“Таму што паркі не растуць на дрэвах”

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Даўно не выходзіла на прамую сувязь з чытачом, таму дазволю сабе гэта сёння. Прыём-прыём! Днямі зразумела праз уласны вопыт, што браць за абсалют нейкага жывога чалавека і яго ўчынкі няслушна, хоць і вельмі зручна: расчараванне прыйдзе рана ці позна. Часцей за ўсё — рана. А ці можа так расчараваць персанаж? Наўрад ці.

/i/content/pi/cult/628/13963/4-18.jpgКультура серыялаў зараз выйшла за звыклыя рамкі баўлення часу. Іншым разам на стварэнне шматсерыйнага фільма патрабуюцца сілы не толькі крэатыўшчыкаў і кінарамеснікаў, але і вузкіх спецыялістаў з іншых сфер: медыцынскіх работнікаў, вучоных, юрыстаў, мастацтвазнаўцаў. Серыяльны асартымент прапаноўвае сюжэты пра постапакаліпсіс, ватыканскія кулуарныя інтрыгі, паранармальныя з’явы, дэтэктыўныя акалічнасці, “лав сторы”, сяброўства, хваробы, гістарычныя ці фантастычныя прыгоды — усё, што заўгодна, усё, што побач з намі ці мы самі — ды наадварот, усё, што для нас толькі загадка ці мара. Прыемна, калі ў большасці выпадкаў сучасны серыял яшчэ і якасна выкананы.

Сфера, з якой моцна павязаная чытацкая аўдыторыя газеты “Культура”, таксама фактычна адзін у адзін прапісана ў адным з іх — серыяле амерыканскай (!) вытворчасці “Паркі і зоны адпачынку” (у загалоўку матэрыяла — слоган стужкі — А.С.). Галоўнай гераіняй сямі сезонаў з’яўляецца чыноўнік невысокага статусу Лэслі Ноўп: у першай серыі яна — намеснік загадчыка дэпартаменту паркаў і зон адпачынку. А зараз учытайцеся: Лэслі звычайная жанчына гадоў трыццаці пяці, шчыра адданая працы і службе, з аднаго боку сумленны ініцыятыўны выканаўца, з іншага — справядлівы бос. Пад яе кіраўніцтвам з дзясятак пасіўных лайдакоў, яе непасрэдны начальнік — абыякавы да дэпартамента цынічны сэксіст. Горад Паўні, у якім адбываецца дзеянне, тыповы правінцыйны небагаты і непрыкметны на першы погляд пункт на карце ЗША.

Прыблізна ў такой безнадзейнай сітуацыі глядач знаходзіць Лэслі Ноўп, якая ўсё роўна ніколі не апускае рукі і змагаецца не толькі за ўтапічную будучыню горада, але і паралельна — за правы жанчын у палітычным рэчышчы. Праз дваццаць хвілін ад пачатку серыяла яна знаходзіць сабе яшчэ адзін галаўны боль — нікому не патрэбны небяспечны катлаван на тэрыторыі Паўні, завалены смеццем, які Лэслі вырашае пераўтварыць у парк культуры і адпачынку для гараджан. Тым, як аказалася, гэта не надта патрэбна, як і мясцовым бюракратам, двум з паловай бізнесменам горада, спонсарам ды самім супрацоўнікам дэпартамента. Чамусьці гэта сітуацыя сацыяльнай фрыгіднасці падалася мне падобнай да нашай. Канешне, серыял і праблемы, якія ён выявіў, — шарж, але не таму, што ён вымучаны ды высмактаны з пальца, а таму, што на экране мы маем суму, збіральны вобраз жыцця ў рэгіёнах, дзе часцяком усё добрае і нефармалізаванае трымаецца на плячах некалькіх асоб.

Дарэчы, маё апісанне “Паркаў і зонаў адпачынку” ў цёмных колерах не мае ніякага дачынення да сапраўднага настрою гэтага серыяла. Забылася сказаць, што гэта камедыя ў лепшым яе выглядзе. І кожны герой са сваёй антыматывацыяй знаходзіць апраўданне і сімпатыю ў аўдыторыі, але пры гэтым усё роўна выходзіць на сцежку эвалюцыі.

Галоўную гераіню ж чакаюць не толькі кар’ерныя выпрабаванні ў дэпартаменце, са “штонікаў“ якога яна як спецыяліст хутка вырасце, але і прымірэнне са сваім начальнікам Ронам Свонсанам, знаходжанне агульнай мовы з малодшымі членамі калектыву, канкурэнцыя з суседнім горадам, каханне ўсяго жыцця з чалавекам, што выпадкова прыехаў у Паўні на стажыроўку, супрацоўніцтва з іншымі сферамі горада, арганізацыя самадзейнага фестывалю, барацьба з забруджаннем навакольнага асяроддзя ды іншае.

Я не заклікаю чытачоў “К” качаць серыял з торэнтаў і наогул правесці рэшту жыцця ў інтэрнэце (хаця такія перспектывы для многіх сталіся б прывабнымі). Але паглядзець па сутнасці на сябе збоку праз капіталістычную (ці не надта, як аказалася) прызму, зрабіць высновы наконт свайго патэнцыялу, натхніцца ў рэшце рэшт асобай Лэслі Ноўп, жанчынай, якой не існуе на свеце, але якая здатная нават сваімі выдуманымі ўчынкамі мяняць светаўспрыманне, можна. Тым больш што на парозе вясна, а гэта самы ўдалы час для стварэння сваіх уласных “паркаў”, праектаў, задум. Дарэчы, Лэслі Ноўп гэта ўдалося. Даруйце за спойлер…

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст