Прэцэдэнт скасавання прэцэдэнту?

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Гісторыя з гомельскім прадстаўніцтвам веткаўскага музея не завершана
Ад Веткі да Гомеля няма і 20 кіламетраў. Каб не чарнобыльская навала, раённы цэнтр даўно стаў бы мікрараёнам цэнтра абласнога. Прынамсі, яшчэ на пачатку 1980-х ішла гаворка аб адкрыцці тралейбуснага маршрута паміж згаданымі гарадамі. Але ў 1986-м здарылася тое, што здарылася. Я жыву цяпер у Мінску, але застаюся, як мне падаецца, патрыётам роднай Веткаўшчыны. І калі работнікі культуры Беларусі даведваюцца, адкуль я родам, рэакцыя ў іх заўжды адзіная: “А! Знакаміты музей! Шкляраў, Нячаева!” Я гэтым вельмі ганаруся. Сённяшняя гаворка — менавіта пра гонар.

/i/content/pi/cult/630/14007/4-1.jpgЯ быў добра знаёмы з заснавальнікам музея Фёдарам Шкляравым, і з сённяшнім кіраўніком установы Галінай Нячаевай сябруем з дзяцінства. А на другім паверсе музея ў Ветцы — “мой” абраз Святога Міколы, які з юнацтва накіроўвае маё бадзяжнае жыццё. Так атрымалася, што з родных у Ветцы толькі і засталіся што музейшчыкі ды гэтая ікона… Але хопіць лірыкі.

Гісторыя пра гісторыю

Гаворка, як вы здагадаліся, не пра музей, а пра яго гомельскі філіял. Пагадзіцеся, факт (у раённай установы ёсць у абласным цэнтры філіял) не мае ў краіне аналагаў. Як быў створаны прэцэдэнт, што сам па сабе пераўтварыўся ў брэнд і Веткі, і Гомеля? Тут абгрунтаваная настырнасць Галіны Нячаевай паспрыяла. Яна як разважала? Аналаг краязнаўчага музея ў Гомелі — палаца-паркавы ансамбль, дзе прэзентуецца збольшага шляхецкая (калі хто не ведае — “дворянская”, па-руску кажучы) культура. Вось таму Нячаева і захацела займець у абласным цэнтры філіял, які прапагандаваў бы гарадскім дзеткам (і не толькі) культуру народную, на якую Веткаўшчына, шчодрая на талентавыяўленні, ніколі не мела браку.

І ўсё ў Галіны атрымалася! Падтрымалі яе тагачасныя старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон і старшыня аблсавета дэпутатаў Валянцін Сяліцкі. Я запытаўся ў Нячаевай: “Так усё без перашкод і атрымалася?” І пачуў адказ: “А Якабсон з Сяліцкім нас любілі!” Я часта паўтараю ў сваіх артыкулах пра наша народнае мастацтва, што ўсё тут — ад любові ці ад поўнай адсутнасці гэтага пачуцця… Філіял Веткаўскага музея народнай творчасці з’явіўся ў Гомелі ў 2001 годзе. Ён змяніў некалькі адрасоў, а ў 2008-м атабарыўся ў палаца-паркавым флігелі, дзе раней быў шахматна-шашачны клуб.

Так што раённы цэнтр з цэнтрам абласным злучыў не гомельскі тралейбус, а веткаўскі музей. Факт, варты занатавання ў кнігу нацыянальных культурных рэкордаў.

Гісторыя пра “ёсць меркаванне”

На мінулых выхадных СМІ паведамілі пра тое, што ёсць меркаванне скасаваць згаданы філіял. Не буду падрабязна пераказваць храналогію падзей. За мяне гэта (канспектыўна ды тэзісна) зробіць загадчык філіяла Пётр Цалка:

— 17 сакавіка ў Веткаўскім музеі генеральны дырэктар Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ірына Пырко катэгарычна прапанавала перавесці філіял у Ветку, у будынак былога райкама партыі, дзе сёння месцяцца фонды музея. На наступны дзень я звярнуўся па “гарачай лініі” да губернатара Уладзіміра Дворніка. Ён зазначыў, што размяшчэнне філіяла на тэрыторыі палацавага ансамбля — рэч не зусім правільная. Маўляў, палацу — палацава, а філіял вяртаецца ў Ветку. Яна разам з вёскай Хальч, дзе ёсць свой палац, павінна прыцягнуць яшчэ большую колькасць турыстаў…

Без каментараў тут не абысціся. За гады існавання ў вобласці філіял стаў сярод гараджан папулярным адукацыйным цэнтрам. У прастору інтэрактыўнай музейнай дзейнасці арганічна ўпісаліся майстар-класы па вырабе знакамітага неглюбскага ручніка (на рэканструкцыю неглюбскага строя атрыманы прэзідэнцкі грант), школы традыцыйных танцаў, песень ды абрадаў, рэгіянальныя фэсты ткацтва і хараводаў. І стратнымі гэтыя намаганні ніяк не назавеш, бо штогод філіял наведваюць дзесяць тысяч аматараў беларускай духоўнай спадчыны. Ці трэба яшчэ доказы, што тут робіцца справа надзвычайнай ідэалагічнай важнасці: гартуецца нацыя? Дый палацава-паркаваму ансамблю, усёй вобласці карысць відавочная. Як-ніяк і за кошт філіяльных старанняў колькасць палацавых наведванняў трымаецца на досыць высокім узроўні. І турыстычнае Залатое кольца Гомельшчыны — не пусты гук. Пабываюць турысты ў палацы, палюбуюцца паркам, зойдуць у філіял, пабачаць ручнікі, пачуюць родную мову, патанчаць разам з музейшчыкамі — і ў Ветку скіруюцца. Урэшце бюджэт ад аказання музейных паслуг у нас — адзіны. І зусім ужо смешны аргумент у падтрымку еднасці палаца і флігеля. Ці ж існавала шляхта без чэлядзі?

Што да Хальча з палацам, дык “К” неаднаразова пісала пра тое, што гэты ўнікальны будынак стаіць апошнім часам без справы і руйнуецца на гора аматарам даўніны. (Ды што там “апошнім часам”! Усё маё дзяцінства-юнацтва “белы дом” на высокім маляўнічым беразе прывабліваў увагу веткаўцаў, але пры гэтым асаблівай духоўнай нагрузкі не нёс. На сёння пра нейкія кардынальныя змены цягам рэкорднага часу і размовы быць не можа!)

Але вернемся да расповеду Пятра Цалкі:

— 20 сакавіка прайшла нарада. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ірына Даўгала зазначыла, што афіцыйнага рашэння аб закрыцці філіяла не прынятае…

Маю толькі адно пытанне: яшчэ ці ўжо?

Вось дык гісторыя!

Ну чаму так атрымліваецца, што нацыянальную культуру пастаянна трэба ратаваць? Увесь час камусьці настойліва даводзіць, што словы “будаваць-ствараць” і “руйнаваць-зачыняць”, — ніяк не сінонімы? Неабходна тлумачыць, што без беларускай традыцыйнай культуры мы не маем права лічыцца нацыяй і ўласнымі рукамі выклікаем пагрозу ўласнай нацыянальнай незалежнасці?

Карпатліва выгадаваную яблыню, якая шчодра пладаносіць і корміць усё наваколле, не пераносяць на іншую глебу, а любяць і ганарацца ёю. Як завяршыцца гісторыя з нашай “яблыняй”?

***

Летась, 26 красавіка, у дзень 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у фінальным канцэрце дабрачыннага творчага марафону “Адраджэнне”, які адбыўся ў гэты дзень у Ельску. Падчас мерапрыемства Прэзідэнту Беларусі ўручылі неглюбскі ручнік-абярэг “Кола жыцця”. Гэты ўнікальны, 30-метровы, ручнік быў створаны ткачыхамі з вёскі Неглюбка Гомельскай вобласці і сімвалізуе гады, якія мінулі з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Уручаючы выраб Прэзідэнту, адна з ткачых папрасіла Кіраўніка дзяржавы захоўваць ручнік у Палацы Незалежнасці, каб ён аберагаў краіну ад войнаў і катастроф. Тады Аляксандр Лукашэнка назваў ручнік “лепшым падарункам за 20 гадоў на пасту Прэзідэнта”.

Дадамо, у Гомелі неглюбскія ручнікі можна было ўбачыць менавіта ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і народных традыцый імя Фёдара Шклярава.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"