Як патлумачыла “К” старшыня савета ББА, першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Даўгаполава, стварэнне сайта павінна прыцягнуць яшчэ большую ўвагу айчынных бібліятэкараў да конкурсу і заахвоціць іх да актыўнага ўдзелу ў акцыі.
— На сёння ў нас маецца толькі 5 заявак ад бібліятэк Беларусі, а гэта вельмі мала, бо конкурс пачаўся яшчэ 22 лютага, — адзначыла візаві. — Таму мы разам з нашымі партнёрамі — Агенцтвам Уладзіміра Граўцова — і вырашылі пайсці на стварэнне сайта.
Як нагадала суразмоўца, у конкурсе могуць прыняць удзел айчынныя бібліятэкі ўсіх тыпаў і ведамаснай прыналежнасці, бо перамогу можна атрымаць у розных намінацыях, такіх як “Лепшая публічная бібліятэка”, “Лепшая навуковая бібліятэка”, “Лепшая бібліятэка ВНУ”, “Лепшая спецыяльная бібліятэка”, “Лепшая школьная бібліятэка”. Журы будзе разглядаць бібліятэчныя праекты, якія былі рэалізаваны цягам 2016 года і мелі сацыяльна-значны эфект.
Прадстаўляць конкурсныя работы на самім сайце, як патлумачыла Алена Даўгаполава, не плануецца, бо кожная бібліятэка выбірае фармат падачы матэрыялаў самастойна: гэта можа быць як тэкставая інфармацыя, так і візуальная — з фотаздымкамі, малюнкамі і нават відэаролікамі. Абавязковай для канкурсантаў з’яўляецца наяўнасць прэзентацыі праекта.
Падача матэрыялаў на конкурс заканчваецца 15 мая, а 16 чэрвеня плануецца абвясціць вынікі бібліятэчнага спаборніцтва.
— У гэты дзень у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдзе ўрачыстае пасяджэнне да 25-годдзя Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, — патлумачыла суразмоўца.
Лаўрэаты конкурсу атрымаюць не толькі дыпломы, але і каштоўныя падарункі, напрыклад, сертыфікаты намінальным коштам 500 рублёў на набыццё літаратуры. А ўсім удзельнікам конкурсу будзе прадастаўляцца зніжка ў памеры 5 % на набыццё кніг замежных выдавецтваў да канца 2017 года.