Шчыра кажучы, такога наплыву энергіі я не чакала. У зале — цішыня, і толькі Максім, як маланка, “прасякнуў” светлую прастору. Запомніліся некалькі выказванняў, якія характарызуюць ягоную асобу. Падчас размовы Пятруль сказаў: “Я люблю быць артыстычным”. Яшчэ адно — “Каб займацца мастацтвам, трэба быць у стане маэстра”.
“Стварэнне”. Увабраць жыццё
Эцюд № 1. Люстраны эфект
— Першая версія “Стварэння” была зроблена яшчэ ў перыяд навучання ў Мінскім мастацкім каледжы імя Аляксея Глебава. Гэта скульптура — кампіляцыя двух матэрыялаў. Тады я і зразумеў: кампіляцыя можа даваць вельмі нечаканы, збалансаваны эфект паміж ідэяй і формай. Чаму абраў нержавеючую сталь і бронзу? У першай ёсць уласцівасці паглынаць навакольны свет і адлюстроўваць яго, ствараць люстраную прастору. “Стварэнне” якраз уцягвае ў твор гледача, які адлюстроўваецца ў паліраваным шары і становіцца ягонай часткай. А бронзавы творца з розных відавых месцаў успрымаецца аб’ектам, які знаходзіцца ў паветры. Калі вы памятаеце позу “творцы”, то яе можна назваць позай медытацыі. Па канцэпцыі людзі далучаюцца да прасторы мастацтва і пачынаюць, у сваю чаргу, уплываць на прадмет мастацтва, як уплывае і тое, што ствараецца самім “творцам”. Прыйшоў да выніку: матэрыял дыктуе, што павінна быць за форма і, у той жа час, форма падказвае, які матэрыял выбіраць.
Эцюд № 2. Тактыльнае адчуванне
— Творца вельмі пластычны і абцякальны. (Гэта ў адказ на маё меркаванне наконт таго, што “стваральнік” у скульптуры “Стварэнне” падаўся мне грубаватым і не выклікае прыемных асацыяцый. — В.Р.). Мне здаецца, грубымі ці артыстычнымі могуць быць паводзіны, а непластычнымі — скульптуры, як, напрыклад, скульптура “Партызан” на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. У гэтым сэнсе я з вамі разыходжуся. Катэгарычна. Усе мае работы, за выключэннем “Вынікаў сямейнай утульнасці”, вельмі пластычныя. Я так адчуваю мастацтва. Як зразумець, што гэта за мастак? Проста глядзіце на яго творы. І вы ўсё ўбачыце. Убачыце, колькі фантазіі, эротыкі. Убачыце, наколькі ён, маю на ўвазе скульптар, тактыльна адчувае жыццё...
“Грушаўка”. “Пераўтварыць” метро
Эцюд № 3. Па новых рэйках…
— Пазнаёміўся з прадстаўнікамі Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна, затым было прынята рашэнне аднавіць практыку дэкарыравання станцый. Але з такой пастаноўкай пытання я не пагадзіўся. Для мяне мае мастацкія творы на станцыях мінскага метро — зусім новы працэс, інтэграцыя мастацкага твора ў прастору метро.
Эцюд № 4. Кантраст
— Сам фармірую міфы і легенды, у якія прымушаю людзей верыць. Якуб Колас, напрыклад, сфарміраваў пэўныя вобразы беларуса ў свядомасці чытача. Так і я. Абраў вельмі просты, зразумелы сюжэт. “Грушаўка” — кампіляцыя пейзажа і нацюрморта, дзе нацюрмортны элемент дамінуе над пейзажным. Усё асэнсоўваеш, але ідэі, у параўнанні з ідэямі Коласа, не прапісваюцца на паперы — яны складваюцца з канкрэтных матэрыялаў, формы, якія маюць колер і гэтак далей… Да кожнага прадмета, які тут (у зале НЦСМ) экспануецца, мы не дакранаемся, але адчуваем, які ён навобмацак. Тое ж і з разрэзанай гіганцкай грушай. Я стварыў кантраст порыстага шамота — зямлі і гладкай паліраванай формай грушы. Матэрыялы адзін аднаго “падтрымліваюць”, “дапаўняюць”. Што да шрыфта, то я дзейнічаў інтуітыўна: ён паўтарае раслінны элемент, які носіць казачны ці мультыплікацыйны характар.
Эцюд № 5. Абстрактнасць
— Мастацкі твор “Грушаўка” дастаткова абстрактны і сімвалічны. Напрыклад, калі гаворыш “Парыж” — адразу згадваем “Луўр”, а калі ўзгадваеш раён Грушаўка, то — твор “Грушаўка”. Адразу да чагосьці ідзе “адсылка”, да нейкага вобраза. Адна з задач — зрабіць станцыю метро выставачнай прасторай. Груша інтэгравана так, што “пераўтварыла” ўсю станцыю ў выставачную прастору твора мастацтва — не бачна турнікетаў, пліткі. Увогуле, скульптура вельмі магутны візуальны элемент.
“Трансцэндэнтнасць”. З іроніяй
Эцюд № 6. Адчуваць сябе Творцам
— У творы выкарыстаны матэрыялы, не ўласцівыя беларускай скульптуры, для якой характэрны цвёрдыя і “мёртвыя”. У рабоце ёсць вада, і гэта не першы мой вопыт. У “Трансцэндэнтнасці” змешчана рыбка, названая ў гонар англійскага мастака Дэміяна Хёрста (Падчас адкрыцця залацістая рыбка плавала і была ў цэнтры ўвагі наведвальнікаў, але да дня сустрэчы са мною яна не дажыла. Я тым часам падтрымала іранічны маналог творцы, і сказала, што для мяне “Трансцэндэнтнасць” — безвыходнасць. — В.Р.). Насамрэч, мы — у кантэйнеры, акварыуме быцця жывём. У нейкім сэнсе я завізуалізаваў формулу нашага існавання. Акварыум, з якога не можам выбрацца. Ёсць абмежаванне, і яно знаходзіцца ў самой прыродзе. Мы нарадзіліся незалежна ад таго, хацелі гэтага альбо не. Мы інтэграваныя.
Эцюд № 7. Адзіны глядач
— У самой творчасці ёсць нешта боскае. Творцы сутыкаюцца з іншай рэальнасцю, якая выводзіць на чысціню ўспрымання ўніверсума. Увогуле ўсё залежыць ад талента аўтара. Ёсць людзі, якім трэба пастаянна штосьці рабіць-перарабляць і не верыць. А ў мяне — усё проста: я веру! Задача мастака не ў тым, каб перамалёўваць кветкі, а ў тым, каб ствараць і адказваць на пытанні “Што ёсць ісціна?” ці “Што ёсць светабудова?”
Для мяне існуе толькі Адзін глядач і замоўца, які і стварае Стварэнне. А ўніфікаванага масавага гледача не існуе! Грамадства разнароднае. Паглядзіце зараз у акно — людзі настолькі розныя!