Фестываль “не выходзячы з дому”?

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

На выніковай калегіі Міністэрства культуры Беларусі былі ўзнагароджаны пераможцы Рэспубліканскага конкурсу праектаў і ініцыятыў творчай моладзі “Геній-стартап”. Але далейшая рэалізацыя гэтых праектаў патрабуе ўдзелу многіх асоб і арганізацый, зацікаўленых у прасоўванні і папулярызацыі айчыннай культуры. На сваіх старонках “К” раскажа пра некаторыя праекты-пераможцы і іх аўтараў — з надзеяй на плённы працяг.

/i/content/pi/cult/630/14002/2-3.jpgЗнаёмцеся: Вячаслаў Пяцько — 25-гадовы кампазітар, пераможца дзясятка прэстыжных кампазітарскіх конкурсаў, лектар-музыказнаўца Беларускай дзяржаўнай філармоніі, сцэнарыст, выкладчык Рэспубліканскага музычнага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, двойчы стыпендыят і дыпламант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, член Беларускага саюза кампазітараў і Беларускага саюза музычных дзеячаў. Ягоны праект — цыкл музычных адукацыйных тэлепраграм для дзяцей і юнацтва “Партрэты. Гісторыя беларускай музыкі ў асобах”.

— Адразу скажу: гэта была ідэя, можна сказаць, усяго музычнага каледжа, дзе я выкладаю, а ініцыятыва сыходзіла з выхаваўчага аддзела, — кажа Вячаслаў. — Нашы навучэнцы, сярод якіх шмат пераможцаў міжнародных конкурсаў, стыпендыятаў, дыпламантаў і лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, часта выступаюць у філарманічных залах у нас і за мяжой, іграюць, у тым ліку, беларускую музыку. Але тут планаваўся тэлевізійны цыкл — з размовай пра кампазітараў і іх творы, з пэўнымі мастацкімі паралелямі. Праз тэлебачанне можна ахапіць куды большую колькасць гледачоў. А калі потым праграмы будуць выкладзены ў інтэрнэт, як гэта практыкуе і наша ТБ, яны стануць даступнымі для ўсяго свету, безумоўна, пашыраць веды пра лепшую беларускую музыку і нашых маладых музыкантаў, зробяць іх больш вядомымі. Гэта вельмі важна для нацыянальнай культуры. Бо ў нас ёсць шмат выдатных творцаў розных часоў, шмат цудоўнай акадэмічнай музыкі. Але ўсё гэта застаецца пакуль мастацтвам “для выбраных”: творы, імёны ведае вузкае кола спецыялістаў. І справа не ў тым, што ніхто, маўляў, не цікавіцца. Справа ў іншым — у абмежаваных магчымасцях пазнаёміцца з беларускай акадэмічнай музыкай, спасцігаць яе ў шырокім сусветным кантэксце, як мы і збіраліся рабіць у “Партрэтах…”

— Але хацела б абараніць згаданыя вамі філарманічныя канцэрты. Тым больш, што там вы таксама маеце плён: праведзеныя вамі праекты “Трамантана” і “Трамантана-2” мелі вялікі поспех, назва стала агульнай, сімвалізуючы свежыя павевы новай і найноўшай беларускай музыкі.

— Той першы канцэрт быў названы паводле твора Валерыя Воранава, уключанага ў праграму. Слова азначае халодны паўночны вецер, які звычайна дзьме “з-за гор” (дарэчы, менавіта так гучыць пераклад з італьянскай). Дадам, што нарадзіўся той праект па ініцыятыве аднаго з нашых вядучых творцаў — загадчыка кафедры кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, заслужанага дзеяча мастацтваў краіны, прафесара Галіны Гарэлавай, а таксама Міхаіла Канстанцінава, аднаго з самых крэатыўных і запатрабаваных выканаўцаў на ўдарных інструментах. Але каб увасобіць гэту ідэю, давялося вырашаць шмат пытанняў: і больш ці менш творчых (збіраць музыкантаў, пісаць сцэнарый), і выключна арганізацыйных (складаць каштарыс, займацца рэкламай, рэалізоўваць квіткі). Так што да цяперашняга праекта “Партрэты…” я прыйшоў ужо “вопытным” у такіх справах.

Ну, а наконт канцэртаў — сапраўды, жывое выкананне нішто не заменіць, акустычны канцэрт здольны ўзрушыць куды больш, чым папярэдняе знаёмства з творам у запісе. Памятаю, якое неверагоднае ўздзеянне на мяне аказаў “Стыкс” Гія Канчэлі, выкананы на адным з фестываляў Юрыя Башмета. Дагэтуль я слухаў гэты твор у запісе, але тады ў філармоніі ён стаў для мяне нейкім новым адкрыццём. Адчуванні былі настолькі моцнымі, што мы з Верай, на той час маёй будучай жонкай, пайшлі ў інтэрнат пешкі, каб крыху “выдыхнуць”, разам памаўчаць у начным горадзе пра пачутае.

— Разам з Верай вы члены Беларускага саюза музычных дзеячаў, летась ты быў прыняты ў Беларускі саюз кампазітараў. Апошняе штосьці змяніла ў тваім жыцці?

— Смешна думаць, што пасля гэтага я пачаў пісаць лепш ці горш. Але сапраўды: стаўленне да мяне стала больш сур’ёзным.

— На стварэнне музыкі, пэўна, больш уплывае папярэдняя музыказнаўчая адукацыя? Дый выкладаеце не толькі кампазіцыю, інструментоўку, інструментазнаўства, чым звычайна займаюцца кампазітары-практыкі, але і музычную літаратуру, аналіз музычных форм, што ў кампетэнцыі музыказнаўцаў.

— Музыказнаўства для мяне — гэта найперш добрае веданне музыкі розных стыляў, эпох, нацыянальных школ і cур’ёзная тэарэтычная падрыхтоўка, за што я вельмі ўдзячны сваім гродзенскім настаўнікам, найперш Святлане Калчанавай. Музыказнаўства крыху скарэктавала маё мысленне: да эмацыйна-вобразнага дадалося структурнае, нават у чымсьці педантычнае. Але пакуль мяне больш вабіць музыка вакальная, звязаная са словам, бо літаратурны тэкст адразу “падказвае” і форму, і вобразны строй. Дый у інструментальных творах імкнуся да праграмнасці, некаторай схаванай “сюжэтнасці”.

— Тады “сюжэт” з вылучэннем лепшых на конкурсе “Геній-стартап” я бачу прыдатным для сюіты ці нават сімфоніі. Першая частка нагадвае традыцыйны фінал, прасякнуты радасцю з адценнем урачыстай “пампезнасці” — уручэнне ўзнагарод. А потым пачынаецца ўласна сімфанічнае развіццё з яркімі жанравымі ўкрапваннямі — спробы рэалізаваць праект на практыцы. Тэма праекта, вядома, — лейтматывам праз увесь твор. Якім будзе фінал? Асабіста я паставіла б пакуль ціхае шматкроп’е. На ваш погляд, што трэба для больш паспяховага “прасоўвання” беларускай музыкі? Асабліва маладых аўтараў, якія шукаюць свой стыль, новыя шляхі, эксперыментуюць.

— Чакаеце, каб я “паскардзіўся”? Не тыя, дык іншыя праблемы — былі, ёсць і будуць. Пераадольванне іх, калі хочаце, таксама можа выступаць рухавіком прагрэса. Але сёння ўсе занятыя глабальнымі пытаннямі (маўляў, неспрыяльныя эканамічныя ўмовы, “не тая” публіка) і мала хто пачынае з сябе: “А што зрабіў асабіста я?” Праўда, заўважыў, што апошнім часам стаў, на жаль, менш займацца ўласна кампазіцыяй, шмат сіл сыходзіць на арганізацыйныя клопаты. А трэба пастаянна трымаць сябе ў форме, працаваць і вучыцца, каб быць заўсёды гатовым імгненна напісаць любы замоўлены твор — музычны ці аналітычны. Думаю, каб кожны гэтак пачынаў з сябе, а не з пошукаў перашкод, справа рухалася б куды больш плённа.

— Некаторыя з’язджаюць за мяжу: там усё ж больш магчымасцяў для самарэалізацыі.

— Так, Валерый Воранаў шмат працуе ў Германіі, Сяргей Бадалаў — у Польшчы. Іх кампазітарская творчасць складваецца вельмі паспяхова, але плоцяць яны за гэта адзіноцтвам, хаця і маюць знаёмых, сяброў. Я на такія ахвяры не здольны. І не веру, што ў нас зрушыць штосьці з месца немагчыма. Наадварот, мару правесці фестываль, што называецца, не выходзячы з дому.

— Вы зноў пра тэлепраект “Партрэты…”?

— Не, пра аграгарадок Прылукі пад Мінскам, дзе я жыву. Там ёсць сядзіба Чапскіх, дзе цяпер змяшчаецца Інстытут аховы раслін, маляўнічае возера, якое пакуль рэгулярна засмечваюць сумнеўныя кампаніі, цудоўны парк, дзе, праўда, многа дрэваў загінула ў час леташніх ураганаў. Але ўсё адно, краявіды — шыкоўныя! Дабірацца лёгка: ходзяць і аўтобусы і маршруткі. Чым не месца для музычнага фестывалю? Дый саміх музыкантаў жыве там багата: Саюз музычных дзеячаў пабудаваў дзве шматпавярхоўкі. Калі з’яднаць намаганні, можа атрымацца вельмі добры фестываль сучаснай акадэмічнай музыкі, скіраваны, да ўсяго, яшчэ і на турызм, папулярызацыю нашай гістарычнай спадчыны. Дарэчы, у Беларусі пакуль няма такога форуму, які яднаў бы здабыткі даўніны і сучасных музычна-акадэмічных кірункаў, дзе нашы музыканты — папраўдзе адны з лепшых у Еўропе.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"