Аўдыя & Відэа-36

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Лютаўскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць гітарыст гурта “ТТ-34” Сяргей КУЗЬМЯНКОЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/629/13980/8-2.jpgАЎДЫЯ

Гурт “Варона”, сiнгл “Пачні з сябе”

А.: Загалоўная песня мне не спадабалася, а другая, “Не трэба шкадаваць”, — вельмі крута! Не метал, вядома, але альтэрнатыва стопрацэнтная. Для тых, хто любіць музыку больш жорсткую ды агрэсіўную, — тое, што трэба. Я падобны фармат усяляк вітаю. Ды і тэкст не падкачаў.

B.: Сінгл з двума нічым не запамінальнымі трэкамі. Вакалістка старанна грозна спявае, інструменталісты прафесійна гучна граюць. Навошта, для каго? Які сэнс? Памятаю, як у канцы “калматых” 1980-х у Саюзе паўстала хмара калектываў, што выконвалі модны тады рок. Як хутка яны з’явіліся, так хуценька і зніклі. “Варона”, калі не памыляюся, каманда з гісторыяй не ў адзін-два гады, то заяўляла пра сябе вось такімі творамі, то знікала. Ну, настойлівая птушка...

Розныя выканаўцы, альбом “Песні матчыны з Вушаччыны”

A.: Добра ўспрымаецца гэты альбом, але захапіцца ім да крайняй ступені я ўсё ж не змог, прабачце: ужо вельмі гэта музыка на аматара. Ну, так, ну, наша, ну, напэўна, глыбока карэннае, не папсовое, зноў жа, ёсць цікавыя выканаўцы. Але яшчэ раз нешта такое я слухаць не стаў бы, толькі каб газета “Культура” папрасіла.

B.: Зборнік склалі прыпеўкі, народныя ды абрадавыя песні, што з’явіліся на свет на малой радзіме Рыгора Барадуліна і якія ў дзяцінстве яму спявала мама. Адна гучыць у выкананні самой Акуліны Андрэеўны, дзве — у спеве паэта, астатнія — розных калектываў ды сольных артыстаў. Напэўна, хто-небудзь з “гасцей” стараўся быць блізкім да якога-ніякага канону, хтосьці арыгiнальнiчаў у рэчышчы таго кірунку, у якім працуе, але ў цэлым канцэптуальна кампіляцыя (з рэчамі вясёлымі ды сумнымі, нават збольшага — з драматычным прысмакам) выйшла стройнай, абышлося ўсё без неабавязковых “махроў”. Ёсць пад што паскакаць, чаму падпець, над чым пасмуткаваць. Адзначу трэкі “Ой, лятала” (гурт “Vuraj”), “Калыханка” (Ірэна Катвіцкая, Вера Саламонiк, Ілона Лесь (віяланчэль)), “Хрэсьбiнная” (“Harmonic Style Project”), “А ў цёмным лесе” (Віктар Сямашка) ды “Дробненькi дожджык” (“Re1ikt”).

Гурт “Shaman Jungle”, альбом “Amazing”

A.: Выдатна, класна, шыкоўна! Музыка — для сапраўдных гурманаў этнікі, якім і з’яўляюся, нават фанатам яе. (Я сам ведаю пятнаццаць арабскіх ладоў і выкарыстоўваю іх у сваёй iгры.) Выдатныя аранжыроўкі, смачны гук, маса энергетыкі, “пампуе” з першага па апошні трэкі. Як метал-музыкант са стажам, у альбоме я выразна пачуў “цяжкія” рыфы, толькі выкананыя іншымі інструментамі, не характэрнымі для трэша, кора, хард-н-хэві і іншага. Я з задавальненнем сыграў бы гэты матэрыял!

B.: Багатым на музыку выйшаў альбом гэтага этна-фьюжн-складу. Казачным ды аўтэнтычным. Поўнаметражнае кіно зняць бы на дадзеную работу, а фабула яго можа быць і на гістарычную тэму, і на рэаліі сучасныя (гэтакі арт-хаус). Уяўляю і запоўненую пад завязку адкрытую пляцоўку, са сцэнай, на якой разыгрываецца маляўнічы сцэнарый, з відэаінсталяцыямі, з акцёрамі ў фантастычных адзеннях. Вось толькі занадта кароткі па часе рэліз, хочацца працягу “банкету”. Як ведаць, а раптам ён рушыць услед?..

ВІДЭА

Гурт “Рада”, кліп на песню “Дарожка”

А.: Сама па сабе песня добрая, вельмі беларуская. Але выканана сумна, гармоній мне не хапіла. Зразумела, што мужыкі-вакалісты “пруцца” па такой эстэтыцы, напэўна, і натоўпы іх фанатаў у захапленні ад яе, аднак музыкі для мяне было мала. Кліп таксама выйшаў сумным. І шэранькім. Як большасць айчынных відэа. Каб я быў на месцы рэжысёра, зняў бы спевакоў на фоне акіяна. Добра, на фоне Вілейскага вадасховішча. Вось! На фоне бязмежнага бульбянога поля або мора пшаніцы! Як шараговы спажывец, я гэты ролік глядзець бы не стаў. Але калі ўжо на мяне ўсклалі місію рэцэнзента, то давялося. Эх...

B.: Павучальны аповед пра тое, як прадстаўнік офіснага планктону кідае (хоць і на час) горад і прыязджае, напэўна, у родную вёску, верагодна, да сваёй старэнькай мамы. Слёз, што не стрымаць, сюжэт гэты ў мяне не выклікаў, але флора на відэа мае вочы парадавала. Песню ж выконвае трыа ўнутрана суровых (мяркуючы па тым, з якім трагізмам яны спяваюць), але вонкава сентыментальных мужчын. На тым стаяла і стаяць будзе наша Беларусь.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"