Эра “Джэйн Эйр”?

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Без “залішняга” псіхалагізму безапеляцыйнымі акцэнтамі
3 сакавіка Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр пачаў свой Першы міжнародны фестываль “Тэатральная вясна ў Музычным тэатры”. Цягам некалькіх тыдняў мы ўбачым больш за два дзясяткі спектакляў і канцэртных праграм пяці замежных тэатраў — з Калінінграда, Тулы (Расія), Вільнюса, Панявежыса (Літва), Даўгаўпілса (Латвія). Разам з гастрольнымі, афіша нашага Музычнага тэатра не абдзелена і ўласнымі спектаклямі, сярод якіх ёсць не толькі цалкам айчынныя пастаноўкі, але і замежныя, ажыццёўленыя на нашу трупу запрошанымі камандамі. Адзін з такіх спектакляў — мюзікл “Джэйн Эйр”, які нязменна збірае аншлагі.

/i/content/pi/cult/628/13965/9-1.jpg

Сцэна са спектакля “Джэйн Эйр”. / Фота Марыі КАЛЯДА

Пастаноўкі мюзіклаў расійскага кампазітара Кіма Брэйтбурга сталі настолькі частымі ў беларускай тэатральнай прасторы, што пачалі выклікаць нараканні: маўляў, колькі можна? Але зірнуўшы на гэту праблему іначай, можна канстатаваць, што расійскія музычныя спектаклі ўсяго толькі бяруць рэванш: калі ў ХІХ стагоддзі яны былі вымушаны “змагацца з засіллем” італьянскай оперы на расійскай сцэне, дык цяпер — змагацца можна з імі самімі (дарэчы, з італьянскімі операмі, хаця іх у нас і больш за расійскіх, грамадства змагацца перастала).

Чым жа так прывабны новы мюзікл? Па-першае, назвай, бо ў аснову пакладзены знакаміты, не аднойчы экранізаваны аднайменны раман англійскай пісьменніцы Шарлоты Брантэ, меладраматычны сюжэт якога нагадвае гісторыю Папялушкі: дзяўчына-сірата пераадольвае ўсе выпрабаванні лёсу і знаходзіць сваё шчасце з каханым.

Па-другое, мюзікл вызначаны ўдала выкладзеным лібрэта — дарэчы, цалкам вершаваным. Радкі Карэна Кавалерана надзвычай прыдатныя для музычнага тэатра, бо напісаны з улікам усіх яго асаблівасцяў, пачынаючы з драматургіі. Сціслыя, ёмістыя, яркія па вобразах, запамінальныя па рыфмах вершы вымаўляюцца і спяваюцца настолькі натуральна, быццам самі злятаюць з вуснаў герояў.

Па-трэцяе, усяму гэтаму вельмі пасуе музыка Брэйтбурга, дзе ёсць і сапраўдныя вакальныя хіты, і спасылкі да галівудскіх меладрам, музычных кінастужак, часам — наўпрост да “Прывіда оперы” Уэбера і, асобнымі інтанацыямі, да творчасці Ісака Дунаеўскага.

Нарэшце, не можа не вабіць “карцінка” (мастак — Кацярына Крукава з Расіі), дзе вялікую ролю адыгрываюць не толькі маляваныя дэкарацыі высокай якасці, але і відэапраекцыі, імгненна змяняючы месца дзеяння.

Аркестру, які гучыць разам з электроннымі “дадаткамі”, часам патрабуецца большая дакладнасць, нават абвостранасць штрыхоў — асабліва калі Мікалая Макарэвіча за дырыжорскім пультам змяняе Марына Траццякова.

Сярод самых яркіх акцёрскіх прац вылучу вобраз Бэрты (Леся Лют, Вольга Здзярская) — выйгрышны, але даволі складаны для ўвасаблення і паводле “вар’яцкай” пластыкі, і паводле вакальнай партыі вялікага дыяпазону і рэзка кантраснай дынамікі, ад пранікнёных “анёльскіх” каларатур да амаль звярынага рыку. Больш “спакойна традыцыйная” роля місіс Фэйрфакс, якая, здавалася б, магла і сысці ў цень (яна адна з асноўных, але ўсё ж не цэнтральная), вылучаецца адточаным прафесіяналізмам, дасканаласцю вышэйшай пробы — у аднолькава цудоўным выкананні і запрошанай эстраднай зоркі Ірыны Дарафеевай, і салісткі тэатра Наталлі Дзяменцьевай. Джэйн Эйр у розных складах выконваюць дэбютантка, пакуль яшчэ студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена Бабук і спрактыкаваная на ролі княжны Тараканавай у мюзікле “Блакітная камея” Кацярына Муратава (праўда, разам з Арцёмам Хамічонкам у партыі Эдварда яны спяваюць у розных манерах — эстраднай з больш “адкрытым” гукам і высакароднай акадэмічнай, з-за чаго сапраўдная гармонія паміж імі застаецца справай будучыні, як і ўменне выразна і натуральна вымаўляць вершаваныя тэксты, што, дарэчы, тычыцца практычна ўсіх удзельнікаў спектакля). Нязменнае замілаванне публікі выклікае ўдзел маленькіх дзяўчынак Шанталь Бунятавай і асабліва Арыны Хлус у ролі Адэлі. А вось тройца адмоўных персанажаў (місіс Рыд і яе дачок Джардзіяны і Элізабэт) вырашана настолькі шаржыравана, што нагадвае мачаху з сёстрамі з казкі пра Папялушку.

Увогуле, спектакль уяўляе з сябе добра выраблены “шоу-прадукт”, дзе ўсё знаходзіцца на сваім месцы і нішто не замінае гледачу спажываць прапанаванае яму відовішча (рэжысёр і адначасова харэограф-пастаноўшчык — Мікалай Андросаў з Расіі). Гэтаму спрыяюць добры тэмпарытм, ясна выкладзеная сюжэтная лінія, дакладны “чорна-белы” падзел на герояў, якім трэба спачуваць ці, наадварот, не трэба. Як вынік — адсутнасць у гледача “правакацыйных” думак, што маглі быць звязаны з неадназначнасцю характараў і сітуацый. Усё гэта вельмі нагадвае шматлікія расійскія меладрамы апошняга часу — без “залішняга” псіхалагізму, з безапеляцыйна расстаўленымі акцэнтамі. Здавалася б, дробязь. Але ў ёй — відавочныя (калі хочаце, нацыянальныя) рысы расійскага шоу-бізнесу. Яны, да ўсяго, могуць і павінны дапамагчы нам выявіць адметнасць беларускіх мюзіклаў, якую мы, на жаль, прызвычаіліся не заўважаць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"