Балада высокіх траў

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Ці шмат сёння людзей прыслухоўваюцца да песень травы на світанку, глухой спёкі напярэдадні навальніцы, спрадвечнага шэпту ручаін, што абягаюць карані вербаў? Усё больш сочаць за ходам стрэлкі гадзінніка ці гулам банкамата, які пералічвае грошы, а асоб з чулай душою называюць нейкімі дзіўнымі.

 /i/content/pi/cult/162/1397/Balada.jpg

П.Назаранка. “Аўтапартрэт”.

Тонкая пачуццёвасць часта становіцца адным з абліччаў таленту чалавека. Цудоўны жывапісец Мікалай Назаранка ўбачыў “Раніцай” пагоркі, што прачынаюцца ў дымчатых сарочках, “Вечарам” — дрэвы ў хустках з туману, а “Высока ў гарах” — нахмураныя бровы-воблакі вяршынь. З часам найчыстыя ноткі лірыкі загучалі на палотнах і Пятра Мікалаевіча Назаранкі. Пабачыць тыя яскравыя, напоўненыя рамантыкай вобразы можна было на двойчы юбілейнай выстаўцы ў сталічным Палацы мастацтва, прысвечанай 80-годдзю бацькі і 50-годдзю сына.

— Да гэтай выстаўкі я падышоў з асаблівым пачуццём, — распавёў Мікалай Пятровіч. — Не кожнаму Бог дае магчымасць у такім узросце правесці вялікі вернісаж. Але я ішоў да гэтага з надзеяй, што змагу асабіста паказаць людзям свае лепшыя работы. Самастойна адбіраў найбольш удалыя, на мой погляд, творы мінулых гадоў, рыхтаваў новыя, якія яшчэ не бачыла шырокая публіка. Як бачыце, задуманае атрымалася. За тое дзякую ўсім, хто мне дапамагаў, асабліва — Беларускаму саюзу мастакоў.

Мікалай Пятровіч піша сюжэтна-тэматычныя карціны, партрэты, нацюрморты, але асабліва яго вабяць пейзажы. Як прызнаўся аўтар, беларуская прырода зноў адкрывае яму нязведаныя скарбніцы, якія натхняюць на новыя палотны. Яго “Лагойск” дорыць гледачу хвіліны роздуму пра спрадвечнае, “Беразіна” надзяляе разважлівым спакоем, “Сож” адпраўляе па хвалях памяці ў мінулае.

Размешчаныя ў зале карціны адкрываюць для гледача душу сапраўднага рамантыка. Звычайны “Дворык” пад яго пэндзлем пачынае зіхацець рознакаляровымі ліхтарыкамі лістоты і сонца.

Шчыльна прыціснутыя адзін да аднаго дамы “Гурзуфа” абуджаюць радасць зносін з суседзямі. У “Вечары” пасля праведзенага дня ў полі мастак бачыць не сагнутыя спіны сялян, а бязмежны прастор неба. І шматгадзінная праца ля нацюрморта не перашкаджае прыкмеціць за “Вакном майстэрні” баладу зімовай сцюжы.

 /i/content/pi/cult/162/1397/Balada2.jpg

М.Назаранка. “Сож”.

Блізкія гэтым фарбы павольна перацяклі і ў творы Пятра Мікалаевіча. Аўтар заварожвае таямнічым блакітам ракі ва “Ушачах”, “Лясным воблакам”, што, нібыта пунсовы ветразь, плыве сярод соснаў, цягучасцю “Апоўдні” і дрымотай “Ночы”, сонечным настроем нават змрочным ранкам “У парку”. Дамы на яго партрэтах са звычайных жанчын ператвараюцца ў алегорыі “Белай ночы”, “Рыжай восені”. Векавыя сцены храма ў “Нясвіжы” саграюць дзівоснай цеплынёй, а царква заварожвае “Водбліскам” ці то заходу сонца, ці то людской веры ў Бога.

Пры ўсім лірычным падабенстве палотны старэйшага і малодшага Назаранкаў лёгка адрозніць: Пётр Мікалаевіч, як і ўласціва прадстаўніку маладзейшага пакалення, змяняе сталую павольнасць на энергічны, напоўнены сакавітымі фарбамі жывапісны аповед.

— Сын, на мой погляд, яшчэ малады мастак, — па-бацькоўску дадае Мікалай Пятровіч. — Я ніколі не ўмешваўся ў яго пошукі, бо з уласнага досведу ведаю, што кожны павінен самастойна знайсці свой шлях у творчасці. Упэўнены: Пётр дасягне больш высокіх вяршынь у прафесіі, чым я, бо сын проста абавязаны з часам апярэдзіць бацьку.

 

Настасся ПАНКРАТАВА