Моршчымся ад мэйнстрыму, але ж…

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Нацыянальнае кіно: праўда і міфы / Частка IІ
Працягваем “разглядаць” міфы адносна беларускага кіно вачыма прадстаўнікоў кінасферы. Скарочаны фармат гэтага матэрыялу, які атрымаў форму тэсту, быў надрукаваны на вэб-рэсурсе “Sputnik.by”. Больш поўная версія апытання — да ўвагі чытычоў “К”, хоць і мы, вядома, рабілі пэўныя скарачэнні.

Міф дзявяты. Беларусь з’яўляецца базай для расійскай кінавытворчасці.

Сяргей ЯКУБОЎСКІ, прадзюсар студыі “НашаКіно Production”:

— Нашы медыя актыўна мусіруюць тэму, маўляў, расійскія кінематаграфісты падахвоціліся працаваць у Беларусі выключна дзеля выгоды. Гэта вельмі надуманае меркаванне. Беларусь  — далёка не Мекка для вытворчасці серыялаў, тут здымаецца зусім невялікая колькасць тэлекантэнту, які вырабляецца ў Расіі. І не існуе аніякай абавязковай прывязкі да беларускага кінарынку. Магу так сцвярджаць, таму што сам 12 гадоў працую ў галіне. Можна казаць, што існуе пэўная сувязь асобных кінематаграфістаў, ураджэнцаў Беларусі, якія працуюць зараз у Маскве. Альбо выпадкі, напрыклад, рэжысёра Дзмітрыя Астрахана, які шмат працаваў у Беларусі ў дзевяностыя і ў нулявыя. Потым сюды здымаць кіно прыйшла кампанія Валерыя Тадароўскага. Але не таму, што выгадна, а таму, што камфортна. Прыязджаюць у Беларусь і з іншых прычын: рэкамендацыі калег, сцэнарый пасуе мясцовай натуры, трэба здымаць аб’екты савецкага часу. А так расіянам ёсць дзе працаваць, у гэтым плане Мінск як кінапляцоўка канкурыруе з Яраслаўлем, Ноўгарадам, Цверру.

Міф дзясяты. Сёння зняць фільм можа кожны, хто жадае, проста сабраўшы сяброў і ўзброіўшыся смартфонам.

Андрэй КУЦІЛА, рэжысёр-дакументаліст:

— Каб мне прапанавалі здымаць стужку толькі на мабільны тэлефон, я, напэўна, адмовіўся б. У прафесійным плане гэта вельмі нязручна — патрэбна яшчэ шмат прыстасаванняў, каб атрымаць прыстойную карцінку. У гэтым сэнсе агучаную прапанову трэба ўспрымаць не літаральна, а больш метафарычна, у сэнсе “сёння не патрэбны вялікія грошы, каб здымаць кіно”. Наогул, трэба быць дурнем, каб наўмысна здымаць кіно на мабільны тэлефон, калі гэтага не патрабуе стылістыка ці, напрыклад, не стаіць мэта трапіць на фестываль кшталту “Smartfilm”. Бо сёння якасная лічбавая тэхніка ёсць ў шырокім доступе і яе арэнда не так дорага каштуе. Куды больш важна ўлічваць мастацкі бок справы — без адпаведнай падрыхтоўкі, канцэпцыі ці сцэнарыя зрабіць добрае кіно наўрад ці атрымаецца. Але сапраўды, зняць самастойна стужку, якую потым можна паказаць у кінатэатры, сёння даволі проста. Напрыклад, расіянін Зміцер Калашнікаў зрабіў фільм “Дарога”. Ён зманціраваны з відэа, знятых аўтамабільнымі відэарэгістратарамі. Рэжысер наогул не працаваў з камерай, толькі сабраў увесь матэрыял, зманціраваў, а гэты фільм пасля трапіў на вялікі замежны фестываль.

Міф адзінаццаты. Без падтрымкі Мінкультуры немагчыма зняць фільм, а потым паказаць яго ў кінатэатры.

Улада СЯНЬКОВА, рэжысёр:

— Зняць сваё кіно і самастойна паказаць яго ў кінатэатры — задача ажыццяўляльная, але сам працэс больш нагадвае бег з перашкодамі. Паколькі ў Беларусі няма аформленага інстытута незалежнага кінапрадзюсавання, а атрымаць у дзяржавы дапамогу фактычна немагчыма, дэбютанту даводзіцца альбо вучыцца пяць гадоў у Акадэміі мастацтваў, альбо здымаць за ўласны кошт.

Каб паказаць зробленую карціну ў кінатэатрах, трэба стаць індывідуальным прадпрымальнікам з перспектывай аплаты падаткаў. У якасці запаснога варыянта можна звярнуцца па дапамогу да прыватных дыстрыб’ютараў, але іх паслугі каштуюць нятанна, і гэтыя людзі, хутчэй за ўсё, захочуць падрэзаць ваш фільм пад свой уласны густ. Таму давядзецца дамаўляцца з кінатэатрамі самастойна. Калі ў Мінску з гэтым асаблівых праблем няма, то ў абласных цэнтрах вашу карціну, хутчэй за ўсё, не возьмуць. Проста таму, што адны чыноўнікі баяцца атрымаць па шапцы за ініцыятыву, а ўстановы — імкнуцца зарабляць. На аўтарскім жа кіно, у адрозненні ад “Трансфомераў”, шмат грошай не “наварыш”. І ў выніку пракат удаецца зладзіць толькі ў трох абласцях. Укладваемся ў рэкламу, плацім у ФСАН, выплачваем падатак па дэкрэце № 3 за час, які быў страчаны на постпрадакшн. Узнікае пытанне: ці стане незалежны беларускі рэжысёр здымаць сваё другое кіно такім жа чынам? Тут ужо пытанне волі і імпэту.

Міф дванаццаты. Прыватны бізнес не бачыць сэнсу ў спансіраванні кінавытворчасці.

Дзмітрый ФРЫГА, незалежны кампазітар і прадзюсар:

— Гэта сцявярджэнне хутчэй не з катэгорыі міфаў, а аб’ектыўных эканамічных рэалій. Бізнес жа працуе не па разнарадках і “птушачках” — ён лічыць грошы. Чалавек, які нам дапамагаў шукаць партнёраў для здымак камедыі “Party-zan фільм”, сказаў, што яшчэ год таму знайсці 50 тысяч долараў для фільма было гэтак жа проста, як пстрыкнуць пальцамі. Зараз рэкламныя бюджэты зрэзаліся напалову, а потым ад гэтай паловы яшчэ напалову. Бізнес, які мог бы выступіць патэнцыйным партнёрам, элементарна не ўпэўнены, што будзе праз месяц. Таму ўкласці дзесяць, дваццаць тысяч долараў у прадакт-плэйсмэнт для яго вельмі рызыкоўны крок. Тым больш, такі від рэкламы для нашай краіны не прапрацаваны. Калі мы тлумачылі партнёрам, што за мяжой прадакт-плэйсмэнт вельмі моцна развіты, усе вядомыя фільмы працятыя рэкламай, і яна, у адрозненне ад тэлевізійнай, можа працаваць на фірму гадамі, людзі з намі пагаджаліся. Але ўсё роўна далёка не ўсе сёння гатовыя на падобныя эксперыменты.

Міф трынаццаты. У Міністэрства культуры ёсць дакладная стратэгія развіцця нацыянальнага кінематографа.

Андрэй КУРЭЙЧЫК, рэжысёр, сцэнарыст, драматург:

— Варта падзяляць фармальную дакументацыю Міністэрства культуры, якая гадамі існуе ў адных і тых жа фармулёўках, і рэальную канцэпцыю, якая мае на ўвазе актуальную ацэнку сітуацыі, шляхі выхаду з яе.

На мой погляд, Міністэрства культуры з часоў Паўла Латушкі не падыходзіла да гэтага пытання сістэмна. Тады была ўведзена сістэма конкурсаў, створана нарматыўна-прававая база, набліжаная да больш дасведчаных у гэтай працы краін. У працэс абмеркавання праблем кінематографа былі ўцягнутыя незалежныя прадзюсары і моладзь. У далейшым гэтыя ідэі былі пераведзены ў іншае рэчышча. Водападзелам стаў праект “Мы, браты”.

Міф чатырнаццаты. Беларускае кіно не паказваюць у кінатэатрах, таму што яго адтуль выціснуў Галівуд.

Максім СЫРЭЦ, каардынатар фестывалю “Cinema Perpetuum Mobile”:

— Міф мае права на жыццё, але толькі пасля разгляду таго, што ў нас адбываецца з кінематографам. Не варта шукаць прычыну правалу беларускага кінематографа за акіянам, калі відавочныя прычыны знаходзяцца побач альбо нават у нас саміх.

У агучанай праблемы ёсць некалькі бакоў. Па-першае, беларускага кіно здымаецца яшчэ пакуль не дастаткова шмат, каб яно было здольнае на канкурэнцыю.

Па-другое, фіяска белкіно ў кнатэатрах можна звязаць з тым, што яно не заўжды з’яўляецца “глядзельным” для масавага гледача. Буйныя камерцыйныя кінапраекты часцяком аказваюцца не самай лепшай якасці. З іншага боку, малабюджэтны незалежны кінематограф паступова знаходзіць свайго гледача, але гэтага гледача пакуль так мала, што нават аб паўнавартасным пракаце такога кіно гаворку весці нельга.

Па-трэцяе, дзяржава раз-пораз умешваецца пэўным чынам у сферу кіно. Гэта нярэдка замінае нармальнаму рынкаваму развіццю кінавытворчасці ў краіне.

Міф пятнаццаты. У Беларусі існуюць аднолькавыя ўмовы атрымання дзяржаўных грантаў на кінавытворчасць як для “Беларусьфільма”, так і для незалежных аўтараў і прыватных кампаній.

Андрэй КУДЗІНЕНКА, рэжысёр:

— Нават калі прыватнік выйграе грант на здымкі, ён абавязаны вярнуць з будучага прыбытку ў дзяржбюджэт тую працэнтную частку, што дзяржава вылучыла фільму (50 — 70%), у той час як “Беларусьфільм” атрымлівае грант на бязвыплатнай аснове. Увесь атрыманы тут прыбытак выкарыстоўваецца на гаспадарчыя патрэбы, для развіцця новых праектаў. На гэту відавочную супрацьлегласць я ўказваў яшчэ колішняму міністру культуры Паўлу Латушку. Незалежны аўтар ад студыі-дэбютанта разлічваць на фінансаванне фактычна не можа, бо ўдзельнічаць у Рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў могуць толькі юрыдычныя асобы, якія маюць кваліфікаваны персанал, досвед працы ў галіне кінематаграфіі не менш за 5 гадоў, наяўнасць уласнага бюджэту, распісанага плана камерцыйнага прасоўвання карціны. Іншымі словамі, рэжысёр мусіць заручыцца падтрымкай як мінімум аднаго афіцыйна аформленага прадзюсара, у якога знойдуцца грошы на вытворчасць і шмат супрацоўнікаў. Дзе ў нашых шыротах знайсці такога (няфэйкавага) партнёра, не ўяўляю.

Міф шаснаццаты. У Беларусі кожны год ладзяцца “першыя” міжнародныя фестывалі, здымаюцца “першыя” карціны. Мы ўсе знаходзімся ў асяродку новага кінамастацтва?

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, журналістка:

— З прыходам новых тэхналогій у кіно “дыскурс першага” захапіў кінематаграфістаў. Першы фестываль кароткаметражных фільмаў, першы супер-пупер праект беларускага кіно, першая беларуская кінакамедыя… Насамрэч, мы толькі распачалі гэты праменад амбіцый, які дэманструе, з аднаго боку, імпэт зрабіць тое, чаго раней не было, а з іншага — сцвердзіцца ў сваёй “першасці”. Вакол нас трава не расце, вада не цячэ. Прыйшлі новыя мы (прадзюсары, кінарэжысёры, сцэнарысты) — і пачынаецца новы адлік часу.

Безумоўна, айчыннае кінаполе мае шмат прагалаў, якія варта запаўняць: ствараць сваю асабістую мову, вынаходзіць свае кіно і фестывальныя фарматы, але ў той жа час варта разумець, што гісторыя нават такой маладаследаванай сферы, як беларускае кіно, не распачынаецца ў 2010-х.

“Дыскурс першага” — сімптом знаёмай хваробы беларускага грамадства на адсутнасць цікавасці да свайго мінулага, нават недалёкага, якое мае шмат версій, а не адну генеральную лінію. Гэта, вядома, і следства неструктураванасці сучаснага кінаполя, паказчык адсутнасці аўтарэтэтаў, адпаведнай базы дадзеных кінаініцыятыў, актыўнай працы інстытуцый, іх даследаванняў, сеткі спецыялізаваных выданняў, прысвечаных беларускаму кіно… Так, усё гэта патрабуе выбудовы, стварэння і распаўсюджання. Але пры гэтым, колькі працы не мелася б наперадзе, ніхто не замінае рэжысёрам “першых беларускіх” камедый, трылераў ды дэтэктываў, стваральнікам “першых” фестываляў і кінатыдняў перад гучнай заявай вядомым шляхам пашукаць у інтэрнэце сваіх папярэднікаў. Магчыма высветліцца, што хтосьці яшчэ ў 1980-х быў ужо трэцім у гэтым кірунку.

***

З прапановай пракаментаваць меркаванні “К” звернулася да слыннай рэжысёрскай постаці, заслужанага дзеяча мастацтваў нашай краіны, намесніка галоўнага дырэктара па творчых пытаннях Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Вячаслава НІКІФАРАВА. У бліжэйшых нумарах — водгук вядомага майстра.

Аўтар: Тарас ТАРНАЛІЦКІ
кінааглядальнік