Канкурэнт устаноў культуры — гарод?

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

У Беларусі зладзілі апытанне наконт запатрабаванасці музеяў, тэатраў і іншых устаноў культуры.

У даследаванні, праведзеным кампаніяй “Сатыа” прыняло ўдзел 1988 рэспандэнтаў з усёй Беларусі. Як адзначаецца, даныя сведчаць пра недахоп вольнага часу ў беларусаў, прынамсі, па іх жа самаацэнцы. Больш за палову рэспандэнтаў (56,3 %) адзначылі, што вольнага часу ў іх зусім няшмат. Прыкладна пятая частка (19 %) беларусаў адзначаюць, што не маюць вольнага часу наогул, і амаль столькі ж (18,5 %) — што маюць яго дастаткова для адпачынку і самарэалізацыі. Нарэшце, яшчэ 5,8 % апытаных, на іх думку, маюць вольнага часу так шмат, што не ведаюць, чым яго заняць.

На што ж скарыстоўваюць свой вольны час беларусы? Самы распаўсюджаны спосаб — гэта зносіны з сям’ёй (72,7 %) і з сябрамі (47,4 %). Трэці па распаўсюджанасці адказ: “На адпачынак, рэлаксацыю” (40,5 %). Прыкладна трэцяя частка апытаных (30,8 %) выкарыстоўвае свой вольны час на працу на дачным або прысядзібным участку. Хобі і захапленні займаюць вольны час прыкладна пятай часткі беларусаў (17 %), яшчэ 13,7 % выкарыстоўваюць яго на камп’ютарныя гульні і зносіны ў інтэрнэце, 7,4 % — на заняткі спортам. Нарэшце, 3,4 % рэспандэнтаў адзначылі, што ў свой вольны час атрымліваюць новую адукацыю або займаюцца самаадукацыяй, 0,6 % выбірае грамадскую дзейнасць, валанцёрства і іншае.

І яшчэ адно пытанне, якое задалі сацыёлагі: якія месцы часцей за ўсё наведваюць беларусы? Дык вось, па дадзеных даследавання, на першым месцы ў нашых грамадзян — “дачны ўчастак, гарод”, на якім амаль палова жыхароў краіны (45,4 % у суме) бывае мінімум раз на тыдзень. Другімі па частаце наведвання месцамі аказваюцца рэлігійныя ўстановы (царква, касцёл, малітоўны дом, мячэць, сінагога).

Далей у рэйтынгу з невялікім адрывам ідзе комплекс забаўляльных устаноў: кафэ, бары, кінатэатры, наведванне канцэртаў ці забаўляльных праграм, рэстаранаў (у якія каля траціны беларусаў (30,5 %) зазірае не кожны год, а кожны пяты (21,5 %) ніколі ў жыцці не быў).

Затым у адказах, нарэшце, ідзе такая форма баўлення вольнага часу, як “наведванне ўстаноў культуры (бібліятэк, тэатраў, музеяў)”. Наведвальнасць гэтых устаноў значна меншая за тыя пазіцыі, пра якія згадвалася вышэй. Напрыклад, каля трэцяй часткі беларусаў не зазірае ва ўстановы культуры ніколі (!). Толькі аднойчы былі ў бібліятэцы 18,4 % нашых грамадзян, у музеі — 29,5 % (!!!).

З аднолькава невысокай частатой рэспандэнты наведваюць цырк і заапарк (кожны дзясяты беларус (10,7 %) хоць бы раз у год там бывае). У той жа час у цырку ніколі не было 31,1 % беларусаў, а ў заапарку — 29, 3%.

Высновы ж з даследавання хай робіць наш чытач — бібліятэкар, музейшчык, клубны работнік, артыст, мастак ці кампазітар...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"