Пра “АзBookФэст“, ажурны абрус і выратавальнікаў

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

27 сакавіка прэмія імя сцэнографа Івана Ушакова за лепшае мастацкае афармленне спектакля “Прыгоды Кая і Герды“ (Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр) была ўручана Любові Сідзельнікавай. Пра гэта нам паведаміла вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Ганна Грыбко.

/i/content/pi/cult/631/14036/11-1.jpgУ Міжнародны дзень тэатра цэнтр культуры Дзятлава адзначыў дзесяцігадовы юбілей узорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы“. Цягам дня прайшоў капуснік і быў паказаны дваццаты па рэпертуарным ліку спектакль.

Дзіцячая школа мастацтваў № 2 імя Уладзіміра Алоўнікава стала месцам правядзення канцэрта стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі — выпускнікоў ДШМ Бабруйска. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кацярына Мікулік падкрэсліла, што мерапрыемства прайшло ў рамках праекта “Бабруйск — культурная сталіца 2017 года“.

Супрацоўнік Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч напісала: “У сёлетнім фестывалі “Не старэюць душой ветэраны“ бралі ўдзел каля 30 ветэранскіх харавых калектываў. 17 з іх — народныя“.

Ашмянская раённая бібліятэка праводзіла Тыдзень дзіцячай кнігі. Мерапрыемствы (тэатралізацыі, ушанаванні лепшых чытачоў, выставы) прайшлі не толькі ў раённым цэнтры, але і ў аграгарадках Гальшаны, Кальчуны, Каменны Лог, Крэйванцы, Баруны. Пра гэта распавяла метадыст райбібліятэкі Галіна Палубінская.

Таццяна Салаўёва распавядае, што ў Віцебску прайшоў першы гарадскі фестываль кнігі “АзBookФэст“. На ўсіх трох паверхах абласной бібліятэкі ладзілася каля паўсотні навучальных і забаўляльных мерапрыемстваў.

Выкладчык ДШМ № 3 Барані Наталля Латышава напісала, што эстрадны калектыў “Арт-стандарт“ прыняў удзел у Міжнародным музычным фестывалі “Смаленскі праект“.

Традыцыйная падборка інфармацый ад вядучага метадыста Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэя Струнчанкі. У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі працуе выстава фотаработ дырэктара Капцянскага СДК Наталлі Сакаловай… На базе Цэнтра дадатковай адукацыі Мазалаўскага сельскага дома культуры адбыліся Сапуноўскія чытанні. Аляксей Сапуноў — гісторык, археограф, краязнаўца. Удзельнікі мерапрыемства наведалі мясцовыя ўстановы культуры, а таксама помнік архітэктуры XIX стагоддзя — колішнія сядзібны дом Ігната Манькоўскага… З нагоды 60-гадовага юбілею намесніка дырэктара Віцебскага раённага дома культуры Таццяны Кірпічэнка ў аграгарадку Ноўка адбылася творчая вечарына. Служэнню культуры Таццяна Васільеўна прысвяціла сорак гадоў.

На Светлагоршчыне прайшоў конкурс чытальнікаў, прымеркаваны да юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа, “Чытай сваё! Чытай Роднае“, які стартаваў з пачатку года. У фінал выйшлі 27 школьнікаў. Галасы лепшых канкурстантаў прагучаць падчас паэтычнага радыёмарафона на канале “Ранак“. Пра гэта паведаміла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Валянціна Расошанка.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай айчыннай вайны наведала дэлегацыя Нацыянальнага музея Кітая. “Творчая сустрэча супрацоўнікаў двух музеяў, — піша памочнік дырэктара нашай музейнай установы Мікалай Шаўчэнка, — значна ўзбагаціла іх досведам, дазволіла пазначыць шляхі далейшага ўмацавання дзелавога супрацоўніцтва“.

Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прэзентуе выставу мясцовага традыцыйнага ткацтва “Белыя сцяжкі“. Метадыст установы Ірына Дыдышка кажа, што ў аддзеле не першы год вядзецца работа па адраджэнні і захаванні рэгіянальнага шматнітовага або белага фактурнага ткацтва. Гэта — святочныя ручнікі, абрусы з характэрнай ажурнасцю, эфектнай выявай фактуры на паверхні палатна. Праект “Свята ткацтва“ аб’яднаў пад адным дахам этнаграфічны фонд аддзела рамёстваў, сельскіх дамоў культуры раёна і ўласныя калекцыі аматараў даўніны.

Намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава распавяла пра культурныя ініцыятывы Новасаматэвіцкага клуба вольнага часу. У гэтай установе ёсць клуб аматараў народнай творчасці “Пошук“. Яны ініцыявалі майстар-клас Галіны Шорнікавай, якая выпякае “цясцяных жаўраначкаў“.

Народны фальклорны гурт вёскі Анохава — адзін з найстарэйшых на Дзятлаўшчыне. Кабеты-пявунні захавалі не толькі бабульчыны песні, але і абрады. Юр’я, да прыкладу, занесены ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі.

Доўгачаканая вясна прынесла не толькі цяпло і адраджэнне, але і небяспеку ад узнікнення пажараў з-за кепска патушаных вогнішчаў, пакінутых удзельнікамі лясных пікнікоў. Пра гэта распавядае спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Таццяна Бычанок. Летась у экасістэмах адбылося 2527 пажараў. Выратавальнікі ліквідавалі 266 лясных пажараў, 175 узгаранняў тарфянікаў. Зафіксавана 2086 выпадкаў гарэння травы і хмызнякоў. Нярэдка такі агонь пераходзіць на лясныя масівы. Штогод пажары знішчаюць на планеце каля 15 мільёнаў гектараў лесу. Будзьце пільнымі пры правядзенні выязных мерапрыемстваў.

Таццяна Бычанок напісала і пра агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей“. Ён ладзіўся для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў і прапаганды здаровага ладу жыцця. На конкурс было прадстаўлена больш за 400 работ. З лепшымі можна пазнаёміцца на выставе ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"