Метафізіка без спецэфектаў

№ 14 (1297) 08.04.2017 - 14.04.2017 г

Невялікі падвальчык мінскага “бара ili клуба” нечым нагадвае той тэатр “не для ўсіх, толькі для вар’ятаў”, куды выпадкова завітаў герой рамана Гесэ “Стэпавы воўк”. Далейшая дзея хіба ўмацоўвае гэтыя алюзіі. Спярша на шкляных дзвярах, якія замяняюць шырму ў тэатры ценяў, з’яўляюцца абрысы чалавечай фігуры, затым гучыць паэтычны тэкст пра сон усяго, што ёсць і ў гэтым свеце, і па-за ім. Тэатр, які стварае вядомы берлінскі рэжысёр Рыгор КОФМАН — і трывіяльны і ўзнёслы адначасова. Гэты тэатр нельга назваць ані авангардным, ані традыцыйным — ён, як падаецца, наогул не “ад гэтага часу”. Акцёр агучвае тэкст, музыканты граюць — здавалася б, што можа быць звычайней? І ніякіх эфектных сучасных прыёмаў! Тым не менш, метафізіка аўтарскага подыху гэтай дзеі, безумоўна, уласцівая, прычым дасягаецца яна надзвычай простымі сродкамі.

/i/content/pi/cult/632/14045/14-1.jpgЗоркі так склаліся, што сусветная прэм’ера новага праекта “GOFF-company”  — спектакля “Вялікая элегія Джону Дону”  — адбылася менавіта ў тым падвальчыку, у прысутнасці ўсяго некалькіх дзясяткаў “сваіх” гледачоў. Пастаноўку можна лічыць у пэўнай меры і айчыннай. Апрача заўсёднага партнёра Кофмана Мікалая Рубанава (шырокай публіцы ён вядомы як саксафаніст легендарнага “АукцЫона”), за музычную частку адказваў і Валерый Воранаў, які даўно жыве ў Нямеччыне, але ўпарта лічыць сябе менавіта беларускім кампазітарам.

— У Берліне мы з Валерыем амаль суседзі, — Кофман распавядае дзіўную перадгісторыю гэтай прэм’еры. — Ведаем адзін аднаго ўжо гадоў мо дванаццаць, але ніколі не працавалі разам. Не так даўно паспрабавалі выправіць гэтую недарэчнасць, і паколькі супрацоўніцтва стала прыносіць нам задавальненне, яно вылілася ў дадзены спектакль. А далей — збег абставінаў. Валера зацягнуў мяне ў госці да сябе ў Мінск ды распавёў пра падвальчык, які нам добра пасуе. А тут акурат выявілася, што да вас з канцэртам прыязджае “АукцЫон”, і я папрасіў Колю “завіснуць” у Мінску на пару дзён. У наш дуэт ён упісаўся чыста на імправізацыі, і гэта нядзіўна: мы даўно супрацоўнічаем у жанры “тэкст-м’юзік-ф'южн” і навучыліся літаральна адчуваць адзін аднаго.

— Апошнім часам граць спектаклі па-за межамі тэатральных залаў стала даволі модна. Ці было для вас важна, што дзея адбываецца менавіта ў клубе?

— Мы пераўтвараем клуб у тэатральную пляцоўку, падпарадкоўваючы гэтую прастору сваім умоўнасцям. Зрэшты, тэатральная зала — таксама ўмоўная прастора, толькі адмысловая: людзі прызвычаіліся неяк асабліва ўспрымаць тое, што там адбываецца. Адпаведна, можна пераўвасобіць у тэатр любое памяшканне, дастаткова толькі пераканаўча задаць умовы існавання ў ім акцёра. Ці можна паказаць гістарычнага персанажа, калі на сцэне толькі ноўтбук — як было сёння ў нас? Так, можна. Я ведаю пару неабходных трукаў.

— То бок для вас неістотна, дзе і ў якіх абставінах граць свае спектаклі?

— Наадварот, тут вельмі важныя нават самыя дробныя нюансы. Напрыклад, у Мінску мы сутыкнуліся з такой праблемай, як адсутнасць піяніна. Яго электрычны варыянт мае зусім не той гук, які трэба. Да ўсяго, калі свіснеш, у сапраўдным інструменце рэзануе дэка. Для нас кожны шоргат істотны.

Дарэчы, пакуль мы не пачалі рэпеціраваць з Валерыем, мне ўвогуле было незразумела, як працаваць з клавірам. Падчас папярэдніх спробаў узнікала звыклая структура, калі клавішныя стваралі толькі фонавую падтрымку тэксту. А вось Валера зрабіў з гэтага інструмента паўнавартаснага персанажа дзеі.

— Як гэта — персанажа? Можа, гукавое суправаджэнне?

— Сістэма ўзаемадачыненняў музыкантаў і акцёраў — гэта наша ноу-хау. Звычайна музыка як бы стварае фон спектакля, а ў нас зусім іншая структура — абсалютна самастойных роўнавартасных элементаў, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. І таму музыканты — гэта менавіта персанажы, хай сабе яны і не прапісаны ў тэксце. Кожны з іх гаворыць сваім голасам. Так, менавіта гаворыць, хаця і не выкарыстоўваючы словы. Яны выказваюць думкі, уступаюць адзін з адным у размову, спрачаюцца... І ў выніку ў нас атрымліваеццца палілог, сапраўдны хор у старажытнагрэчаскім разуменні гэтага слова.

— У апошні час пастаноўшчыкі класікі, як правіла, спрачаюцца з аўтарам альбо спрабуюць раскрыць тыя пласты тэксту, якія яго стваральнік, можа, нават і не ўяўляў. Але ваш падыход да Бродскага — на дзіва ашчадны...

— Я стаўлюся да тэксту абсалютна акадэмічна, і гэта мая прынцыповая пазіцыя. Іншая рэч, трэба выбіраць тую літаратурную аснову, у якую цалкам верыш. Бывае, мяне просяць што-небудзь паставіць, але калі гэта не маё, адразу адмаўляюся. Я магу працаваць толькі з тым матэрыялам, у якім супадаю з аўтарам. Тады мне ўдаецца стварыць вакол тэксту сваю ўмоўную прастору.

— Ужо шмат гадоў вы жывяце ў Берліне…

— Так, ажно 23 гады! Увогуле, эмігрантам ты пачынаеш сябе адчуваць, калі табе сняцца сны на нямецкай мове. І тады трэба сумленна прызнаць, што ты стаў іншым чалавекам.

 — Гэты горад мае рэпутацыю “плавільнага катла культур”. Да якога тэатра вы сёння сябе аднеслі б — рускага, заходнееўрапейскага, ці… сусветнага?

— Учора адна глядачка мне сказала: ты берлінскі акцёр. Я запытаўся, адкуль такая выснова. “Гэта невытлумачальна”, — быў адказ. І тым не менш, я лічу сябе найперш акцёрам рускім — нават тады, калі граю па-нямецку. Гэта як рускі рок, разумееце! З музычнага пункту гледжання ён мала чаго варты параўнальна з англасаконскай плынню, але сам характар, дух — самабытны і непадробны.

Калі мы будзем бяздумна капіраваць тыя прыёмы і метады, што характэрныя для заходняга тэатра, атрымаецца нешта бляклае і невыразнае. Каб захаваць сваю ідэнтычнасць, трэба апеляваць да сваёй гісторыі, сваіх перажыванняў, звязаных з жыццём і побытам, свайго дзяцінства і юнацтва, выкарыстоўваць іх у якасці субстрату для творчасці. Трэба заставацца рускім альбо беларускім тэатрам, але пры гэтым запазычваць, усмоктваць, красці ў тэатры сусветным усё, што прыкмеціць тваё вока. Я шмат чаму вучыўся ў немцаў — як, зрэшты, і некаторыя з іх пераймалі сёе-тое ў мяне, і гэта цалкам нармальна. Бо галоўнае — захоўваць сваю апрычоную энергетыку. Людзі гэта будуць бачыць і адзначаць.

— І наколькі такі падыход запатрабаваны ў Нямеччыне?

— Як ні дзіўна, у Берліне ў нас нават болей гледачоў, чым, скажам, у Санкт-Пецярбургу. Сярод іх трапляюцца і тыя немцы, якія не разумеюць рускай мовы, але любяць тэатр. І тут няма ніякай сентыментальнай любові да рускай экзотыкі — урэшце, мы ж не прыпеўкі спяваем. Ёсць праблема якраз з эмігранцкім рускамоўным гледачом — тут я маю на ўвазе і вашых суайчыннікаў. Ён ходзіць найперш на маскоўскіх зорак, на стандартны “чосавы” рэпертуар. Яму ўсё адно, што за спектакль прывязуць — галоўнае, каб была нагода начапіць свае “брулікі”. Здавалася б, калі чалавек апынаецца ў такім мультыкультурным казане, у яго павінна абудзіцца цікаўнасць да нечага новага, прагненне пашырыць уласныя далягляды. Ды нічога падобнага!

— Наколькі я разумею, сучасным тэатрам сёння лічыцца амаль механічнае перанясенне на сцэну ўбачанага недзе на вуліцы — так бы мовіць, у рэальным жыцці. У вас жа захоўваецца пэўная ад яго дыстанцыя…

— Гэта не зусім так. Шмат хто раіць адстараніцца ад мітуслівага жыцця, але… сябе ж не падманеш! Адчуванне рэальнасці назапашваецца, ушчыльняецца, насычае твае сны... Убачанае і пачутае на вуліцы ты так ці іначай выносіш на сцэну — хай сабе і ўжо ў ладна перапрацаваным выглядзе. Любы мастак існуе ўнутры свайго часу, і нікуды табе ад яго не падзецца.

На здымку: Рыгор Кофман і Валерый Воранаў падчас спектакля ў Мінску.

Фота Аліны САЎЧАНКА