Афіцыйна

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, у адпаведнасці з якім больш за 40 чалавек удастоены дзяржаўных узнагарод. Сярод іх — і прадстаўнікі сферы культуры і мастацтва краіны, паведамляе прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

Так, ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны мастак-графік, член Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Савіч. Медалём Францыска Скарыны ўганараваныя намеснік дырэктара Маладзёжнага тэатра эстрады Аляксандр Далжэўскі, дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва “Чатыры чвэрці”, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі Ліліяна Анцух, мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Адам Мурзіч, мастак-графік, член Беларускага саюза мастакоў Павел Семчанка.

Акрамя таго, гэтым жа Указам прадстаўнікам розных сфер дзейнасці прысвоены ганаровыя званні. У прыватнасці, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь стала артыст драмы — вядучы майстар сцэны Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Святлана Літвінёнак.

 

Днямі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь была апублікавана пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 3 сакавіка 2017 года № 16.

Згодна з названым дакументам, уносяцца змены ў дадатак да пастановы ведамства ад 30 студзеня бягучага года № 7 “Аб вызначэнні пераліку творчых саюзаў”. З найбольш адметных змен — павелічэнне спіса тых арганізацый, якія на сёння маюць статус творчых саюзаў. Такім чынам, пералік папоўніўся адразу трыма адзінкамі: гэта грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі літаратурны саюз “Полоцкая ветвь” і грамадскае аб’яднанне “Беларуская гільдыя майстроў і рамеснікаў”.