“Тэмпература" музейнай дзейнасці

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Працягваем падводзіць вынікі першага года дзеяння Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады.

Адзін музей ад іншага звычайна адрозніць лёгка. Праўда, не заўсёды і не ўсюды, бо, скажам, у раёнах часцяком ідуць “пратораным” шляхам і ствараюць экспазіцыі быццам “пад капірку” — з заламі прыроды, археалогіі, этнаграфіі, гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і сучаснасці. Але што ні кажы, а наведвальнік хоча большага — бачыць новыя экспазіцыі і новыя артэфакты, а таксама ўдзельнічаць у новых музейных мерапрыемствах… Інакш навошта хадзіць у нязменны раённы музей, калі завітваў туды яшчэ падчас навучання ў школе?

Між тым, у Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады змешчаны такі мэтавы паказчык, як прырост колькасці наведванняў музеяў і павелічэнне аб’ёму музейнага фонду Рэспублікі Беларусь на 5 % у параўнанні з 2015 годам. Узаемасувязь тут, так бы мовіць, — навідавоку: калі ў музейных установах будзе больш цікавых артэфактаў, унікальных экспазіцый ды “гучных” мерапрыемстваў — з’явіцца, натуральна, і больш наведвальнікаў.

Згаданы паказчык, да слова, агулам па краіне выконваецца: як паведамілі “К” у Міністэрстве культуры Беларусі, асноўны музейны фонд павялічыўся ў параўнанні з 2015 годам на 1,5 %, а за 5 гадоў — на 9,3 % і сёння складае больш за 3 мільёны 250 тысяч музейных прадметаў. Павялічылася і колькасць наведванняў айчынных скарбніц: у 2016 у іх завітала на 1,3 % больш людзей, чым у 2015-м: амаль 6 мільёнаў 237 тысяч чалавек.

Праўда, гэта, так бы мовіць, агульная “тэмпература” па ўсёй музейнай сферы краіны. Калі браць асобныя рэгіёны, дык “карцінка” можа быць зусім рознай: ад пазітыўнай да… не зусім такой.

Скажам, на Гомельшчыне аб’ём асноўнага музейнага фонду і колькасць наведвальнікаў узраслі за год прыкладна на 1,6 % і 2,5 % адпаведна (да 367 тысяч прадметаў і 740 тысяч наведвальнікаў). Як патлумачыў “К” галоўны спецыяліст аддзела мастацтва і аховы гісторыка-культурнай спадчыны галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Разанаў, высокіх паказчыкаў удалося дасягнуць, у першую чаргу, за кошт увядзення новых інтэрактыўных музейных мерапрыемстваў, Ночы музеяў, а таксама пільнай увагі да экскурсійнай дзейнасці. Напрыклад, па словах суразмоўцы, значны прырост па гэтым паказчыку паказаў Нараўлянскі этнаграфічны музей, дзе арганізуюцца экскурсіі не толькі па ўстанове культуры, але і далёка за межамі раёна — у Брэст, Мір, Нясвіж…

Ёсць і іншыя прыклады. Як паведаміла “К” галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Вольга Юркевіч, асноўны музейны фонд на сёння складае 352 092 прадметы (год назад паказчык быў роўны 344 186 прадметам). Рост за год — прыкладна на 2,3 %, што нашмат больш, чым закладзена ў Дзяржпраграме “Культура Беларусі”. А вось колькасць наведвальнікаў за той жа перыяд крыху панізілася (на 0,7 %) да 574 248 чалавек. Як патлумачыла Вольга Юркевіч, гэта адбылося па аб’ектыўных прычынах: летась у вобласці на капітальны рамонт быў зачынены Слуцкі краязнаўчы музей.

На Віцебшчыне таксама не ўсё толькі станоўча. Напрыклад, асноўны музейны фонд павялічыўся за год прыкладна на 1,8 працэнта — да 593 534 прадметаў (у 2015-м іх было 582 944). А колькасць наведвальнікаў узрасла не на 1 %, як закладзена Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады, а ўсяго толькі на 0,3 % — да 701 699 чалавек (год назад было 699 345 чалавек).

Прычыну зніжэння цікавасці да музеяў, як адзначыў “К” галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак, можна патлумачыць не толькі эканамічнымі прычынамі, але і іншымі фактарамі.

— На жаль, сёння ў вобласці функцыянуе малая колькасць новых экспазіцый, а цікавасць да старых музейных залаў, натуральна, у мясцовага насельніцтва невялікая, — адзначыў суразмоўца. — З іншага боку, у нас не так даўно адкрыўся новы музей у Верхнядзвінску (які, натуральна, таксама дае прырост наведвальнікаў), а напрыканцы года адчыніў свае дзверы Музей гісторыі прыватных калекцый у Віцебску. Так што прырост наведвальнікаў у 2017 годзе, перакананы, абавязкова будзе працягвацца ў межах даведзеных Дзяржпраграмай паказчыкаў.

Што ж, як бачна, усе прыведзеныя лічбы і факты пацвярджаюць аксіёму, вядомую бадай кожнаму музейшчыку краіны: каб да цябе ішлі, трэба зацікаўліваць новымі мерапрыемствамі і акцыямі, клікаць на Ночы музеяў і дні адчыненых дзвярэй, карацей кажучы, “круціцца”. Круціцца так, як гэта робяць музейшчыкі ў Браславе і Нароўлі, Клічаве і Бездзежы ды шмат дзе яшчэ ў Беларусі. І як вынікае з камандзіровачных выездаў “К”, пазітыўных прыкладаў у музейнай сферы ў гэтым плане з кожным годам усё больш і больш…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"