Брама ў вырай

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Пад такой назвай у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстаўка графікі Рыты Цімохавай.

 /i/content/pi/cult/162/1398/Brama2.jpg

У мастакоўскім асяродку Рыту Цімохаву ведаюць як мастака кнігі. І сапраўды, пасля заканчэння ў 1985 годзе Украінскага паліграфічнага інстытута ў горадзе Львове мастачка аформіла больш за 35 кніжных выданняў, у якіх выступіла не толькі аўтарам ілюстрацый, але і ў якасці дызайнера макетаў.

Кнігі, якія ёй аформлены, амаль заўсёды экспануюцца на Рэспубліканскіх конкурсах “Мастацтва кнігі”, а таксама на шматлікіх міжнародных спаборніцтвах, дзе яны неаднойчы былі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі.

У сваім новым творчым праекце Рыта Цімохава прадстаўляе серыю акварэльных аркушаў, якія не звязаны з друкаванымі праектамі. Першыя аркушы гэтай серыі ствараліся пад уплывам твораў Яна Баршчэўскага, але не столькі ілюстравалі сюжэты яго фантастычных аповесцяў, колькі самі гэтыя гісторыі з’явіліся магутным штуршком для палёту фантазіі.

Ён у рэшце рэшт перанёс творцу і ў іншую эпоху, і ў іншую рэчаіснасць з літаратурных тэкстаў (а раней яна ў асноўным ілюстравала творы для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якія патрабуюць актыўнага ўжывання колеру), што ў наступных сваіх акварэлях яна наўмысна выкінула з сваёй палітры насычаныя фарбы і гэткім чынам прыйшла да сціплай шэра-залаціста-карычневатай манахроміі, празрыстасць якой, як лічыць мастачка, дазваляе высвечвацца з туманнай смугі акварэльнага аркуша.

 /i/content/pi/cult/162/1398/Brama1.jpg

Р.Цімохава. “Паэтка”.

Асноўныя персанажы праекта “Брама ў вырай” — гэта найбольш загадкавыя, на думку аўтара, стварэнні нашай рэчаіснасці: птушкі і жанчыны, якія існуюць у сваёй замкнёнай празрыстай прасторы аркуша, разрэджанай настолькі, што мы можам бачыць часцінкі паветра, насычаныя кроплямі дажджу. Час ад часу да іх далучаюцца крылатыя анёлы, якія гарманічна суіснуюць з не менш загадкавымі стварэннямі — коткамі і катамі, якія нібы медытуюць, што дазваляе ім не зліцца з паўсядзённасцю свету.

Тэхніка акварэлі дазваляе мастачцы выявіць тонкую нюансіроўку колеравых адносін, якая спалучаецца з графічнай філіграннасцю ў прапрацоўцы дробных дэталей.

Галоўная мэта праекта, па словах Цімохавай, — “прыадкрыць заслонуў іншае вымярэнне чалавечай душы: свет, дзе не існуе часу, а прастора ў сваёй бясконцасці дазваляе чалавеку гарманічна суіснаваць з самім сабой”.

 

Ул. інф.