Вакол Якуба Коласа і пакалення рэальнага ўспрымання

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Пошук кампрамісу паміж мемарыяльнасцю ды інтэрактывам
Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ прысвяціла амаль усё сваё прафесійнае жыццё ў сферы культуры народнаму Песняру. Гэта сапраўдны працоўны подзвіг: 30 гадоў яна дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

/i/content/pi/cult/631/14032/6-1.jpg— Зінаіда Мікалаеўна, а кепскі музейшчык — гэта які?

— Які адпрацаваў менш за год і пайшоў з музея. Калі чалавек папрацуе два гады і больш, ён прырастае душой да гэтай справы. Гэта як дыягназ.

— І яму можна грошы не плаціць, так?

— А якія грошы атрымліваюць музейшчыкі? Музейны работнік — гэта, перш за ўсё, прызванне, любоў і адданасць сваёй прафесіі. Любыя грошы кампенсуе адчуванне таго, што ты займаешся ўлюбёнай і патрэбнай справай. Калектыў у нас у асноўным маладзёжны, мы, старэйшыя, імкнемся перадаць свой вопыт, але і шмат чаму вучымся і ў іх.

Пры прыёме на працу, паколькі музей літаратурны, перавагу аддаем выпускнікам філалагічнага ці гістарычнага факультэтаў.

— А чаго бракуе гэтым учарашнім студэнтам?

— Малады супрацоўнік проста павінен прайсці ўсе музейныя этапы на практыцы: пазнаёміцца з фондавымі матэрыяламі, засвоіць азы стварэння выстаў, навучыцца методыцы правядзення экскурсій і правілам працы з аўдыторыяй. Праз усё гэта прайшла і я, выпускніца філфака, яшчэ ў Купалаўскім музеі, дзе пачала сваю кар’еру.

— Якія каштоўнасці ў сучаснага пакалення, як вы адчуваеце? І чым яны адрозніваюцца ад каштоўнасцяў пакалення вашага?

— Думаю, што для кожнага пакалення галоўныя каштоўнасці — свая зямля, “родны кут”, тое, што перадаецца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне: роднае слова, прыгажосць чалавечых пачуццяў, імёны славутых людзей, дзякуючы якім мы можам зразумець місію свайго з’яўлення на зямлі і з дапамогай светлай стваральнай энергіі паўсядзённасць ператварыць у паэзію.

І, бясспрэчна, погляды на многія рэчы ў розных пакаленняў адрозніваюцца, так і павінна быць, паколькі так дыктуе закон развіцця чалавецтва, але асноўныя чалавечыя якасці — прыстойнасць, павага і любоў — застануцца асноўнымі каштоўнасцямі на ўсе часы.

— Скажыце, чалавек савецкай школы і сучасны — ці розныя ў іх погляды на пабудову музейнай экспазіцыі?

— На маю думку, паміж паняццямі “музей савецкай школы” і “сучасны музей” няма глабальнай розніцы, паколькі паміж імі праляглі не такія ўжо і вялікія часавыя межы, і асноўныя прынцыпы “савецкага” музеязнаўства выкарыстоўваюцца і сёння. Хоць час павінен уносіць свае карэктывы, і ў паўсядзённую практыку музеяў вельмі актыўна ўкараняюцца новыя інтэрактыўныя тэхналогіі, з’яўляюцца віртуальныя прасторы. Аднак усё ж прыярытэт падачы ў экспазіцыі арыгінальных матэрыялаў павінен быць, паколькі цяга людзей да сустрэчы з артэфактамі не змяншаецца. Тэхнічны прагрэс можа прывесці да таго, што музеі на аснове лазерных і лічбавых тэхналогій ператвораць свае экспазіцыі ў аднолькавыя карцінкі. Як пры савецкай уладзе музейныя экспазіцыі былі братамі-блізнятамі па сваёй ідэалагічнай задуме, так і ў цяперашні час, укараняючы новыя, але аднолькавыя тэхналогіі, музеі могуць страціць сваю індывідуальнасць.

Пабудова экспазіцыі, падача матэрыялу сёння больш смела дэманструюць разнастайнасць творчых канцэпцый, розных аўтарскіх поглядаў і пазіцый. Што да моладзі, дык яны больш крэатыўныя, упэўненыя, з добрымі памкненнямі да самаўдасканалення.

— Былі ў вашай дырэктарскай практыцы выпадкі, калі вы карысталіся правам “вета”? Вось зараз досыць востра стаіць пытанне з апублікаваннем літаратурных дзённікаў класікаў: Коласа, Багдановіча.

— З таго, што мы часткова экспанавалі, былі лісты Якуба Коласа да Аляксандры Кетлер. Галоўнае тут — этыка. Тое ж тычыцца і дзённіка Багдановіча. Колас у перапісцы сапраўды паўстае зусім іншым, нязвыклым для нас. Але калі ён вёў перапіску, наўрад ці меркаваў, што яго словы будуць публічна агучаныя. Таму я катэгарычна супраць поўнага абнародавання гэтых дакументаў.

— А ці не адмаўляеце, што з правільным аналізам тыя ж лісты ўсё ж трэба будзе паказаць, асабліва моладзі? Падкрэсліць, што дзядзька Якуб быў мо і звычайным, але цікавым чалавекам.

— Мае прайсці час. Я не стаўлю на гэтай тэме табу. Лісты Якуба Коласа да Аляксандры Кетлер — своеасаблівы дзённік яго жыцця на працягу апошніх 10 гадоў жыцця. Пасля страты падчас вайны сярэдняга сына Юрыя і смерці любай спадарожніцы жыцця, жонкі Марыі Дзмітрыеўны, пісьменнік адчуваў боль душы і страшэнную адзіноту. Свае амаль штодзённыя думкі, развагі, клопаты ён перакладваў на паперу. У лістах да маладзейшай за яго на 30 гадоў асобы Якуб Колас неаднаразова падкрэсліваў чысціню сваіх памкненняў, “хоць людзі могуць гаварыць па-рознаму…”

— І ўсё гэта магло б быць сенсацыяй!

— Настойваю: спяшацца з гэтым не трэба. Колас увогуле чалавек быў сціплы, нават пра шлюб першай пачала размову Марыя Дзмітрыеўна. Вершы-прысвячэнні будучай жонцы ён старанна хаваў у кішэнях, і калі б не выпадак, Марыя Дзмітрыеўна, можа, і не ведала б, што з’яўляецца музай будучага народнага паэта.

— Карацей, Якуб Колас такая постаць — як айсберг.

— Так, яго можна вывучаць да бясконцасці. І да дваццацітомніка можна было смела дадаць яшчэ тамоў дзесяць.

— Хочацца падагульніць тэму пытаннем: ці не “экспрапрыіравалі” музейшчыкі асобы і Коласа, і таго ж Багдановіча, уклаўшы класікаў у нейкае пракрустава ложа, хоць яны і большыя за яго?

— Не музейшчыкі ў гэтым вінаватыя, а школьная прэзентацыя аўтараў. Зараз многія значныя творы знаходзяцца ў спісе пазакласнага чытання (то-бок — неабавязковага). Насамарэч Якуб Колас па натуры быў чалавекам з тонкім гумарам, дасціпны словам. Я раней думала, у каго яго сын Даніла Канстанцінавіч такі гумарыст, а ўчытаўшыся лепей у Коласа, зразумела — у бацьку.

— Вось вы акурат і пацвярджаеце сваімі словамі нашу прапанову. Але ж пагаворым пра іншае. У Літаратурным музеі Льва Талстога ў Яснай Паляне прынцып пабудовы экспазіцыі падобны на ваш. Музей не мае спецыяльнага транспарту, туды пешкі трэба дабірацца некалькі кіламетраў. Але нават у “несезон” да Льва Талстога ходзяць натоўпы індывідуальных наведвальнікаў, кожныя 15 хвілін запускаецца новая група людзей. Чаму музей Коласа, які знаходзіцца ў цэнтры Мінска, не мае такой аўдыторыі?

— Не толькі ў наш музей не стаяць чэргі. Не стаяць чэргі ні ў музей Броўкі, ні ў музей Купалы. Таму тут трэба звяртацца да менталітэту відаць. Можа быць, і ў брэндзе справа, я не ведаю. Талстой ёсць Талстой. Пушкін ёсць Пушкін. Праблемы існуюць, карацей кажучы, можа таму музеі і спрабуюць зараз іншыя спосабы паказу. Вось я не згодная з тым, што музейная ўстанова павінна падмяняць клуб, дом культуры, ігравы цэнтр. Я музейшчык старой загартоўкі. Для мяне каштоўнасць — гэта экспанат, а не яго падмена. Мы захоўваем яго не для таго, каб стаялі чэргі. А масавасць мемарыяльнаму музею не на руку, бо да такой скарбніцы трэба ставіцца ашчадна.

— Магчыма, трэба здымаць добрае кіно кшталту “Ахоўвай мяне, мой талісман” Рамана Балаяна і правакаваць новыя выбухі цікавасці да класікаў з дапамогай добрых сцэнарыяў, выключных акцёраў, як тады гэта зрабілі Аляксандр Збруеў, Алег Янкоўскі, Таццяна Друбіч?

— Творчая спадчына Якуба Коласа — багатая, ёсць што экранізаваць, паказаць на сцэнах. У савецкі час нямала было створана фільмаў з удзелам знакамітых акцёраў, пастаўлена спектакляў не толькі прафесійнымі, але і самадзейнымі тэатрамі.

У нас ёсць выдатны Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску. На жаль, пастановак на яго сцэне па творах Якуба Коласа няма. Дык ці адпаведна насіць імя класіка тэатру, які не мае ў сваім рэпертуары ні аднаго спектакля паводле твораў народнага паэта, матывуючы гэта тым, што ён не будзе касавым? Але ж на “Сымона-музыку” таго ж Купалаўскага білеты не дастаць, як і на “Паўлінку” Купалы, які з’яўляецца візітнай карткай гэтага тэатра…

Пытанне праблемнае і з выданнем кніг Якуба Коласа для дзяцей на беларускай мове. За апошнія гады не з’явілася на прылаўках ні адной ілюстраванай кнігі з творамі Якуба Коласа для дзетак, а іх Песняром напісана шмат: “Рак-вусач”, “Савось-распуснік”, “Міхасёвы прыгоды” і шматлікія вершы, якія маглі б стаць цудоўнай глебай для выхавання любові і павагі да сваёй роднай мовы…

— А што вы думаеце пра курсы кшталту “Мова нанова”?

— Не разумею. Мы робім курсы па вывучэнні сваёй жа мовы…

— Як вы разумееце фармулёўку “сябра музея”?

— Дакладна: гэта не апякунскі савет. Сябра музея — той, хто заўсёды працягне руку. У нашым выпадку такімі людзьмі з’яўляюцца прыватныя асобы, не бізнесмены. Дзякуючы ім мы заўсёды можам уручаць сімвалічныя падарункі, узнагароды падчас нашых мерапрыемстваў і конкурсаў. Справа ў тым, што вялікаму музею знайсці спонсара больш проста, бо ёсць чым аддзячыць, той жа ўвагай СМІ (ніхто ж усё роўна проста так не дапамагае). Музею ж адной асобы значна больш складана ў гэтых адносінах.

— Нядаўна ездзілі ў камандзіроўку ў Мікалаеўшчыну, спынілі нейкага дзядзьку і папрасілі пачытаць што-небудзь з “Новай зямлі”. Дык чытаў, пакуль мы не стаміліся. Дарэчы, мы тады не даехалі да Ластка. Часта туды завітвае турыст?

— Ласток — мой боль усе гады, што працую ў музеі, бо вельмі ж там светлая мясціна. Калі “Новая зямля” — гэта Альбуць, то Ласток — “Сымон-музыка”. У Ластку стаіць хата 1890 года, якая тэрмінова патрабуе рэстаўрацыйных работ. Гэта ўнікальная пабудова, і захаваць яе — наш абавязак!

— Не спрабавалі скарыстацца краўдфандынгам?

— Наконт гэтага можна падумаць. Але акрамя рэстаўрацыі трэба стварыць інфраструктуру, каб там, па словах Коласа, “усё зацвіло, загаманіла, // бо жыватворчая тут сіла // ад сну прыроду абудзіла…”

— А калі захочаш наведаць усе філіялы, за дзень жа не ўправішся?

— Некалькі гадоў таму збіраліся міністэрствы культуры ды спорту і турызму, каб распрацаваць маршрут, куды ўвайшлі Мінск, Нясвіж, Мір. Я ўзнімала пытанне, і неаднойчы: чаму абыходзіце наш філіял? Чаму не паказаць, што на тэрыторыі колішніх уладанняў Радзівілаў бацька Коласа і яго брат былі служкамі ў магнатаў? Можна ж параўнаць гэты славуты шляхецкі род з простымі людзьмі, якія жылі па суседстве.

— Установа перажыла ўжо аптымізацыю. 25 працэнтаў — як вам гэта далося?

— Вельмі балюча. Без “наркозу”, як той казаў. З 44 адзінак па штатным раскладзе скарочана 11. Зараз адчуваецца недахоп як спецыялістаў, так і абслугоўваючага персаналу. Музей інтэнсіўна развіваецца, за апошнія два гады былі адкрытыя новыя экспазіцыі ў мемарыяльных гаспадарчых пабудовах — у гаражы і склепе — на сядзібе музея ў Мінску, інтэрактыўныя зоны на філіяле, плануюцца новыя цікавыя праекты, а рук не хапае…

— Зараз людзі атрымліваюць менш. І ніхто не сышоў пасля гэтага?

— Сышлі, скажам, змяніліся ўсе бухгалтары, некалькі супрацоўнікаў, якіх мне вельмі шкада было адпускаць.

— Філіялы гэта таксама закранула?

— Так, філіялы ўвогуле бедныя. На чатырох аб’ектах працуе 9 чалавек. Напрыклад, у Ластку і ў Альбуці жывуць наглядчыкі. У Акіньчыцах — загадчык і навуковы супрацоўнік. У Смольні, дзе асноўны музей, ёсць рабочы, прыбіральшчык. Калі маем замову на экскурсію, яны збіраюцца разам. Калі адзіночныя турысты, дык працуе толькі чалавек на месцы.

— А раён дапамагае?

— З раёнам у нас прыязныя, можна сказаць, партнёрскія адносіны. Я ўдзячная за дапамогу кіраўніцтву ўсіх структур райвыканкама, якія заўсёды адклікаюцца на просьбы. Дапамагаюць вырашаць праблемныя пытанні.

— Мы гаворым, што грошай не хапае для раскруткі. А можа, проста мы не з таго боку з брэндам працуем? Справа ў тым, што Купалу ўспрымаюць як паэта нацыянальнага. У свой час яго спрабавалі ўціснуць у пракрустава ложа савецкасці — не атрымалася. І Купала праз сваіх “Тутэйшых”, праз свае вершы пачатку 1920-х успрымаецца ў першую чаргу як нацыянальны аўтар, каго ўлада скарыстала ў сваіх мэтах. А Колас, дзякуючы “Дрыгве” і іншым творам, якія нясуць больш сацыяльны зарад, успрымаецца паэтам савецкай эпохі, а да яе ў нас сёння стаўленне досыць крытычнае. Можа, трэба Коласа “ачышчаць” ад гэтага?

— Усё вы правільна зазначылі. Як мне адзін вядомы мастак сказаў: каб Колас загінуў у 1942-м, яго успрымалі б гэтаксама, як і Купалу. Выбачайце, мы не можам “ачысціць” чалавека, таму што гэта была гісторыя. Купала робіць харакіры — Колас сядзіць у 1930-я гады з чамаданамі, чакаючы арышту. Купалу і Коласа ўсё роўна цяжка параўноўваць, вылучыць, хто першы, хто другі. Таму што яны былі зусім розныя людзі, і паэты розныя…

Наконт успрымання Купалы нацыянальным, а Коласа паэтам савецкай эпохі — спрэчнае пытанне. Думаю, пара адысці ад паняцця “Колас і Купала — браты-блізняты”. Кожны з іх — візітная картка беларускай літаратуры, гонар наш і нашай краіны, і не трэба на вагі ставіць, хто каго перацягне. Паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка” вядомыя далёка за межамі Беларусі. Не адно пакаленне беларусаў выгадавалася на творах і Коласа, і Купалы, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі розных гістарычных падзей і пісалі (ці вымушаны былі пісаць) пра той час.

Мы 30 гадоў запар праводзім навуковыя канферэнцыі, якія маюць статус міжнародных, дзе падрабязна, сіламі вядомых навукоўцаў, трактуюцца і асобныя творы нашага класіка, і светапогляд Якуба Коласа, адкрываюцца новыя цікавыя факты. Якуба Коласа трэба чытаць і аналізаваць, каб не трактаваць павярхоўна і наклейваць ярлыкі. Раю прачытаць асобныя раздзелы “Сымона-музыкі”, звярнуцца да яго эпісталярнай спадчыны.

 — Вось мы кажам “Сымон-музыка”, “Новая зямля”, “На ростанях”. А на помніку — дзед Талаш, вобраз савецкай міфалогіі. То-бок яго нават дзяржава трактуе як паэта савецкага.

— Ну гэта ж 1970-я гады былі.

— Якой вы ўвогуле бачыце музейную сферу, у прыватнасці ваш музей, праз 10 — 15 гадоў?

— Падкрэслю: наш музей, у адрозненне ад іншых, мемарыяльны. І мы павінны захаваць і праз 50 гадоў тое, што мы маем. І праз паўстагоддзя гэта будуць сапраўдныя рарытэты, такі астравок у цэнтры горада, які будзе выклікаць цікавасць у любых пакаленняў.

— Ці змогуць з цягам часу музеі, праз гадоў дваццаць, напрыклад, пераўтварыцца ў нейкія культурныя забаўляльныя цэнтры, без экскурсаводаў і мастацтвазнаўцаў у класічным разуменні.

— Музей не павінен быць культурна-забаўляльным цэнтрам, яго функцыя, як я ўжо адзначала, — мэтанакіраваны збор, захаванне і шматграннае навуковае даследаванне. Але ў той жа час музей — прастора, месца, дзе людзі могуць абмяркоўваць хвалюючыя пытанні.

Наконт экскурсаводаў — пытанне часу. Сёння ў мемарыяльным музеі можна выкарыстоўваць аўдыягіды, замест наглядчыкаў — відэакамеры, але ўсё ж наведвальнікам куды больш прыемна мець зносіны са спецыялістамі, жывы кантакт, ды і сам Дом-музей, тым больш мемарыяльны, не можа быць без гаспадара.

Пытанні задавалі Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, Кастусь АНТАНОВІЧ, Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, Алег КЛІМАЎ, Настасся ПАНКРАТАВА, Яўген РАГІН, Вольга РОПАТ, Аліна САЎЧАНКА, Сяргей ТРАФІЛАЎ, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Фота Аліны САЎЧАНКА

 

Тым часам

Праграміст Дыяніс Брэк стварыў мабільны дадатак "Якуб Колас", які ўтрымлівае 188 вершаў народнага паэта Беларусі. Праца, на якую Дыяніса, аматара паэзіі, натхніла кніга ў кавярні, што непадалёк ад яго месца працы, заняла некалькі вечароў. Больш часу занялі падбор і афармленне тэкстаў, а таксама дызайн, што распрацоўшчыку дапамог выканаць калега. Дадатак "Якуб Колас" можна ўжо спампаваць у "iTunes", хутка з’явіцца варыянт для гаджэтаў на платформе "Android". Дарэчы, праект можа займець працяг: ставаральнік пакінуў у адкрытым доступе зыходны код дадатку.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст