ЭПОХА ПОЛАЦКАГА ЧАСУ

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

28 сакавіка ў канцэртнай зале Сафійскага сабора распачаўся ХХХ Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, які працягнецца да 27 красавіка. “30 гадоў, — зазначаюць у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, — гэта цэлая эпоха, і ўжо не адно пакаленне музыкантаў ды слухачоў вырасла на фестывалі”. Да ўсяго, адметны ў маштабах рэспублікі праект сёлета прысвечаны 1155-годдзю горада над Палатой.

/i/content/pi/cult/631/14017/1-1.jpgНа гэтым тыдні завяршыўся той этап фэсту, пра які можна казаць як пра клопат аб будучыні. ІІ Адкрыты абласны дзіцячы фартэпіянны конкурс “Іяган Себасцьян Бах і ХХІ стагоддзе” сабраў прадэманстраваць сваё майстэрства на слыннай сцэне ў Сафійскім саборы 41 юнага піяніста з 8 гарадоў рэспублікі. Лаўрэатам першай прэміі стаў палачанін Платон Нікалаеў, дарэчы, самы юны з канкурсантаў.

Ну а 4 красавіка Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Аляксандра Анісімава пачне канцэртны марафон, прычым са знаным калектывам гэтым днём выступіць піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў Арсеній Садыкаў — палачанін.