Клуб ці бясклуб’е?

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Пытанне, вынесенае ў загаловак, узнікла нездарма. Пры скарачэнні — ці, як сёння кажуць, пры аптымізацыі — змяншэнне колькасці клубаў на сяле выглядае цалкам заканамерным.

Напрыклад, як паведамілі “К” у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, на сёння ў краіне функцыянуе 2 661 клубная арганізацыя. У ходзе аптымізацыі і рэфармавання іх колькасць, у параўнанні з данымі 2015 года, скарацілася на 111 адзінак, а за апошнія пяць гадоў — на 917 адзінак. У сувязі з гэтым, натуральна, назіраецца тэндэнцыя скарачэння колькасці клубных фарміраванняў: у параўнанні з 2015 годам — больш за 9 %.

Як падкрэсліў у сваім выступленні на выніковай калегіі міністэрства яго кіраўнік Барыс Святлоў, “у 2017 годзе неабходна актывізаваць работу па стварэнні арганізацый культуры змешанага тыпу і наданні клубным установам статусу юрыдычных асоб, прыняць вычарпальныя меры па захаванні колькасці існуючых клубных фарміраванняў”. Таксама актуальнай задачай, на думку Святлова, застаецца забеспячэнне нестацыянарнага культурнага абслугоўвання жыхароў сельскіх населеных пунктаў. Але ж 15,3 % раёнаў рэспублікі сёння не забяспечаны транспартнымі сродкамі — аўтаклубамі.

На жаль, як засведчыў пошук па рэгіёнах, справы з клубнымі фарміраваннямі, а таксама наяўнымі мабільнымі ўстановамі культуры сапраўды не такія добрыя, як хацелася б. Напрыклад, як адзначыў “К” начальнік аддзела народнай творчасці, культурна-дасугавай дзейнасці і ўстаноў адукацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і пра справах моладзі Мінскага аблвыканкама Яўген Асташаў, у 2016-м, калі параўноўваць з годам папярэднім, у вобласці было скарочана 276 клубных фарміраванняў — гэта прыкладна 7 % ад агульнай колькасці (па Беларусі, нагадаю, гэты паказчык большы — 9 %).

— Што да аўтаклубаў, дык іх пакуль што няма ў Крупскім, Любанскім і Барысаўскім раёнах Мінскай вобласці, — паведаміў суразмоўца. — Праблема тут, напэўна, такая, як і ўсюды: аддзелам не хапае фінансавання на набыццё аўтамабіляў, якія можна было б задзейнічаць у якасці мабільных устаноў культуры.

На Брэстчыне з аўтаклубамі значна лепш: па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ІРКСМ Брэсцкага аблвыканкама Сяргея Панасюка, мабільныя ўстановы культуры на сёння функцыянуюць у 15 раёнах вобласці.

— Аўтаклуба ў нас няма толькі ў Ляхавіцкім раёне, — адзначыў Сяргей Панасюк. — Але самае галоўнае, на маю думку, тое, што дзейнасць “клубаў на колах” вельмі запатрабаваная: напрыклад, за мінулы год з іх дапамогай было праведзена 2 659 мерапрыемстваў, што на 56 % больш, чым годам раней.

Як дадаў суразмоўца, за мінулыя гады на Брэстчыне была праведзена праца па ўкараненні ўстаноў змяшанага тыпу: на сёння іх у вобласці 51, з іх 4 — у сферы адукацыі.

— Усяго на Брэстчыне працуе амаль 4 тысячы клубных устаноў, — кажа Сяргей Панасюк. — Прычым на адзін клуб — па стане за мінулы год — у нас у сярэднім прыходзіцца 8,1 клубных фарміраванняў. Летась гэты паказчык быў меншы — 7,9 клубных фарміраванняў на адну клубную ўстанову.

На Гомельшчыне, да слова, названы паказчык большы: як адзначыла “К” першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ІКРСМ — начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Інга Заўгародняя, па стане на 1 студзеня 2017 года на адну ўстанову клубнага тыпу прыходзіцца 8,4 клубных фарміраванняў. Гэтая ж лічба была і ў 2015 годзе.

— Што да працы над стварэннем клубных устаноў змяшанага тыпу, дык яна ў нас вялася цягам мінулых гадоў і будзе, натуральна, працягвацца і сёлета, — адзначыла візаві. — Усяго на Гомельшчыне функцыянуе 548 клубных устаноў, у якіх дзейнічаюць агулам 4 615 клубных фарміраванняў (з іх 2 482 — для дзяцей). За мінулы год у нас закрылася 16 клубаў (але адкрылася і новая клубная ўстанова — грамадска-культуры цэнтр у гарпасёлку Акцябрскі), клубных жа фарміраванняў за 2016-ы стала менш на 109 адзінак.

І, як заўважыла Заўгародняя, аўтаклубы на сёння ёсць ва ўсіх раёнах вобласці, акрамя Лельчыцкага, але ў самым хуткім часе ён там будзе.

Што ж, у некаторых раёнах сітуацыя па агучаных пытаннях не выглядае зусім праблемнай. Асабліва гэта датычыць паказчыка “клубная ўстанова — колькасць клубных фарміраванняў”, а таксама лічбаў па наяўнасці — адсутнасці ў абласцях аўтаклубаў ды ўстаноў змяшанага тыпу. І, мабыць, менавіта мабільныя ўстановы культуры ды клубы-бібліятэкі ў хуткім часе стануць асновай і прыярытэтам для сеткі клубных устаноў культуры Беларусі. Бо аптымізацыю, як і дэмаграфічную сітуацыю на вёсцы, наўрад ці зменім.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"