Рэйтынг кубачка з пластыку

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Не “вожыкі”: як зрабіць эка-кінафестываль
У Мінску на адзін кінафестываль паболела. “Планетарый” — міжнародны форум экалагічнага кіно — з поспехам адбыўся ў сталіцы, хаця яго анонсы не “трымалі за рукаў” кожнага сустрэчнага. Тым не менш — аншлагі на ўсіх паказах у сталічным кінатэатры “Піянер”, станоўчыя водгукі гледачоў і цікавасць ад кінематаграфістаў. “Планетарый” стаўся тым самым свежым словам, якога не хапала. А калі даведацца, што яго зрабіла зусім невялічкая каманда аднадумцаў на чале з арт- і эка-менеджаркай Анорай Лангар — дык увогуле не ўтрымацца ад слоў захаплення.

/i/content/pi/cult/629/13969/14-1.jpgМы сядзім у адной з мінскіх кавярань і падводзім вынікі падзеі з Анорай. Я кажу пра тое, што “Планетарый” па сваёй праграме дазволіў узняцца над лакальным зместам і ўбачыць сваю краіну ў планетарным кантэксце. “У маіх сяброў былі вялікія сумневы, што падобнае кіно — экалагічнай тэматыкі — знойдзе свайго гледача, — адгукаецца на рэпліку Анора.  — Але для мяне было істотным данесці думку: экалагічнае кіно можа быць самым разнастайным і цікавым. Яно можа расказваць пра агульныя для нас праблемы і прапаноўваць іх рашэнні. І такі, планетарны погляд — мяркую, найлепшы ў данясенні падобнай думкі”.

…І фільм амаль пра нас

Галоўны блок праграмы фэсту складаўся з трох поўнаметражных карцін, якія маюць выдатную рэпутацыю на міжнароднай кінасцэне. “Анёл Азул” амерыканкі Марсі Крават, “Чалавек” славутага французскага дакументаліста Яна Арцюса Бертрана і “Поры года” Жака Перэна і Жака Клюзо — таксама знаных французаў. Тры расповеды, якія дэманструюць кіно як спосаб мыслення і зварот да чалавека як адначасова да пагрозы і выратавання сусветнай экасістэмы, яго часткі. Ці лёгка было, — пытаюся, — займець такія выдатныя стужкі ў форум, які ладзіцца ўпершыню?

“Няпроста, — прызнаецца Анора. — Вось Марсі Крават адразу выйшла на сувязь і пагадзілася на паказ. Прычым — бясплатна. Ян Арцюс Бертран — у нас з ім мелася дамоўленасць загадзя. Пасля паказу ў Беларусі сваёй папярэдняй работы “Дом”, ён вельмі хацеў паказаць і “Чалавека”. Але што да стужкі Жака Перэна і Жака Клюзо “Поры года”, перамовы ішлі больш за паўгода. Давялося нялёгка: звязвалася з польскімі дыстрыб’ютарамі, але яны адмовіліся. Каб не дапамога Пасольства Францыі ў Беларусі, дык невядома, колькі яшчэ давялося б дамаўляцца”.

“Поры года” — больш традыцыйнае кіно аб экалогіі менавіта як аб прыродным асяродку. У фокусе ўвагі аўтараў вядомых фільмаў “Акіяны” і “Птушкі” — першабытныя лясы, іх экасістэма і роля ў жыцці планеты. Фільм здымаўся ў тым ліку на тэрыторыі Белавежскай пушчы (Польшча), і распавядае пра лясны гушчар як пра ўнікальны абшар таго самага старажытнага леса, які саступіў месца з цягам стагоддзяў людзям і гарадам Еўропы. Флора і фаўна Белавежскай пушчы ў буйных планах — зубры, ласі, ваўкі, кабаны, лісы, алені — відовішча, якое выклікае замілаванне і гонар. Але датклівае назіранне за насельнікамі запаветных лясоў не замінае агаленню праблем: сёння панаванне лясоў у Еўропе амаль зрынута — і ці цэнім мы тое, чым валодае, у прыватнасці, Беларусь?

“Мы адмыслова вырашылі паказаць гэты фільм і пасля фестывалю, — распавядае мая суразмоўца пра захаванне паслання.  — Пераклалі “Поры года” на беларускую мову, запрасілі да агучвання вядомага вядучага радыё “Культура” Уладзіміра Трапянка. Падыход спрацаваў: людзям вельмі спадабалася. Яны ўбачылі стужку, атрымалася, пра сваё атачэнне, у тым ліку і пра свой край. Істотна і тое, што карціну ацанілі нашы кінематаграфісты. Магчыма, хтосьці з іх захоча зрабіць падобнае поўнаметражнае жывапіснае кінапалатно пра нашы лясы?” Размова заходзіць пра тое, што, на жаль, падобных праектаў пра беларускую прыроду менавіта ў нацыянальным кіно, па сутнасці, і няма. Ёсць імя вядомага дакументаліста Ігара Бышнева, але школы эка-кінематаграфістаў не нарадзілася. Чамусьці не назіраецца амбіцый у аўтараў зрабіць і відовішчны фільм-назіранне. А пытанне “Ці з’явіцца калі-небудзь падобная стужка пра асяродак беларускай Белавежскай пушчы?” прагучала хутчэй запытам у будучыню.

Не толькі пра “вожыкаў” і “батарэйкі”

“Дарэчы, вялі перамовы напярэдадні “Планетарыя” з Ігарам Бышневым, хацелі зрабіць яго рэтраспектыву,  — дадае ў тэму Анора, — але перамовы распачаліся позна, не супалі “па графіку”. Таксама запрашалі да ўдзелу ў фестывалі арганізатары і беларуску Галіну Адамовіч. “Вядома, для большасці экалагічнае кіно — тое, якое дэманструе ў першую чаргу красу прыроды,  — разважае мая субяседніца. — Але важна паказваць, паўтаруся, самыя розныя яго межы. Таму і кіно Галіны Адамовіч — цалкам у рэчышчы фэсту”.

Праграма фестывалю, варта адзначыць, уключала вечар беларускага кіно. Разам з айчынным рэжысёрам Ірынай Волах публіка мела магчымасць паглядзець і абмеркаваць стужкі праекта “Кінаспрынт”. (Нагадаю, што гэты праект быў адмыслова зладжаны летась для маладых кінематаграфістаў, якім прапаноўвалася зрабіць стужку на экалагічную тэматыку). “Аўтары прызналіся падчас дыскусіі, што, прыступаючы да праектаў, асцерагаліся, — распавядае Анора (за час пасля “Кінаспрынту” фільмы, дадамо, паспелі прагучаць на розных кінафестывалях.) — Маўляў, экалогія — гэта, напэўна, пра “вожыкаў” і “батарэйкі”. Але падчас працы над сваімі ідэямі экалогія ў іх разуменні значна пашырыла свае межы. І вынік, як бачым, атрымаўся добрым”.

“Дваццацьшаснаццаць” Дзмітрыя Крывецкага і Андрэя Рачкоўскага — і фільм пра самоту душы, пра тое, што значыць заставацца чалавекам. “Эстафета” Міхаіла Пархоменкі — пра забруджванне асяродку і пытанне ўласнай адказнасці. “Лічыльнік шчасця” Ігара Чышчэні — пра нібыта эфемернасць, але наяўнасць наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Экалогія тут прадстае не адно сумным і аднастайным маральным пасланнем. На “Планетарыі” дэманстравалася і стужка “Лебедзь” Міхася Варанцова, навучэнца Кінашколы Андрэя Палупанава, пра пераўтварэнне палявання ў жорсткую індустрыю, браканьерства як атрафію. “У фільме ўздымаецца ўскосна і гендарнае пытанне, — адзначае Анора Лангар. — І гэта яшчэ адзін доказ таго, якім розным можа быць экалагічнае кіно”.

Ад прыгожай карцінкі — да канкрэтных спраў

Урэшце, пра гэты дыяпазон экалагічнага кіно — і асноўныя стужкі праграмы. “Чалавек” Арцюса Бертрана — і песня споведзяў людзей планеты, ландшафты твараў і ментальныя пейзажы культур, што фарміруюць партрэт сучаснага чалавецтва. Вылучэнне агульных праблем, болю і радасцей, незалежных ад колеру скуры і паходжання чалавека. Размова з Чалавекам планеты, у якім можна разглядзець і сябе.

“Анёл Азул” Марсі Крават — і прыклад таго, як мастацтва здольнае адгукацца на складаныя пытанні разбурэння крохкіх экасістэм. Брытанскі мастак і эколаг Джэйсан дэКайрыс Тэйлар стварае падводны парк скульптур, каб адцягнуць увагу турыстаў ад каралавых рыфаў, што разбураюцца ад нашэсця людзей у акіянах (ён распачаў свой праект ля ўзбярэжжа мексіканскага Канкуна, але зараз яго ідэя пайшла далей). Падводны музей — гэта і атракцыён, і адмысловы штучны рыф для вырошчвання каралаў (яны растуць на скульптурах), і сучаснае мастацтва, якое набыло сілу акурат дзякуючы адпаведнасці паслання і месца. Праект падводнай галерэі вярнуў мастаку сэнс ягонай працы, які пачаў падавацца таму страчаным. “Анёл Азул” — гэта размова пра тое, што культура і экалогія — паняцці аднаго парадку, якія не толькі часам кажуць пра адно і тое.

Працягваючы кантэкст крохкіх экасістэм, у дачыненні да Беларусі прыходжу да тэмы наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Экасістэма як прыродны асяродак і як лад жыцця, комплекс традыцый і каштоўнасцей, з якога вырваны перасяленцы. Увагі і шчырай размовы ў кінадаследаванні патрабуе ў нашым выпадку не толькі фон прыроды, але і людзі, што вымушана пакінулі родныя мясціны праз катастрофу. Як яны перажылі гэту траўму? Ці перажылі? Што ёсць для іх і для нас Чарнобыль зараз — праз 30 гадоў? Беларусь, бадай, як ніводная з краін мае патрэбу ў кіно, што будзе здольнае адкрыта і тонка пагаварыць на гэтыя тэмы.

“Наколькі сёння беларускае грамадства з’яўляецца эка-friendly?” — задаю пытанне, якое вынікае з мэтаў фестывалю. “Сёння ўжо назіраюцца пэўныя зрухі ў эка-культуры, хоць раней сітуацыя была больш песімістычнай, — адказвае Анора, досвед якой закранае працу ў экалагічнай арганізацыі. — Маладое пакаленне заўважае, што быць эка-фрэндлі  — трапляць у пэўны еўрапейскі трэнд. А моладзь хоча арыентавацца на еўрапейскія стандарты. Што да людзей больш сталага веку, іх хвалююць пытанні здароўя, бяспекі — і таксама яны пачынаюць разумець, што гэта пытанні экалогіі”. Напрыклад, сёння “зялёныя” арганізацыі атрымліваюць мноства негатыўных рэакцый людзей на вырубку дрэў, канстатуе Анора. Людзі пачынаюць адстойваць сваё права на спрыяльны асяродак. Зялёныя зоны, паркі, нядаўні нашумелы выпадак з Котаўкай, калі мясцовай супольнасці ўдалося адстаяць сваё атачэнне — усё гэта сведчанне таго, што экалагічная свядомасць у людзей расце.

Але станоўчыя прыклады, па яе словах, не адмяняюць і старых шкодных звычак, абыякавасці. Тая ж праблема сартыравання смецця для беларусаў па ранейшаму актуальная. “Людзі лянуюцца, бо не вераць, што ёсць вынік з гэтай працэдуры, — кажа мая візаві. — Маўляў, усё роўна потым усё ідзе ў адну машыну. Але гэта не так, — падкрэслівае эка-актывістка,  — смецце, якое не адсартаравалася, проста дадае працы спецыялістам. Тут важная персанальная праца кожнага. Крок за крокам сітуацыю можна змяніць. Экалогія пачынаецца, калі кожны пачынае адказваць за тое, што адбываецца побач”.

Наколькі экафестываль эка-?

Праграма “Планетарыя”, акрамя дэманстрацыі фільмаў, не абышлася без адмысловых эка-мерапрыемстваў, да прыкладу, лекцыі “Як правесці экапрыязнае мерапрыемства”. Пытаюся Анору пра тое, а наколькі, уласна, сам экалагічны кінафестываль з’яўляўся экалагічным? “Гэта было для нас прынцыповым пытаннем, — ахвотна адказвае мая субяседніца. — Па-першае, колькасць буклетаў да фестывалю ў нас была абмежаваная, ды і тое — праграма была надрукаваная на макулатурнай паперы”. Таксама арганізатары парупіліся пра тое, каб на лекцыі не было пластыкавых кубачкаў, бо гэта “горшае з горшага”, што можа быць для асяродку, — таму для гасцей былі прынесены кубкі з дому. Таксама з напояў прапанавалася менавіта гарбата як больш экалагічна спрыяльная ў перавозцы прадукцыя. Ды, уласна, галоўны сюрпрыз на адкрыцці кінафестывалю — калі кожнаму гледачу ўручаліся экабомбы: невялічкія кавалачкі гліны з насеннем, якое можна пасадзіць як у сябе дома, так і на любым участку ў горадзе. “Мы разумелі, што экалагічны фестываль мусіць адрознівацца ў сваёй падачы, бо гэта таксама яго пасланне”, — падмацоўвае Анора Лангар.

“Як жа ўдалося здзейсніць такую падзею, якая ўжо сёння займела сваіх прыхільнікаў?”— пытаюся на завяршэнне размовы. “Галоўнае — гэта імпэт і жаданне”, — адказвае мая гераіня, якая ўласнымі намаганнямі знайшла сродкі на мерапрыемства, і, прынамсі, узяла адпачынак на асноўнай працы, каб зладзіць форум. “Можна было прывезці чыйсьці экалагічны фестываль — іх шмат на планеце, — адказвае яна. — Але мне было важна зрабіць беларускі прыклад. Паказаць, што наша грамадства таксама апякуецца пра экалогію, што ў нас ёсць сілы і кваліфікацыя самім зрабіць падобную падзею, і ў перспектыве заявіць пра яе на міжнароднай арэне. І гэты мой пасыл публіка, кінематаграфісты, валанцёры — падтрымалі”.

Чакаючы ўжо “Планетарый-2018” як несумненнага відовішча, пасля размовы з сённяшняй гераіняй, тым не менш, і ваша пакорная служка задумалася над тым, як часта карыстаецца пластыкавымі кубачкамі. Сапраўды, ці магчыма ўвогуле без іх абысціся?

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"