“Гул заціх, я выйшаў на падмосткі“

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Якім павінен быць вядучы мерапрыемстваў?
Сёння пад нашым “лабараторным“ павелічальным шклом — пазасюжэтны персанаж: вядучы клубных ды бібліятэчных мерапрыемстваў. Паспрабуем зламаць стэрэатып пра тое, што добры сцэнарый надзейна страхуе работніка культуры ад усіх без выключэння “шурпатасцяў“ будучай дзеі. Маецца на ўвазе гатоўнасць вядучага (калі жадаеце — шоумена) імгненна адрэагаваць на зменлівы настрой аўдыторыі, наладзіць з залай належны кантакт, інтэлектуальна ды эмацыйна паўплываць на наведвальнікаў і ўвогуле — прадказваць непрадказальнае і ўпэўнена кіраваць усім працэсам.

Падрыхтаваць гэты матэрыял мне дапамаглі выкладчыкі кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзмітрый Аўрамчык, Віталій Монцік, Ганна Стэльмах, Святлана Майсейчук і, так бы мовіць, навуковы куратар праекта “Лабараторыя“ Алена Макарава.

Сола на мікрафоне

Я спачатку быў абклаўся разумнымі кнігамі “Імправізацыя шоумена“, “Праграма школы вядучых як арганізатараў канцэртна-відовішчных праграм“. Дарэчы, аўтар апошняй — Святлана Сарока, кіраўнік Палаца культуры Маладзечна. Бачылі яе ў ролі вядучай? Рэкамендую! Дык вось, кнігі кнігамі, а жывая гаворка са спецыялістамі-тэарэтыкамі — справа незаменная. Зрэшты, мы і да кніг вернемся… Якім павінен быць чалавек, які выходзіць на сцэну, у залу для, скажам, кіравання аўдыторыяй? Незвычайным! Нездарма з першага курса навучання кафедра менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКіМ прапаноўвае прадмет “Майстэрства вядзення праграм“.

Паспрабуем расшыфраваць тэрмін “Незвычайны вядучы“. Па-першае, мадэратар мерапрыемства — гэта чалавек з высокай сцэнічнай культурай, калі хочаце — аблічча дзеі, мадэль ці прыклад паводзін. Нават падчас забаўляльных імпрэз кожнае ягонае слова павінна не столькі забаўляць, колькі дысцыплінаваць і выхоўваць. Безумоўна, цяжка працаваць не на патрэбу публікі. А хто казаў, што ў нашай культуры — усё лёгка? Толькі той, хто не меў і не мае да яе ніякага дачынення. Дык вось, самацэнзура вядучага — даніна павагі той установе культуры, якую ён прэзентуе. Калі ў зале знаходзіцца хоць адно дзіця, “Камедзі клаб“ паўтараць не варта. Прыклад? Калі ласка! На вечары школьных выпускнікоў аднаго з нашых райцэнтраў вядучы вырашыў “падвесяліць“ дзею і пачаў конкурс па… распрананні публікі. Назваць гэта нормай немагчыма. Іншая справа, што вядучы павінен заўжды быць у трэндзе.

Як з першых хвілін прыцягнуць увагу аўдыторыі? Базавы прыклад: пасля вітання варта адразу перайсці да кампліментаў у адрас некалькіх канкрэтных гледачоў з залы. Можна выкарыстаць эфект “голасу за кадрам“, бо нават у асобных сельскіх дамах культуры ёсць мультымедыйныя ўстаноўкі з вялікім экранам, які “размаўляе“ з гледачом. Таксама свайго роду актывацыя (у форме пэўнай правакацыі) дзеі. Пасля такой прэзентацыі выхад вядучага на сцэну заўжды досыць эфектыўны. Пры канфліктах (на дыскатэках) вядучы звяртаецца да адэкватных сяброў тых, хто спрабуе парушыць дысцыпліну. Пры гэтым захоўваецца непахіснасць мадэратарскага аўтарытэту.

Імправізацыя ў стылі “шоу-мадэрн“

Хто можа стаць вядучым? Аснову майстэрства тут складае здольнасць імправізацыі. Гэтая характарыстыка — збольшага прыродная. З пункту гледжання псіхалогіі, грунт імправізацыі — імгненная рэактыўнасць, ці псіхічная рэакцыя на тое, што адбываецца вакол цябе. Кажуць, лепшымі імправізатарамі-вядоўцамі з’яўляюцца мужчыны. Дастаткова параўнаць Івана Урганта і Ксенію Сабчак. Дарэчы, пытанне даволі спрэчнае. Імправізацыя — плён начытанасці, памножаны на хуткасць мыслення. Інакш кажучы, імправізацыя немагчымая без дасціпнасці. Тут нават практыкаванні адпаведныя ёсць (прыродны дар заўжды патрабуе ўдасканалення). Да прыкладу, кніга Вольгі Герасімавай “Імправізацыя шоумена“ прапаноўвае практыкаванні па сцэнарным і акцёрскім майстэрстве. Тут не грэх і метад акцёрскай тэхнікі Канстанціна Станіслаўскага згадаць. А Святлана Сарока пераканана, што вядучы — і каментатар, і інфарматар, і правакатар, і арганізатар, і акцёр. Стандартных фраз пры вітанні/развітанні, пры падводках да нумароў тут не павінна быць. Але… бываюць. Яшчэ існуе сіндром раптоўна вырубленага мікрафона, калі вядучы не ведае, што рабіць. Акцёр павінен умець трымаць паузу, вядучы павінен умець яе запаўняць і трымаць жывы, нязмушаны дыялог з залай. У ідэале мадэратар ніяк не падобны на прадаўца газет у электрычцы. У другога — зашмальцаваны і шэры шаблон, у першага — жывая гаворка, пастаянны пошук свайго аблічча і нястомнае змаганне за свайго гледача.

Выкладчыкі кафедры сцвярджаюць, што вядучаму праграмы абавязкова патрэбны шырокі кругагляд і веданне псіхалогіі глядацкага ўспрымання, валоданне законамі сцэнічных паводзін і зносін, асаблівы стыль, унікальная манера кантактавання з аўдыторыяй. Его поспеху спрыяе наяўнасць знешняй прывабнасці і пэўнай харызмы, а таксама добразычлівасць і чалавекалюбства. Сітуацыі на канцэртах, дыскатэках, карпаратывах здараюцца розныя, і без смелай мадэратарскай імправізацыі тут не абысціся. Хтосьці з чытачоў запярэчыць: дзе ж вы такіх мадэратараў на сяле знойдзеце? Так, згаданыя вядучыя — дэфіцыт. Але хто сказаў, што не варта імкнуцца да ідэалу? Чалавек, урэшце, для таго і з’явіўся на свет, каб удасканальвацца.

Аднастайнасць як забойца

Так, шаблоннасць забівае творчасць. Пра што б мы ні гаварылі, а вяртаемся ў выніку да адзінага: рэгіянальнай культуры замінаюць руціна і фармалізм. Наколькі ведаю, няма раённых і абласных курсаў па авалоданні майстэрствам вядучага. Назвы (як і сцэнарыі) творчых праектаў, фестываляў і акцый дублююцца па прыкладзе папулярных тэлепраграм. Унітарнымі сталі найменні “Свята вёскі“ і “Горад майстроў“. За нежаданнем прыдумляць ды развівацца стаіць упартае жаданне ціха дацягнуць да пенсіі. Гэта ад кволай фантазіі? І, даруйце, ад беднага кругагляду. Урэшце, ёсць інтэрнэт, можна паглядзець, як называюцца і ладзяцца вясковыя святы ў замежжы. Адаптацыя знойдзенага матэрыялу да мясцовых умоў — таксама праблема? Я ж упэўнены, патэнцыял тут — невымерны. Проста няма матывацыі паўнацэннага выкарыстання яго магчымасцяў. Я калісьці пісаў пра раён, дзе бібліятэкары баяліся карыстацца камп’ютарамі, і гэта не перашкодзіла ЦБС стаць лепшай у вобласці. Выснова: мы так і не навучыліся аб’ектыўна ацэньваць сваю дзейнасць, ацэньваць і стымуляваць. Па-мойму, гэта тычыцца раз-пораз і прафесійнага мастацтва…

Але вернемся да нашай сённяшняй канкрэтыкі. Калі няма адпаведных курсаў, звярніцеся ў Маладзечна. Святлану Сароку калісьці вучыла Зінаіда Бандарэнка. Кіраўнік Палаца культуры Маладзечна і аўтар “Праграмы школы вядучых“ не адмовіць і падкажа, з чаго пачынаць. Творца заўжды зразумее творцу.

І ў плане паўтарэння, якое, як вядома, маці навучання: ніколі не забывайцеся на тое, што вядучы кіруе рэакцыяй залы па законах драматургіі, ён заўсёды — майстра камунікацыі і імправізацыі, галоўны суб’ект праграмы. Менавіта вядучы замацоўвае ў соцыуме сістэму нарматываў/каштоўнасцяў, якія мае на мэце тая ці іншая праграма. Дзеля гэтага, урэшце, усе мерапрыемствы і ладзяцца. Нават калі яны забаўляльныя.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"