Конкурс бібліятэк плюс сайт

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Днямі ў Сеціве з’явіўся новы сайт, створаны спецыяльна пад рэспубліканскі конкурс “Лепшая бібліятэка года”, які ладзіць Беларуская бібліятэчная асацыяцыя.

Як патлумачыла “К” старшыня савета ББА, першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Даўгаполава, стварэнне сайта павінна прыцягнуць яшчэ большую ўвагу айчынных бібліятэкараў да конкурсу і заахвоціць іх да актыўнага ўдзелу ў акцыі.

— На сёння ў нас маецца толькі 5 заявак ад бібліятэк Беларусі, а гэта вельмі мала, бо конкурс пачаўся яшчэ 22 лютага, — адзначыла візаві. — Таму мы разам з нашымі партнёрамі — Агенцтвам Уладзіміра Граўцова — і вырашылі пайсці на стварэнне сайта.

Як нагадала суразмоўца, у конкурсе могуць прыняць удзел айчынныя бібліятэкі ўсіх тыпаў і ведамаснай прыналежнасці, бо перамогу можна атрымаць у розных намінацыях, такіх як “Лепшая публічная бібліятэка”, “Лепшая навуковая бібліятэка”, “Лепшая бібліятэка ВНУ”, “Лепшая спецыяльная бібліятэка”, “Лепшая школьная бібліятэка”. Журы будзе разглядаць бібліятэчныя праекты, якія былі рэалізаваны цягам 2016 года і мелі сацыяльна-значны эфект.

Прадстаўляць конкурсныя работы на самім сайце, як патлумачыла Алена Даўгаполава, не плануецца, бо кожная бібліятэка выбірае фармат падачы матэрыялаў самастойна: гэта можа быць як тэкставая інфармацыя, так і візуальная — з фотаздымкамі, малюнкамі і нават відэаролікамі. Абавязковай для канкурсантаў з’яўляецца наяўнасць прэзентацыі праекта.

Падача матэрыялаў на конкурс заканчваецца 15 мая, а 16 чэрвеня плануецца абвясціць вынікі бібліятэчнага спаборніцтва.

— У гэты дзень у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдзе ўрачыстае пасяджэнне да 25-годдзя Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, — патлумачыла суразмоўца.

Лаўрэаты конкурсу атрымаюць не толькі дыпломы, але і каштоўныя падарункі, напрыклад, сертыфікаты намінальным коштам 500 рублёў на набыццё літаратуры. А ўсім удзельнікам конкурсу будзе прадастаўляцца зніжка ў памеры 5 % на набыццё кніг замежных выдавецтваў да канца 2017 года.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"