“Нафта” лічбавай прасторы

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Як дзейнічае механізм абароны аўтарскіх правоў для музычнага кантэнту?
Творчасць сучаснага музыканта ўсё больш моцна звязваецца з інтэрнэт-прасторай. Вось толькі парадокс: калі пра ахову аўтарскіх правоў на традыцыйных пляцоўках (телеканалы, радыёэфір і гэтак далей) мы чуем шмат, то пра актыўнасць па іх абароне ў сеціве амаль нічога не вядома. Па факце, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці не мае пагадненняў з сусветнымі пляцоўкамі-дыстрыб’ютарамі, адсутнічаюць і лэйблы, якія б былі зацікаўлены абараняць нашых аўтараў на сусветнай арэне. Змяніць патавую, здавалася б, сітуацыю вырашыла кампанія “MediaCube Network”. Яе крэатыўны дырэктар Яўген САЛАНОВІЧ распавёў аглядальніку “К” пра першыя крокі ў галіне распаўсюджвання і легалізацыі беларускай музыкі.

/i/content/pi/cult/631/14038/12-1.jpg— Выканаўчы прадзюсар вашай кампаніі Міхаіл Бычанок кінуў у сацсетках кліч айчынным аўтарам стварыць бясплатную базу аўдыятвораў. А для чаго тая база патрэбная?

— Мы сталі першымі ў Беларусі, хто заключыў партнёрскую дамову з “YouTube” і атрымаў ліцэнзійную магчымасць захоўвання, дастаўкі і дэманстрацыі відэа. Аднак хацелася пайсці далей. Міхаіл абвясціў нашу прапанову з адной мэтай: паказаць буйной відэахостынгавай кампаніі, што ў нашай краіне шмат запатрабаваных аўтараў, выканаўцаў, і з гэтай прычыны нам неабходна мець інструменты для аховы іх аўтарскіх правоў. У “Google” такія інструменты ёсць, аднак яны не даступныя звычайным людзям. Спецыялістам давялося рабіць дзясяткі прэзентацый, адаслаць сотні лістоў, каб вышэйшае кіраўніцтва недзе ў Каліфорніі паверыла, што з намі можна супрацоўнічаць. Задума выканаўчага прадзюсара ўдалася: нам адкрылі доступ да функцыяналу абароны і манетызацыі аўдыятвораў, што дае магчымасць айчынным музыкантам атрымліваць прыбытак ад “YouTube”. Зараз мы маніторым выкарыстанне беларускіх кампазіцый у відэапатоку, маем магчымасць адсочваць іх і прымяняць да карыстальнікаў неабходныя меры.

 — Па вашым назіранні, з якой мэтай часцей за ўсё выкарыстоўваюць чужую музыку?

— У асноўным бяруць для асабістых мэтаў. Дапусцім, хтосьці робіць прыкольнае відэа для сваіх сяброў з падложкай з папулярных кампазіцый. Ролік размяшчаюць у свабодным доступе на відэаканале — а гэта падстава для манетызацыі. У прыклад прывяду адну з самых папулярных у сеціве груп — “Цягні-Штурхай”. Калі спачатку мы разглядалі толькі відэашэраг, сістэма выдавала на іх творы да тысячы супадзенняў. Зараз, з інструментамі па абароне музычных кампазіцый, колькасць супадзенняў значна ўзрасла. Такім чынам група атрымала дадатковую крыніцу фінансавання.

Пра камерцыйнае выкарыстанне чужога твора, напрыклад, для прамоўшна свайго прадукту, гаворкі амаль не ідзе. Возьмем умоўны відэакантэнт з лёгка распазнавальнай музыкай і тэкстам песні: электронныя сістэмы адразу запросяць у кампаніі пацвярджэнне дазволу аўтараў матэрыялаў. Абысці гэтыя аўтаматычна запраграмаваныя запыты практычна немагчыма.

— Як дзейнічае механізм абароны аўтарскіх правоў?

— Атрыманы намі інструмент дазваляе знаходзіць выкарыстанне музычнага файла ў відэакантэнце. І ўжо непасрэдна да яго прымяняць тую палітыку, якую захоча аўтар. Афіцыйна праваўладальнікам на творы кліентаў з’яўляецца наша кампанія, але мы заўсёды раімся з выканаўцам, як той хоча паступіць.

— Якія ёсць варыянты? Прымусіць выплаціць грошы за выкарыстанне, блакіраваць файл…

— А яшчэ ёсць магчымасць нічога не рабіць, проста ведаць, што твой матэрыял выкарыстоўваецца. У нашай краіне апошні варыянт не вельмі папулярны, бо ўсе хочуць зарабляць. А вось заходнія выканаўцы — асабліва тое датычыцца вельмі папулярных спевакоў ці музыкантаў — лагодна ставяцца да такога развіцця падзей. Яны аддаюць сваім фанатам музыку для выкарыстання, а пасля аналізуюць, наколькі вялікае кола іх прыхільнікаў. Насамрэч з пункту погляду маркетынгу гэта дастаткова карысна.

— Ці перасякаецца ваша дзейнасць з працай Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці?

— Мы гуляем на розных палях. Калі НЦІУ займаецца калектыўным кіраваннем правамі на аб’екты аўтарскай маёмасці, то мы выступаем хутчэй у якасці лічбавага дыстрыб’ютара. У большасці сістэм электроннай лічбавай дыстрыб’юцыі існуе дасудовае рэгуляванне адносін. Калі пошук выдае нам відэа, у якім знаходзяцца нашы аб’екты, мы забіраем даход з гэтага відэа. Усё адбываецца ў спрошчаным дасудовым разборы: чалавек на другім баку пацвярджае, што ўзяў чужое, і аддае грошы за выкарыстанне праваўладальніку. Уся наша мадэль бізнесу будуецца на тым, што мы бяром у аўтараў іх правы і рэалізуем іх. Самому аўтару ідзе 70 працэнтаў ад першапачатковай сумы. Да таго ж мы выплачваем замест аўтара падаходны падатак, роўны 13 %. Астатняе — наша камісія.

— У вашым штаце ёсць прафесійны юрыст, каб вырашыць усе гэтыя тонкасці?

— Мы толькі прыбягаем да юрыдычных кансультацый падчас складання доказнай базы. Звычайна яна патрабуецца адзін раз за ўвесь час прапрацоўкі канкрэтнага факта. Бізнес глабальны, таму нам трэба дакладна ведаць, на якія артыкулы закона той ці іншай краіны спасылацца. У астатнім наша дзейнасць зводзіцца да мадэлі не судовых спрэчак, а перамоў, у асноўным ліставання паміж праваўладальнікамі і карыстальнікамі.

— Вы заяўлялі пра стварэнне бібліятэкі беларускіх аўтараў…

— Адразу трэба ўдакладніць: пад бібліятэкай мы не маем на ўвазе якісьці каталог выканаўцаў ці іх трэкаў у публічным доступе. Гэта ўнутраная інфармацыя для кіравання аўтарскімі правамі. Мы шукаем музыкантаў, каб дастаўляць іх музыку ў мноства інструментаў спажывання, прынамсі ў тыя ж “AppStore” ці “iTunes”. Аднак мы самі купляем ліцэнзію для нашых аўтараў на самую буйную сусветную бібліятэку. Яны могуць бясплатна карыстацца вялікай колькасцю музычных кампазіцый, гукаў, шорахаў і ўсяго патрэбнага для саўнд-дызайну. Лагічна, калі кампанія, якая ахоўвае аўтарскія правы, прадстаўляе кліентам магчымасць спажываць “чыстыя” рэсурсы.

— Вы працуеце з усімі музыкантамі ці выбіраеце будучых кліентаў, напрыклад, па папулярнасці ў сеціве?

— Мы складаем дамову з усімі, хто да нас звяртаецца. Па-першае, пачатковец заўтра можа стаць папулярным выканаўцам. Па-другое, нават малапапулярны зараз музыкант прыносіць кампаніі прыбытак. Па-трэцяе, мы павялічваем аб’ём інфармацыі, а як гавораць на Захадзе, інфармацыя — гэта новая нафта. Але на адсутнасць папулярных выканаўцаў таксама пажаліцца не магу. Мы супрацоўнічаем з “Naviband”, “Litesound”, салістам “Драздоў” Віталём Карпанавым і лідарам “Без білета” Віталём Артыстам. Сярод кліентаў шмат паспяховых музыкантаў, якія зрабілі сабе імя за мяжой. Напрыклад, айчынны рэпер Homie: ён мала вядомы беларусам, пры гэтым мае шчыльны графік канцэртаў у Расіі.

— З якімі праблемамі вы часцей за ўсё сутыкаецеся?

— Мы ўвайшлі ў актыўную стадыю, калі актыўна сталі падключаць да сваёй сеткі новых аўтараў. Дзіўна асэнсоўваць, але моладзь, што лічыць сябе прасунутай, не усведамляе, як працуюць нават адкрытыя для шырокага доступу інструменты. Часам яны не ведаюць, як выдаліць размешчаную ў сеціве музыку, якія крокі рабіць, калі ад лэйбла прыходзіць папярэджанне аб парушэнні правіл таго ці іншага дагавора... У працэсе ўзнікае і шмат тэхнічных праблем. З апошняга: да нас звярнуўся папулярны рэпер з Брэста L-Jane, трэкі якога “ўсплылі” ў складзе зборак на адным з сайтаў. Мы падалі скаргу ў “Apple”, каб яны выключылі гэтыя трэкі, але высветлілася, што нейкая фірма прадставіла фіктыўныя дакументы на права выкарыстання гэтых кампазіцый. Зараз ідуць складаныя перамовы, каб вярнуць усё на свае месцы.

— Вы адчуваеце змены на музычным рынку?

— Хутчэй не. Але са з’яўленнем Беларускага таварыства аўтараў, выканаўцаў і іншых праваўладальнікаў мы маем вялікія спадзяванні на змены для ўсіх музычных ігракоў. Не сакрэт, што нашы і расійскія выканаўцы — гэта музыканты карпаратываў і канцэртаў. У гэты ж час іх калегі з Заходняй Еўропы жывуць на дыстрыб’юцыі сваіх пласцінак. Хочацца, каб нашы музыканты таксама пачалі зарабляць, не выходзячы з дому. Пакуль з-за бязмежнага пірацтва тое проста немагчыма! З’яўленне таварыства аўтараў дорыць магчымасць рабіць музыку, распаўсюджваць яе нават задарма, але пры гэтым атрымліваць прыбытак. Многія лаюць так званы падатак на балванкі, а мне здаецца, дзякуючы яму мы адчуем рост колькасці аўтараў, рэальна матываваных рабіць музыку. Яны змогуць ствараць свой прадукт больш прыбыткова на нашым рынку. У гэтым я бачу неверагодна пазітыўны крок з боку дзяржавы і заканадаўства.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"