіў Мікалай Міцкевіч. Спадзявацца, што ён забыў імя маці, не выпадала. Значыць, тут была або памылка, або таямніца, або нешта іншае. Цяпер жа вернемся на два крокі назад.

“Устаць, суд ідзе!”

Спадар Вярбоўскі, рыхтуючы сваё выданне, інтуітыўна адчуваючы, дзе можна адшукаць генеалагічныя дакументы, у 1898 годзе звярнуўся да старшыны акруговага менскага суда Пятра Купчынскага з просьбай пашукаць іх у справах Наваградскага гродскага суда. Старшыня перадаручыў справу пошуку судоваму архівісту Браніславу Брэсцкаму, які, знайшоўшы дакумент, выдаў яго ў юбілейным нумары пецярбургскай газеты “Край” за 24 снежня да 100-годдзя з дня нараджэння Міцкевіча. Зразумела, падаўшы як уласнае адкрыццё. Маецца ў публікацыі памылка: Замест “z Leszczylowskich Mickiewiczom” спрытны архівіст Брэсцкі напісаў “z Lieszczylowskiej Marcinkiewiczom”, чым, відаць, здзівіў міцкевічазнаўцаў.

Ужо пасля выхаду газеты пан Купчынскі адаслаў пану Вярбоўскаму копію дакумента ў лісце, датаваным 29 снежня 1798 года. Складаецца папера з двух пунктаў. У першым — “вывад фаміліі ўраджоных Міцкевічаў гербу Порай. У год 1804, месяца лістапада 29 дня, перад намі:…”. Там Мікалай Міцкевіч прадастаўляе “яго імператарскай мосці” доказы свайго шляхецтва — даты, месцы, імёны (сапраўды, не згадваючы толькі імя сваёй маці!). Другі пункт — “Генеалогія ўраджоных Міцкевічаў”. Гэта падрабязны і разгалінаваны радавод Міцкевічаў герба Порай прыдомка “Рынвід” да 10 калена. Цытата адтуль: “Якуб, першы сын Яна Крыштаповіча, Міцкевіч з жонкай Пянкальскай нарадзіў сына Мікалая. Мікалай, сын Якуба Янавіча, Міцкевіч, каморнік Менскі, нарадзіў пяць сыноў: Францішка, Адама, Аляксандра, Юрыя і Антона”. Першае, што прыцягвае ўвагу, гэта згадка прозвішча жонкі Якуба. Імёны астатніх продкаў і сваякоў Адама Міцкевіча (10 кален роду, некалькі дзясяткаў асобаў мужчынскага полу) прыводзяцца без сваіх жонак! Неверагодная ўвага, але чаму? Загладжваючы правіну, бо не назваў яе ў першай частцы? Як бачым, і прыдомак не “Рымвід”, але “Рынвід”. Заможныя Міцкевічы прыдомка “Рымвід” вядомыя са справаў наваградскіх і менскіх судоў, але дачынення да нашых Міцкевічаў, падобна, не маюць. Дакумент, які актыкаваны ў наваградскім судзе, адпавядае надрукаванаму ў газеце "Край", за выключэннем "Марцынкевічаў".

Верагодна, гэта менавіта той дакумент, які апісаў Рыбчонак, паколькі саму вывадовую справу Міцкевічаў нам пакуль не пашанцавала ўбачыць. І тады паўстае пытанне, ці цалкам дакумент 1804 года змешчаны ў вывадовай справе, ці толькі яго першая частка. Верагодна, толькі першая. Бо сумнявацца ў пільнасці Сяргея Рыбчонка не выпадае. Тады пытанні, калі і якім чынам з вывадовай справы знікла другая частка дакумента?

Дарэчы, гэты “дысананс” — забыўчывасць Мікалая Міцкевіча — і пацягнуў за сабой клубок нашага даследавання. Адразу прымроіліся страшныя таямніцы, якія хацеў схаваць Міцкевіч, вымарваючы імя сваёй маці з гісторыі. І, як аказалася насамрэч, таямніцы былі, хоць хаваць іх бацька паэта не збіраўся. Так склалася...

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар