Імправі-пятніца

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

У Віцебскай абласной філармоніі адбыўся ўжо другі канцэрт джазавай музыкі — частка папулярнага джазавага цыкла “Mitsenko-project”.

Для віцябчан джаз — важная частка музычнага жыцця, бо яшчэ ў часы СССР горад над Заходняй Дзвіной быў адным з нямногіх гарадоў, у якіх праводзіўся джазавы фестываль. Не дзіва, што падчас выступлення быў аншлаг. А мо гэтаму пасадзейнічаў фармат правядзення — джаз-кафэ?

Гэтым разам на сцэне была створана асаблівая атмасфера рэтра-рэстарана з барнай стойкай і бармэнам за ёй, а ў перапынку гледачы мелі магчымасць пакаштаваць каву і пазнаёміцца з гісторыяй джаза ў фае. На самім жа канцэрце былі прадстаўлены кампазіцыі сусветна вядомых аўтараў. Публіка праспявала знакамітую “I love you, baby” разам з салісткай Вольгай Бордак, апладзіравала яскравым гукам Дзюка Элінгтана, расслаблялася пад задуменную музыку Аляксея Папова.

Лідар праекта Уладзіслаў Міцэнка кажа, што ідэя стварэння праекта належыць дырэктару філармоніі Алене Падаляк.

— Склад жа гурта толькі падабраны, трэба навучыцца “адчуваць” адзін аднаго — і толькі потым на канцэрце загучыць сапраўдная імправізацыя. Тым больш яна цікавая слухачам любога веку. Усё залежыць ад таго, з якімі эмоцыямі граеш музыку, — кажа Уладзіслаў.

Міцэнка — класічны музыкант. “Джаз для мяне — склад душы, і неад’емнай яго часткай з’яўляецца імправізацыя, свабода ў чыстым выглядзе, — разам з тым кажа ён. — Але з задавальненнем успрымаю любыя стылі: фанк, поп-музыка… Адухоўлены нашым бас-гітарыстам (Аляксей Папоў), мару “прымерыць” на сябе ролю кампазітара. Мяне натхняе кантакт з публікай.

Што да планаў на будучыню, Уладзіслаў Міцэнка хацеў бы праводзіць падобнага кшталту канцэрты (сярод удзельнікаў бэнда яшчэ і ўдарнік Аляксандра Кланюк) дзесьці раз на месяц. І, безумоўна, пятніца — лепшы дзень для джаза перад уік-эндам.

Дар’я САВЕЛЬЕВА

Віцебск