Прыгоды беларускіх бібліятэкараў за акіянам

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Дэлегацыя айчынных бібліятэкараў пабывала ў ЗША. Нататкі ад візіту — ад адной з яго ўдзельніц.

/i/content/pi/cult/630/14013/14-2.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 7 — 9.)

У гаворцы пра ўніверсітэт святой Кацярыны ў Мінеапалісе (штат Мінесота) мы спыніліся на Лічбавай публічнай бібліятэцы Амерыкі (DPLA).

У кожным штаце ажыццяўляецца алічбоўка культурнай спадчыны, якая захоўваецца ў фондах бібліятэк, архіваў, музеяў, гістарычных таварыстваў. DPLA, у сваю чаргу, акумуліруе гэта ўсё на нацыянальным узроўні, прадастаўляючы метаданыя пра рэсурсы, якія перадаюцца ўдзельнікамі. Сайт бібліятэкі — адзіная кропка доступу, якая забяспечвае пошук па ўсіх уключаных у яе электронных бібліятэках штатаў (сёння іх — 20). Мяркуецца, што неўзабаве да яе далучацца ўсе 50 тэрытарыяльных адзінак ЗША.

У кожным штаце працэс алічбоўкі арганізаваны па-рознаму: у кожнага сваё праграмнае забеспячэнне, крыніцы фінансавання. Мяне захапіў прыклад Мінесоты, дзе ў 2008 годзе падаткаплацельшчыкі прынялі рашэнне адлічваць 2 — 3 % даходаў у фонд “Спадчына”. Наколькі я зразумела, дзякуючы гэтаму, праект “Minnesota Reflection” зможа бязбедна існаваць да 2030 года, ажыццяўляючы бясплатную алічбоўку дакументаў для ўдзельнікаў праекта.

Пазнаёміліся з работай букмабіля (так называюць бібліёбус у ЗША) у адной з пачатковых школ Сэнт-Пола. Справа ў тым, што пачатковыя школы, нароўні з грамадскімі цэнтрамі і жылымі кварталамі, уваходзяць у маршрут букмабіля. І гэта не таму, што ў школах няма бібліятэк: школьныя бібліятэкі забяспечваюць дзяцей вучэбнай літаратурай, мабільныя — мастацкай. Яшчэ адна функцыя, якую ўскладаюць на букмабіль амерыканскія спецыялісты, — навучанне дзяцей правілам карыстання бібліятэкай. Прыязджае ж установа “на колах” на тэрыторыю школы раз на тыдзень. Настаўнікі водзяць туды дзяцей цэлымі класамі.

Шкада, што ў ЗША забараняюць фатаграфаваць дзяцей! Мне вельмі хацелася захаваць гэтых маленькіх “жыўчыкаў”, якія з непадробнай цікавасцю цягнуцца да самай верхняй паліцы, разглядаюць кніжкі, а часам нават сварацца з-за таго, што нехта іншы завалодаў самай цікавай з іх.

У цэлым маршрут букмабіля ўключае 35 пунктаў, прычым усе яны размешчаны ў Сэнт-Пола. Мабільная бібліятэка абслугоўвае жыхароў горада (каля 300 тысяч) разам з 13 стацыянарнымі публічнымі бібліятэкамі.

Цікава, што букмабіль належыць Дэпартаменту транспарту і тэхнічных работ штата, таму публічная бібліятэка Сэнт-Пола яго арандуе. Але, як патлумачыў каардынатар мабільнай бібліятэкі Джым Вогт, гэта вельмі выгадна, бо ўсе праблемы, звязаныя з рамонтам і тэхнічным абслугоўваннем, вырашае дэпартамент. Акрамя таго, дзякуючы такім узаемаадносінам, паліва абыходзіцца больш танна.

Усяго ў мабільнай бібліятэцы стала працуе тры спецыялісты: бібліятэкар і два яго памочнікі, часам прыцягваюць супрацоўнікаў на пагадзінную аплату. Ролю кіроўцы выконвае адзін з бібліятэчных спецыялістаў.

Напрыканцы Джым Вогт адзначыў, што сёння букмабіль як від бібліятэчнага абслугоўвання ў Сэнт-Пола адзначыць 100-годдзе. А я стала прыгадваць, што адбывалася ў бібліятэчнай справе Беларусі 100 гадоў таму…

Марына ПШЫБЫТКА, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Працяг — у наступных нумарах "К".