— Нашы спецыялісты ўважліва сочаць за тым, — вядзе расповед С.Позін, — як выконваюцца нарматывы, датычныя санітарнага стану дыскатэк ад пачатку іх эксплуатацыі і на працягу далейшай працы. Існуюць нарматывы, у якіх сказана, дзе можна размяшчаць дыскатэкі, якая адлегласць павінна быць ад жылых дамоў, ці можна ў жылых памяшканнях размяшчаць танцполы. Ніводная з іх не адкрыецца і не будзе дзейнічаць без выконвання правілаў, што ўтрымліваюць нарматыўныя дакументы. У іх дакладна прапісаны будаўнічыя і санітарныя нормы.
— Які павінен быць узровень гуку ў залах дыскатэк паводле зацверджаных нормаў?— Паводле нормаў, узровень гуку ў залах павінен быць не вышэй за 85 дэцыбелаў А. Гэта такі ж узровень, які дапускаецца на працоўных месцах. Гэта значыць, чалавек, які знаходзіцца на дыскатэцы, як і рабочы за станком, не павінен падвяргацца шуму, які перавышае 85 дэцыбелаў А. Наведвальнік дыскатэкі не павінен атрымліваць большы гукавы ціск. Аб гэтым, зразумела, павінны ведаць і прытрымлівацца дадзеных нарматываў тыя, каму належаць дыскатэкі, дзі-джэі.
Нарміруецца шум таксама пад час выступлення музыкантаў, ансамбляў у залах, адкрытых танцпляцоўках. Калі казаць у цэлым, дык тут таксама павінна быць такое ж гукавое ўздзеянне, якое атрымлівае рабочы, стоячы за станком, — не вышэй за 85 дэцыбелаў А. Усё, што болей, — адмоўна ўздзейнічае на здароўе чалавека. Нават на дыскатэцы, якая знаходзіцца ў асобным будынку, у вялікім палацы-дыскатэцы з асобнымі заламі, дзе гучыць музыка розных стыляў, таксама ўзровень шуму дапускаецца не вышэйшы за нарматыўны.
— Якія захворванні могуць напаткаць чалавека, на якога ўздзейнічае гук, большы за нарматыўны?— Той, хто атрымлівае гукавое ўздзеянне, большае за нарматыўнае, мае небяспеку атрымаць цэлы спектр розных захворванняў. У першую чаргу пакутуюць сардэчна-сасудзістая, нервовая сістэмы, страўнікава-кішачны тракт. Людзей, якія знаходзяцца ў небяспечным шумавым асяродку, можна адразу вызначыць: яны нервовыя, як кажуць, “затузаныя”, ім уласцівы паводзіны, характэрныя для асоб з няўстойлівай псіхікай. У іх часта баліць галава, кепскі сон, яны скардзяцца на хуткую стамляльнасць.
— Якія правілы размяшчэння дыскатэк?— Правілы вызначаны ў нашых нарматыўных дакументах, дзе апісаны будаўнічыя і санітарныя нормы, правілы для жылых памяшканняў, для санітарна-ахоўных зон. Калі будуюць, скажам, асобную дыскатэку, дык там вызначаюцца цэлыя комплексныя патрабаванні, у тым ліку і санітарна-гігіенічныя. У прынцыпе, яны гэткія ж, як і для дыскатэк, што знаходзіцца ў будынку. Калі дыскатэка месціцца ў асобным збудаванні, палацы-дыскатэцы, дык яна меней уплывае на жылыя дамы, якія стаяць побач; адзінае — яна можа выклікаць нязручнасці для жыхароў тымі аўтамабілямі, якія ставяцца паблізу. Многае залежыць ад гаспадароў дыскатэк, усіх тых, хто павінен адказваць за яе працу, а таксама ад узроўню побытавай і агульнай культуры наведвальнікаў. Мы патрабуем ад гаспадароў, каб на дыскатэках было чыста, каб санітарныя нормы выконваліся. Пакуль сур’ёзных скаргаў на гэты конт да нас, у наш назіральны орган не паступала.