Прапановы ў рэзалюцыі

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Напрыканцы сакавіка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбылася Рэспубліканская навуковая канферэнцыя на тэму “Актуальныя праблемы навукі і мастацтва”. У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 60 даследчыкаў, выкладчыкаў, аспірантаў з розных ВНУ і дзеячаў мастацтваў з устаноў культуры краіны. Па просьбе старшыні Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў Рычарда Смольскага знаёмім чытачоў з некаторымі яе палажэннямі.

Як зазначана ў рэзалюцыі канферэнцыі, прынятай аднагалосна, 2017 год аб’яўлены Годам навукі, і гэтая акалічнасць вымушае больш сістэмна вывучаць стан сучаснага беларускага мастацтвазнаўства і літаратуразнаўства. Неабходна пільна даследаваць іх ролю і значэнне ў працэсах культурнага будаўніцтва, у тым ліку ў развіцці нацыянальнага прафесійнага мастацтва і мастацкай адукацыі ва ўмовах усталявання рынкавых законаў ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці. Аднак не варта забывацца на тое, што адзінкавыя мерапрыемствы не прынясуць чаканых змен. Удзельнікі падзеі прапанавалі праводзіць форумы навуковай і творчай інтэлігенцыі на рэгулярнай аснове. Яны ўпэўнены, што грунтоўныя абмеркаванні надзённых праблем нават раз на тры гады паспрыяюць развіццю гуманітарнай навукі, прафесійнага мастацтва і нацыянальнай мастацкай адукацыі. У гэтай сувязі ўдзельнікі канферэнцыі чакаюць магчымасці правядзення ў Год навукі Другога з’езда вучоных Беларусі, які вызначыць дзяржаўную стратэгію і тактыку развіцця разнастайнай навуковай сферы на бліжэйшыя 5-10 гадоў.

У зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прагучала ідэя далейшага пашырэння і ўмацавання ўзаемадзейнасці творчых саюзаў з дзяржаўнымі структурамі (найперш — міністэрствамі), грамадскімі, а таксама прыватнымі і міжнароднымі арганізацыямі. У рэзалюцыі зафіксавана прапанова пераўтварыць Беларускую канфедэрацыю творчых саюзаў з грамадскага аб’яднання ў дзяржаўна-грамадскае. На думку ўдзельнікаў канферэнцыі, гэта дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць значны і разнастайны патэнцыял творчых саюзаў у дзяржаўным і культурным будаўніцтве, а таксама развіваць надзённае дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы прафесійнага мастацтва і мастацкай адукацыі.

Сярод тэатралаў многія з настальгіяй згадваюць мінскі Дом акцёра, што месціўся насупраць Купалаўскага тэатра і быў сапраўдным цэнтрам прыцягнення лепшых творчых ды інтэлектуальных колаў беларускай сталіцы. Магчыма, таму ў рэзалюцыю канферэнцыі трапіла прапанова стварыць у Мінску Дом мастацтваў (зазначым: гаворка пра тое ішла і на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у Бабруйску). Мараць дзеячы культуры і аб стварэнні асобнага дзяржаўна-грамадскага фонду падтрымкі беларускага мастацтва. Для яго паспяховай дзейнасці яны лічаць мэтазгодным стварыць на заканадаўчым узроўні шэраг пэўных прэферэнцый. Прынамсі па аналогіі са знакамітым “падаткам на “балванкі” выступоўцы прапанавалі замацаваць падатковыя адлічэнні ў бюджэт фонду ад распаўсюджвання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь твораў замежных калектываў і аўтараў (фільмы, спектаклі, канцэрты, гастрольныя туры, выставы і іншае).

На думку ўдзельнікаў канферэнцыі, Канфедэрацыі творчых саюзаў з зацікаўленымі дзяржаўнымі і іншымі грамадскімі арганізацыямі патрэбна распрацаваць комплексную дзяржаўную праграму па ідэйна-эстэтычным выхаванні моладзі сродкамі прафесійнага мастацтва. Таксама агучаны шэраг канкрэтных сумесных захадаў для стварэння больш спрыяльных умоў дзеячам прафесійнага мастацтва, гуманітарнай навукі і мастацкай адукацыі. Прынамсі ў сферы тэатральнага мастацтва даследчыкі хочуць дачакацца адмысловага закона аб тэатральнай дзейнасці, новай праграмы развіцця тэатральнай справы ў Беларусі на перыяд да 2030 года і аднаўлення выдання часопіса-альманаха “Тэатральная творчасць”.

У галіне кіно і тэлебачання ім хочацца больш дасканалай заканадаўчай базы ў галіне кінавытворчасці з мэтай пашырэння дзяржаўна-прыватнага партнёрства і іншых захадаў для стварэння самых спрыяльных умоў для кінатворцаў, у тым ліку і для прыцягнення замежных інвестараў для сумесных кінапраектаў. Мэтазгодна, на думку ўдзельнікаў пасяджэння, стварэнне грамадскага Савету па каардынацыі праграмнай палітыкі беларускага тэлебачання, а таксама аднаўленне ў новым фармаце асобнай студыі “Тэлефільм”, якая будзе займацца вытворчасцю беларускіх мастацкіх, дакументальных, навукова-папулярных, асветніцкіх тэле- і відэафільмаў.

Удзельнікам канфэрэнцыі падаецца мэтазгоднай распрацоўка новай дзяржаўнай праграмы развіцця беларускага выяўленчага мастацтва і дызайну на перыяд да 2030 года. Чакае падтрымкі ідэя заснавання Нацыянальнай дызайнерскай прэміі за выдатныя дасягненні ў гэтай галіне творчай, тэхнічнай і канструктарскай дзейнасці. А таксама — стварэння Цэнтра інавацыйных дызайнерскіх распрацовак, які будзе аб’ядноўваць і кансалідаваць тых творцаў-наватараў, што здольны прапанаваць новыя ідэі, канцэпцыі, падыходы і іншыя эфектыўныя сродкі дасягнення беларускім дызайнам сапраўднага еўрапейскага і сусветнага ўзроўню.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"