Сямейныя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Хто такая Францішка з Марцінкевічаў Парчэўская, і ці спагнала яна пазыкі cвайго бацькі?
У першай частцы серыяла “Сямейныя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча” (№ 46 за 2016 год) я распавёў пра двух сясцёр Вінцэнта: Юлію і Алену-Ганну. Іх імёны былі вядомыя гісторыкам літаратуры. Але біяграфія “самага вывучанага класіка” настолькі багатая на сямейныя таямніцы, што цяпер, мабыць, у першы раз мы можам назваць імя і ў асноўных рысах абмаляваць біяграфію яшчэ адной яго сястры — Францішкі. Праўда, у адрозненне ад двух першых, не роднай, а адзінакроўнай, народжанай ад першага шлюбу Яна Марцінкевіча — з Людавікай Рыкачэўскай.

/i/content/pi/cult/630/14014/15-1.jpgСамая ранняя знойдзеная мной згадка ў дакументах аб Францішцы Марцінкевічаўне (у традыцыях Вялікага Княства Літоўскага незамужнія дадавалі “-аўна” да прозвішча бацькі, а жонкі “-ава” да прозвішча мужа, такім чынам заўсёды можна было адрозніць замужнюю жанчыну ад паненкі) — гэта 9 красавіка 1794 года. Тады яна, яшчэ дзяўчына, разам з многімі сваякамі Мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх цэркваў у Расіі Станіслава Богуша-Сестранцэвіча, якія жылі ў яго беларускіх маёнтках, прысутнічала як асістэнт на хрышчэнні Тэрэзы Гаміцкевіч у Малячыцкім касцёле. Хутчэй за ўсё, нарадзілася Францішка там жа, дзе і яе родны брат Ігнат — у Вільні, а потым разам з бацькамі пераехала ў Беларусь — у маёнтак Мітрапаліта Лапацін (зараз Лапаціна, Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці).

Наступныя дакладныя сведчанні пра яе жыццё можна знайсці ў дзённіках і лістах самога Мітрапаліта. 10 лютага (па старым стылі) 1799 года Сестранцэвіч даручыў спадару Расахацкаму: “Па гэтай асігноўцы заплаціце з маіх маёнткаў 35 руб. маёй унучцы, пані Марцінкевіч. Затым наперад кожны год, з дня атрымання сённяшняй асігноўкі, выплачвайце па пятнаццаць рублёў”. Гэтую “стыпендыю” складана назваць вялікай, тым больш у тэксце гаворка, хутчэй, не пра месячную, а пра гадавую суму. Згадаем, што крыху пазней, у 1815 годзе, калі Марцыяна Марцінкевіч выдавала замуж сваю дачку Юлію, то па коштах на той год прыблізна 30 рублёў срэбрам — гэта быў кошт каровы з цялём або двух набораў пасцельнай бялізны (зрэшты, як тады не было бялізны кітайскай, то гэта было даволі дарагое задавальненне, а карова дык увогуле багацце).

Наступная згадка ў перапісцы тым больш знамянальная, што Сестранцэвіч піша пра хуткае вяселле Францішкі. 25 лістапада 1800 года ён запісаў: “Аб’яўляю, што я пастанавіў на ўвазе хуткага выхаду замуж паненкі Францішкі Марцінкевіч даць ёй праз 2 месяцы ў пасаг адначасова 300 руб.” Мяркуючы па гэтым сведчанні, адзінакроўная сястра нашага класіка выйшла замуж за 8 гадоў да яго нараджэння. Нагадаю, што дакладна вядома, што яе родны брат Ігнат быў старэйшы за Вінцэнта аж на 35 гадоў. Розніца з Францішкай была, падобна да таго, меншай — бо наўрад ці яна з такім “дзедам” засядзелася ў дзеўках. То бок можна меркаваць, што на пачатак XIX стагоддзя ёй было 18 — 20, максімум — 25 гадоў.

Паралельна з падрыхтоўкай да вяселля ўнучатай пляменніцы ішла падрыхтоўка да шлюбу і двух пляменніц Мітрапаліта: Амаліі (па мужу князёўна Гур’ялава) і Кацярыны (па мужу Дзевелева) Сестранцэвіч — дачок яго роднага брата Яна. Абедзве яны закончылі Санкт-Пецярбургскі Кацярынінскі інстытут высакародных паненак (чаго мы пакуль не можам сцвярджаць пра Францішку, хутчэй за ўсё, вучылася яна ці дома, ці ў Слуцку, хоць версію пра гэту прэстыжную ўстанову пакуль нельга цалкам адкідаць).

Узняўшыся на самую вяршыню духоўнай улады ў Расійскай імперыі Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч не пераставаў апекавацца над лёсамі сваіх шматлікіх сваякоў, пра якіх я мяркую распавесці ў асобнай частцы — бо менавіта ў гэтым асяроддзі круцілася сям’я Марцінкевічаў, а пасля пераезду ў Санкт-Пецярбург да мітрапаліта і сам Вінцэнт. Гэты ўдзел у жыцці братоў, пляменнікаў і пляменніц, унучатых пляменнікаў і іншых — у тым ліку і брата класіка Ігната Іванавіча Марцінкевіча — ажыццяўляўся пры дапамозе рэкамендацыйных лістоў да найвышэйшых асоб, а часам і падарункаў. Паведамленні ў стылі “Кацечка ўладкованая, Імператрыца аказала мне высокую міласць і хваліла яе мне, калі я аднойчы вячэраў за Імператарскім сталом, якога гонару я ўдастойваўся некалькі разоў на тыдзень” або “2 студзеня я атрымаў ліст ад падпаручыка [пляменніка] з Прагі. Ён просіць мяне аб дапамозе і рэкамендацыі да Суворава і Дэрфельдэна. Дапамогу я зраблю... Лісты я пашлю...” — даволі часта сустракаюцца ў перапісцы і дзённіках мітрапаліта. Пастаянна дапамагаў ён ім і грашыма. Тым жа пляменнікам, што па яго рэкамендацыях паступілі ў ваенную службу і пасля ўдзельнічалі ў падаўленні паўстання Касцюшкі, па іх просьбе Сестранцэвіч паслаў 60 чырвоных злотых.

Для пляменніцы Амаліі ён паслаў значна большы падарунак да вяселля. 15 лістапада 1800 года Сестранцэвіч адправіў ёй ліст, у якім пісаў: “M-elle Амаліі, нявесце кн. Гур’ялава. Даведаўшыся, што на чарзе знаходзіцца дазвол, дадзены князю Гур’ялаву ўступіць з Вамі ў шлюб, я пасылаю Вам 1000 рублёў у доказ сапраўдных і паўторных пажаданняў поспеху, якія я шлю з нагоды Вашага шлюбу з гэтым доблесным афіцэрам і выдатным, сумленным чалавекам. Хоць Вы пераменіце прозвішча, але я ўпэўнены, што Вы застаняцеся верныя тым маральным прынцыпам, якія на маіх вачах паўсталі, укараняліся і ўмацоўваліся, і не зменіце таго пачуцця адданасці, якое Вы аказвалі мне яшчэ тады, калі Ваш дзіцячы ўзрост не падказваў Вам слоў для таго, каб яго выказаць. Тым больш я не баюся быць абражаным, што напаткала мяне з боку іншых асоб, якім я аказваў дабрадзейства, і якія адразу гэта забывалі, хоць і лічылі сябе цалкам здаволенымі ў сваіх жаданнях. Выбачайце, мая дарагая, што я не прыеду на Ваша вяселле. Я не танчыў бы там і не мог бы вусна выказаць больш за тое, што я напісаў цяпер. Хай благаславіць Вас Бог — вось пажаданне Вашага дзядзькі”.

З ліста бачна, што мітрапаліт пакрыўджаны на няўдзячных сваякоў, якія забыліся пра свайго дабрадзея. Тым жа, хто адказваў дабром на дабро, выклікаў яго давер, ён даручаў розныя адказныя справы па гаспадарчых або юрыдычных клопатах. Якраз на 1801 год Сестранцэвіч аддаў маёнтак Лапацін свайму брату Івану: “...сім абвяшчаю, што бязвыплатна аддаў у арэнду на год г-ну Івану Сестранцэвічу і яго жонцы мой хутар Лапацін з прыладамі, а менавіта на будучы 1801 год з 1 студзеня па 30 снежня”. Як я ўжо пісаў у артыкуле “Ян Марцінкевіч: загадкі пра бацьку класіка” (“К” № 7 за 2017 год), займаўся да самай сваёй смерці рэгуляваннем некаторых пытанняў і бацька будучага класіка. Магчыма, і з гэтай прычыны Яну не заўсёды хапала часу і сіл, каб заняцца сваімі праблемамі, і частку іх ён пераклаў на плечы... дачкі Францішкі.

Дзякуючы яшчэ аднаму цікаваму дакументу, знойдзенаму мной у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, мы можам не толькі даведацца аб пазыкоўцах Яна Марцінкевіча, але яшчэ трохі ўдакладніць меркаваную дату вянчання Францішкі. Можна з упэўненасцю сказаць, што яе вяселле адбылося пазней за 10 сакавіка 1801 года, а хутчэй за ўсё, і пазней за 15 сакавіка. Менавіта ў гэты дзень Ян Марцінкевіч асабіста ўнёс у акты земскага суда слуцкага павета выдадзеную сваёй дачцэ, якая яшчэ не змяніла дзявочага прозвішча на прозвішча мужа, даверанасць на адшуканне ў Беларускай губерні, як тады называлі губерню Магілёўскую, некалькіх пазык. Мяркуючы па гэтым дакуменце, можна меркаваць, што ў гэты час і сама Францішка яшчэ жыла разам з бацькам на Случчыне, але ўжо было вырашана пытанне аб яе пераездзе да будучага мужа.

Сам гэты дакумент досыць рэдкі. Даверанасць, выдадзеная жанчыне, больш дакладна — зусім маладой паненцы, ды яшчэ на такі няўдзячны і цяжкі занятак як адшуканне пазык — за доўгі час працы ў архіве я сустрэў толькі адзін раз. І гэта менавіта даверанасць ад Яна Марцінкевіча сваёй дачцэ. Усё ж такі падобны занятак, які хоць і не прадугледжваў рэкету ў стылі ліхіх 1990-х або ў стылі калектараў XXI стагоддзя — фізічнага выбівання грошай, але, як мінімум, уключаў вядзенне складаных перамоваў з пазыкоўцамі і абавязковае хаджэнне па розных судовых установах. І Францішка, на думку бацькі, была да гэтага здольная. Што дае нам магчымасць выказаць здагадку: яго дачка атрымала нейкую адукацыю, была пісьменнай, магла скласці розныя юрыдычныя дакументы. Хоць пакуль гэта толькі здагадка. Такім чынам, якія абавязкі ўсклаў на Францішку бацька? Лепш за ўсё пра гэта скажа сам дакумент (пераклад з польскай мовы аўтара):

“15.03.1801 перад актамі Яго Імператарскай Вялікасці земскімі павятовымі слуцкімі і мной Ігнатам Баранцэвічам, актуальным павераным, рэгентам пры тых жа актах, паўстаўшы асабіста, вяльможны пан чашнік Смаленскага ваяводства Ян Марцінкевіч перавадны ўпаўнаважаны, пленіпатэнцыйны запіс (даверанасць) на адшуканне грошай у Беларускай губерні вяльможнай пані Францішцы Марцінкевічаўне, дачцэ сваёй, выданае, выпраўлены на гербавай паперы, прызнаў, і гэтае сваё прызнанне ў пратаколе прызнанняў подпісам уласнай рукі зацвердзіў. Якога выразы наступныя: Ян Марцінкевіч, чашнік Смаленскага ваяводства, раблю вядомым гэтым маім перавадным упаўнаважаным, пленіпатэнцыйным запісам маёй дачцэ вяльможнай пані Францішцы Марцінкевічаўне, смаленскай чашнікаўне, дадзеным на тое: паколькі я маю даўнія даўгі перад мною розных жыхароў Беларускай губерні, але не маю магчымасці адшукання гэтых, а менавіта:

1. Па пісьмовым абавязацельстве, дадзеным 1.11.1782 года, капітальнай сумы ў 4.712 польскіх злотых 15 грошаў ад вяльможнага пана Яна Сестранцэвіча, шамбеляна былога польскага двара.

2. Па дакуменце, выдадзеным 5.03.1793 ад вяльможных паноў Станіслава і Францішкі Астрэйкаў, мужа і жонкі, прэзідэнтаў суда Клімавіцкага павета, — 87 рублёў срэбрам.

3. Па вэксалю, 5.07.1792 выдадзенага ад вяльможнага Юзафа Францішкава сына Кулакі, — 50 рублёў асігнацыямі.

4. Па вэксалю, 15.12.1790 выдадзенага ад вяльможнага Тадэвуша Курэкі, — 30 рублёў асігнацыямі.

І як яны не робяць мне сатысфакцыі ў адданне як капіталаў, так і працэнтаў, то даручаю: ці сяброўскім спосабам вяртання гэтых даўгоў у капіталах з працэнтамі ад вышэй пайменаваных паноў Сестранцэвіча, Астрэйкаў, Кулакі і Курэкі, або пачаўшы судовы працэс пад сваім імем у адпаведных Беларускіх судах... гэтыя сумы ў свае рукі адабраць... у тым выдаў гэтую даверанасць з подпісам уласнай рукі і ад мяне пастаўленых сведак. Дадзена ў Старчыцах 10.03.1801”.

Такім чынам, Францішка мела заняцца вяртаннем грошай…

Пачатак газетнага "серыяла" Змітра Дразда пра сямейныя таямніцы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча тут.

Аўтар: Зміцер ДРОЗД
гісторык, архівіст