Зразумець і падтрымаць маладых

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

У якасці адной з “фокусных” пляцовак, на прыкладзе якой удзельнікам Рэспубліканскага семінара-практыкума былі прадэманстраваны вынікі работы па праграме “Дыскатэка”, стаў Дзяржынскі раён. Сваім досведам з прысутнымі падзяліўся намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр ЧАГАН.

Базавыя прынцыпы

Дзейнасць устаноў культуры Дзяржыншчыны накіравана на якаснае абслугоўванне рознаўзроставых катэгорый насельніцтва. Пад пільнай увагай, натуральна, знаходзіцца і моладзь. Базавыя прынцыпы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі закладзены ў законах Рэспублікі Беларусь “Аб агульных пачатках дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь” і “Аб дзяржаўнай падтрымцы маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў”. Райвыканкам каардынуе рэалізацыю маладзёжнай палітыкі на Дзяржыншчыне, рэгламентуе ўзаемадзеянне ўсіх зацікаўленых ведамстваў па выкананні сумесных праграм “Захаванне і развіццё культуры Дзяржынскага раёна”, “Моладзь Дзяржыншчыны”, “Дзеці Беларусі”, “Здароўе нацыі”, “Дыскатэка”.

Канкрэтным крокам па падтрымцы таленавітай моладзі стала рашэнне райвыканкама “Аб прызначэнні стыпендый і прэмій навучэнцам, педагогам і творчым калектывам дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў”. Згодна з асноўнымі палажэннямі гэтага дакумента, 9 навучэнцаў, 5 творчых калектываў і 10 педагогаў за перамогу ў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах адзначаны стыпендыямі і прэміямі на агульную суму больш за 10 мільёнаў рублёў. Укладам абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў у папулярызацыю творчасці юных талентаў Дзяржыншчыны з’явілася фінансавая падтрымка выдання мастацкага альбома “500 узнагарод у 20 краінах” агульным тыражом у 1000 экзэмпляраў і коштам у 30 мільёнаў рублёў.

Асаблівая ўвага надаецца якасці культурнага абслугоўвання насельніцтва: штогод праводзіцца раённае спаборніцтва ўстаноў культуры на лепшую арганізацыю работы. Цяпер у раёне дзейнічаюць 32 клубныя ўстановы. Тут створаны неабходныя ўмовы для арганізацыі адпачынку моладзі, працуюць 49 аматарскіх маладзёжных калектываў розных жанраў і музычных накірункаў: рэп- і рок-гурты, хіп-хоп-каманды, брэйк-данс-калектывы, народны вакальны гурт “New talents” Дзяржынскага ГДК, студыя арыгінальнага танца “Альянс”, студыя эстраднай песні “Новы Арыён” і вакальны ансамбль “Дзіманш” Фаніпальскага ГДК. Маладзёжныя калектывы пастаянна папаўняюцца новымі ўдзельнікамі. Летась створаны ВІА “Фантом” Станькаўскага СДК, танцавальны калектыў Чаркаскага СДК, вакальны гурт Пятковіцкага СК.

Больш за 20 форм работы скіраваны на самарэалізацыю юнакоў і дзяўчат: канцэрты маладзёжных творчых калектываў, тэматычныя танцавальна-забаўляльныя праграмы, святочныя “агеньчыкі”, фестывалі, спектаклі, творчыя вечары, вечары-партрэты, выстаўкі, лекцыі, гутаркі, віктарыны, інтэлект-марафоны, інтэрнет-масты і г. д.

Традыцыйным стала правядзенне раённых фестываляў і конкурсаў: маладых выканаўцаў эстраднай песні — “Мелодыі Крутагор’я”, прыгажосці — “Краса Крутагор’я”, маладзёжнай танцавальнай культуры — “Hip-hop travel”.

Сярод новых фэстаў, што набіраюць папулярнасць у маладзёжным асяродку, адкрыты Рэспубліканскі фестываль па брэйк-дансу “Session for faces”, які вось ужо трэці год запар адбываецца на базе Дзяржынскага гарадскога дома культуры, рэаліці-шоу “Дубль-2”, а ноў-хаў народнага клуба інтэлектуальных гульняў “ЧК” стаў адкрыты міжнародны 24-гадзінны інтэлект-марафон.

Танцавальныя вечары, вечары адпачынку, дыскапраграмы спалучаюць самыя розныя віды мастацкай творчасці, аб’ядноўваюць маладых людзей, актывізуюць іх творчы патэнцыял і ініцыятыву.

Разам з тым, наяўнасць розных накірункаў сучаснай музыкі патрабуе ўліку інтарэсаў прадстаўнікоў кожнага маладзёжнага напрамку ў межах асобна ўзятай дыскатэчнай праграмы. У адрозненне ад буйных гарадоў мы не маем магчымасці стварыць клубы і праводзіць дыскатэкі толькі для прадстаўнікоў адной субкультуры. І гэта прымушае да актыўнага пошуку і ўкаранення новых форм работы.

Сапраўднай удачай можна лічыць тут забаўляльны праект “Кампані”, распрацаваны летась спецыялістамі ГДК для папулярызацыі розных відаў і стыляў маладзёжнай музыкі: танцавальны калектыў “Стрыт Старз” і рэп-гурт “Стрыклі” правялі больш за 20 выязных дыскатэк на базе сельскіх клубаў. Поруч з рэалізацыяй уласных творчых праграм яны праводзяць анкетаванне і апытанне сярод наведвальнікаў, вывучаюць іх музычныя прыхільнасці. У агульную канцэпцыю праекта арганічна ўпісваецца і новая творчая праграма “У стылі новага часу” народнай студыі арыгінальнага танца “Альянс” гарадскога Домакультуры.

Зарука поспеху — сістэмнасць

Прапагандзе сярод падлеткаў і моладзі здаровага ладу жыцця, далучэнню іх да музычна-танцавальнай культуры садзейнічаюць раённыя семінары, “круглыя сталы”, семінары-практыкумы, творчыя сустрэчы, лабараторыі. Летась разам з аддзелам па справах моладзі, БРСМ, раённым тэрытарыяльна-медыцынскім аб’яднаннем на базе Станькаўскага СДК быў праведзены раённы семінар “Моладзь. Вольны час. Здароўе”. А вопыт работы Фаніпальскага ГДК па прапагандзе экалагічнай тэматыкі ў дыскатэчных праграмах стаў тэмай чарговых выязных заняткаў абласной школы дзі-джэяў. Моладзь Дзяржыншчыны актыўна ўдзельнічае і ў патрыятычных акцыях “За Беларусь!”, “Мы — беларусы!”.

Дыскатэчныя праграмы, што ладзяцца ў клубных установах раёна, маюць інфармацыйны, выхаваўчы, пазнаваўчы характар і праводзяцца для дзяцей, падлеткаў і моладзі з абавязковым іх уцягненнем у падрыхтоўку і правядзенне танцавальных вечароў. Для павышэння ролі дыскатэк у арганізацыі вольнага часу моладзі пры ГДК паспяхова дзейнічае клуб дзі-джэяў. Летась прайшоў раённы фестываль дыскатэчных праграм, а ў чэрвені бягучага года пройдзе раённы конкурс дыскатэчных вядучых “Хэй, дзі-джэй!”, па выніках якога будзе выдадзены зборнік лепшых дыскатэчных сцэнарыяў.

Аддзел культуры райвыканкама зацвярджае рэпертуар дыскатэк і кантралюе іх дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам. З усімі зацікаўленымі раённымі арганізацыямі праводзяцца сумесныя рэйды па месцах масавага адпачынку моладзі. У час летняга адпачынку юнакоў і дзяўчат аддзел культуры распрацоўвае асобны план работы ў аздараўленчых летніках і па месцы жыхарства моладзі. Акрамя таго, згодна з распараджэннем райвыканкама, на летняй эстрадзе ў дзіцячым парку Дзяржынска з чэрвеня па жнівень ладзяцца канцэрты выхаднога дня, гульнёвыя марафоны, конкурсы, працуюць атракцыёны і летняя кавярня “Лесавічок”.

Пашыраецца сфера платных паслуг. Летась даход ад іх склаў 402,5 мільёна рублёў, у тым ліку 143,5 мільёна атрымана ад дзейнасці дыскатэк, якія праводзяцца ў 27 клубных установах. Натуральна, гэтыя грошы пайшлі на дадатковае набыццё сучаснай апаратуры і на матэрыяльнае стымуляванне лепшых работнікаў галіны. Раней ініцыяванае Міністэрствам культуры зніжэнне падатку на дабаўлены кошт прынесла станоўчыя вынікі: павялічыўся аб’ём грашовых сродкаў нашых устаноў. Я перакананы, што далейшы перагляд сённяшняй сістэмы падаткаабкладання, у тым ліку падатку на прыбытак, садзейнічаў бы больш інтэнсіўнаму развіццю нашай культуры.

Стан матэрыяльна-тэхнічнай базы клубных устаноў раёна — пастаянны аб’ект увагі мясцовых улад і аддзела культуры. Пры цэнтральных клубных установах абсталяваны месцы для правядзення культурна-аздараўленчых і спартыўных заняткаў. У дамах культуры і клубах рэканструяваны і адрамантаваны дыскатэчныя памяшканні, ёсць сучасная апаратура і камп’ютэрная тэхніка. Для гэтага са сродкаў раённага бюджэту выкарыстана 73,9 мільёна рублёў, са спецыяльных сродкаў — 89,4 мільёна рублёў. Вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню і павышэнню ўзроўню работы ўстаноў культуры 6-ці аграгарадкоў.

Падзяляй і ўладарнічай

Практыка арганізацыі і правядзення дыскатэк на Дзяржыншчыне паказвае, што гэтая сфера развіваецца дынамічна, асэнсавана і вымагае пэўнага перагляду і трансфармацыі старых метадаў і прынцыпаў дзейнасці. У выніку актыўнай працы з 2000 года па абласной праграме “Дыскатэка” стала відавочна, што будучае нашых устаноў культуры наўпрост залежыць ад прыцягнення да гэтай працы творчай моладзі і стварэння спрыяльных умоў для іх прафесійнай і творчай рэалізацыі менавіта на гэтай базе. Не сакрэт, што спецыфіка Дзяржынскага раёна заключаецца ў тым, што ён знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад Мінска, і з 18 тысяч маладых людзей, што пражываюць у Дзяржынску і раёне, больш за 8 тысяч штодня выязджаюць на вучобу альбо працу ў сталіцу. Натуральна, што ўплыў Мінска і мінскай культуры мы адчуваем пастаянна. І разумеем, што не можам, не маем права адставаць ад лепшых сталічных узораў арганізацыі вольнага часу моладзі, — інакш яна проста “збяжыць” у клубы і на дыскатэкі ў Мінск.

На сённяшні дзень праца дыскатэк раёна арыентавана на тры ўзроставыя катэгорыі. Першая з іх — так званыя дзіцячыя дыскатэкі. Дадзены накірунак работы асабліва актуальны сёння, таму што літаральна праз пару тыдняў мы ўступаем у канікулярны перыяд, а значыць, мусім дбаць пра арганізацыю лагернага аздараўлення нашых дзяцей, клапаціцца пра тое, каб іх вольны час праходзіў мэтанакіравана, з карысцю для іх саміх і з пэўным развіваючым складнікам. Не малая роля тут устаноў культуры раёна. Мы, дарэчы, ужо правялі семінар, прысвечаны асаблівасцям працы з гэтай катэгорыяй дзяцей.

Другая ўзроставая катэгорыя дыскатэк — падлеткавыя, якія ладзяцца ўвечары да 23-й гадзіны. Тут значную ўвагу неабходна надаць пашырэнню дыяпазону саміх дыскатэк і дыскатэчных праграм, увядзенню самых разнастайных іх форм. Прычым з прыцягненнем да гэтай працы, да прыкладу, БРСМ. Гэта надзвычай карысная і плённая праца — правядзенне сумесных культурна-забаўляльных акцый. І, вядома ж, трэцяя катэгорыя дыскатэк, адрасаваная старэйшай узроставай аўдыторыі,— так званыя начныя дыскатэкі.

Вячэрнія і начныя дыскатэкі мы разглядаем таксама з улікам яшчэ трох асноўных прынцыпаў. Першы з іх — тэхнічнае забеспячэнне, якое сёння ў працы па арганізацыі дыскатэк займае не апошняе месца. Ладзяцца самыя разнастайныя лазерныя шоу, пенныя дыскатэкі, на сённяшні дзень практычна ўсе стацыянарныя ўстановы культуры раёна забяспечаны генератарамі дыму, снегу, мыльных бурбалак. Натуральна, што спецыфіка такіх дыскатэк вызначае і сістэму дрэскодаў: на пенных дыскатэках наведвальнікам прапануецца прытрымлівацца “лёгкай” формы адзення і г. д. Такія дыскатэкі забаўныя і выклікаюць шырокі інтарэс і запатрабаванасць. І, самае галоўнае, іх наведвальнікі сацыялізуюцца на нармальнай эстэтычнай хвалі. Дарэчы, актыўна мы выкарыстоўваем пад час такіх дыскатэк і піратэхнічныя паслугі, у першую чаргу дзякуючы таму, што ў Дзяржынску размяшчаецца адзіная на Беларусі структура, якая забяспечвае піратэхнічнымі вырабамі ўсю нашу краіну, у тым ліку і буйныя шоу, святы гарадоў і г. д. Не меншае значэнне мае і якасць гуку.

Прынцып дыскатэкі як формы адпачынку таксама вымагае сёння пэўнага перагляду. Не сакрэт, што форма, калі дзі-джэй проста “круціць музыку”, сябе практычна зжыла. Найперш таму, што маладзёжная аўдыторыя мае вельмі шырокую палітру музычных інтарэсаў: адным падабаецца сучасная эстрадная музыка, другім— хіп-хоп, трэція аддаюць перавагу року. Улічваючы гэты фактар, мы актыўна практыкуем профільныя дыскатэкі, для кожнай з якіх распрацаваны адпаведныя праграмы. Падобнае арыентаванне дыскатэчных праграм дае магчымасць больш шчыльна працаваць з канкрэтнымі групамі моладзі, вызначаць стратэгію ўласных дзеянняў.

Мы мусім абазначыць яшчэ адзін важны накірунак: так званыя аўтарскія дыскатэкі, калі выкарыстоўваецца не “гатовая” музыка, а працуе дзі-джэй, які піша ўласныя міксы. Гэтая практыка надзвычай распаўсюджана сёння за мяжой, ды і сталічныя клубы амаль усе працуюць па гэтым прынцыпе. І мы, натуральна, ствараем умовы для “вырошчвання” такіх дзі-джэяў у нашых колах, прычым не толькі ў стацыянарных установах культуры, але і на перасоўным аўтаклубе.

Дарэчы, у Дзяржынскім ГДК маецца ўласная студыя гуказапісу, дзе маладыя людзі практыкуюцца ў рэалізацыі сваіх творчых памкненняў і маюць магчымасць ствараць уласны музычны прадукт, ад самага пачатку і да мастэрынгу. Тыя ж міксы нашых дзі-джэяў запісваем на СD-дыскі, прадаём іх на нашых дыскатэках. Такім чынам зарабляем дадатковыя грошы.

Гэткая разнастайнасць форм дыскатэчнай працы патрабуе наяўнасці ў камандзе, нароўні з іншымі, і МС, альбо, як у нас часта называюць, — культарганізатара. Іншымі словамі, чалавека, які будзе працаваць на дыскатэцы непасрэдна з наведвальнікамі, папулярызаваць той ці іншы накірунак клубнай культуры, праводзіць конкурсы, распавядаць пра выканаўцаў — кантраляваць і рэгуляваць жыццё залы. Толькі тады дыскатэка будзе мець не толькі забаўляльны характар, але можна будзе гаварыць і пра яе пэўны развіваючы эфект.

Выхаваць дзі-джэя

Адна з найважнейшых праблем, якая стаіць перад намі па-ранейшаму востра, — кадры. На жаль, у пытаннях пераарыентацыі клубных работнікаў і папаўнення штату маладымі спецыялістамі мы не можам цалкам разлічваць адно толькі на выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Іх вузкім перапрафіляваннем з улікам асаблівасцей працы канкрэтных устаноў нашага раёна даводзіцца займацца на месцах, па сутнасці, “перавучваючы” пад канкрэтную спецыялізацыю.

А таму мы робім упор на пошук перспектыўных кадраў на месцах, якіх потым адпраўляем вучыцца мэтава. Асноўная ж сістэма падрыхтоўкі ў раёне — штомесячныя раённыя семінары, пад час якіх адбываецца навучанне метадалогіі правядзення дыскатэк, іх напаўнення, засваенне пэўных тэхналагічных навыкаў.

Адкуль бяром самі кадры? Перш за ўсё, гэта павінен быць нефармальны лідэр сярод моладзі, чалавек, які ўмее знаходзіць агульную мову са сваімі равеснікамі. І работнік культуры павінен здолець убачыць такога лідэра, прыцягнуць да сябе, зрабіць яго цэнтрам прыцягнення астатняй моладзі. Тады дыскатэцы амаль гарантавана будзе наведвальнасць, папулярнасць, кіруемасць і, адпаведна, прыбытковаасць.

А як жа справы на вёсцы? Там значна дапамагае “Праграма адраджэння і развіцця вёскі”, якая, у прыватнасці, падстаўляе нам сваё “плячо” ў плане рамонту ўстаноў культуры і стварэнні паўнавартасных баз для работы з моладдзю. У тыя населеныя пункты, дзе няма стацыянарных устаноў культуры, выязджае спецыяльна абсталяваны аўтаклуб: дзі-джэй са сваёй “групай падтрымкі”, якія навучаюць моладзь на месцах сучаснай танцавальнай культуры. Такім чынам, мэтавыя дыскатэкі працуюць не толькі ў горадзе, але і распаўсюджваюцца на вёску. Дарэчы, па выніках іх праводзіцца маніторынг, які дазваляе бачыць карціну маладзёжных інтарэсаў у тых ці іншых населеных пунктах і з улікам іх каардынаваць нашу далейшую працу.

Словам, перспектыва далейшай працы па арганізацыі і правядзенні дыскатэк, на мой погляд, мусіць развівацца па трох асноўных накірунках: тэхнічнае забеспячэнне, падрыхтоўка кадраў і належнае напаўненне дыскатэчных праграм. Ну і, вядома ж, не можам мы забывацца на эканамічны эфект, бо матэрыяльная аддача, якую мы атрымліваем ад дыскатэк, з’яўляецца, па сутнасці, тым самым грашовым “эквівалентам”, што дазваляе меркаваць аб эфектыўнасці нашай працы і яе запатрабаванасці ў маладзёжных колах.