Ці лёгка стаць “народным”?

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Працягваем падводзіць вынікі першага года дзеяння Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады. Гэтым разам у прыцэле нашай увагі аказаўся такі паказчык, як колькасць непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай самадзейнасці з найменнямі “народны” і “аматарскі”. За пяць гадоў ён павінен прырасці на 150 калектываў у параўнанні з узроўнем 2015 года, гэта значыць як мінімум на 30 калектываў на краіну штогод.

Многа гэта ці мала? На першы погляд, даволі шмат. Але ўжо сёння можна сказаць, што названы паказчык Дзяржпраграмы перавыконваецца. Як паведамілі “К” у Міністэрстве культуры краіны, на пачатак 2017 года колькасць “народных” і “ўзорных” калектываў складала 1900 адзінак. Таксама па краіне на сёння існуе 98 заслужаных аматарскіх калектываў. Цягам мінулага года найменні “народны” і “ўзорны” ў Беларусі прысвоены 61 калектыву, званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” — 5.

Калі казаць у разрэзе некаторых рэгіёнаў Беларусі, дык, скажам, на Магілёўшчыне найменне “народны” і “ўзорны” за 2015 год прысвоена 9 калектывам, за 2016 год — 8, а ўжо сёлета званні займелі ажно 12. Колькі ж іх будзе да канца года?

— Бачачы такія лічбы, я магу ўжо сёння з упэўненасцю сказаць, што паказчык дзяржпраграмы будзе значна перавыкананы, — адзначыў “К” дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў. — І гэта адбудзецца нягледзячы на тое, што атрымаць званне даволі складана: трэба спачатку прайсці своеасаблівы адбор (з першага разу, наколькі я памятаю, у нас званні ніколі не прысвойвалі), улічыць заўвагі аўтарытэтнай камісіі, а пасля ўжо атрымаць новы ганаровы статус. Акрамя таго, не трэба думаць, што пасля атрымання званняў “народных” і “ўзорных” калектываў можна працаваць “напаўсілы”. Свой статус трэба раз на тры гады пацвярджаць перад абласной камісіяй, і магу адзначыць, што ў год у нас губляюць званні прыкладна 3 — 5 калектываў. Часам бывае і да дзясяці.

У сваю чаргу, як адзначыла “К” дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук, у вобласці да 2020 года плануецца прысудзіць званні 20 калектывам, але, хутчэй за ўсё, іх за пяцігодку будзе значна больш. Летась такія ганаровыя найменні былі нададзены 4 самадзейным калектывам, сёлета — ужо двум.

— Наша абласная камісія вельмі строга падыходзіць да надання званняў, таму часам прыходзіцца і адхіляць прэтэндэнтаў, — заўважыла Святлана Каржук. — Справа ў тым, што ганаровы статус — сапраўдны гонар любога раёна, таму такіх званняў проста па вызначэнні не можа быць шмат.

Акрамя таго, маючы званні “народны” ці “ўзорны”, калектыў па згодзе з райвыканкамам можа ўвесці ў свой склад 3 бюджэтныя штатныя адзінкі: хормайстра, мастака і гэтак далей. Праўда, часцей за ўсё разам з новым статусам дадаецца адна, максімум дзве штатныя адзінкі, адзначыла дырэктар Гродненскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культасветработы Ірына Дземянчук:

— Не сакрэт, што галоўнае, каб раённыя ўлады пайшлі насустрач і забяспечылі калектыў адпаведнымі спецыялістамі, увёўшы іх у склад ансамбля, — адзначыла Ірына Дзмітрыеўна. — Але звычайна на месцах разумеюць, што без адпаведнай падтрымкі званне можна і згубіць. Таму нават калі падаюць заяўку на прысваенне адпаведнага статусу, дык даволі доўга да гэтага рыхтуюцца: шыюць касцюмы, развучваюць новы рэпертуар, набываюць неабходныя інструменты. Да таго ж, абласная камісія звычайна не прысвойвае званняў, калі калектыў не мае дыпломаў і ўзнагарод абласных і раённых фестываляў і конкурсаў.

Па словах Ірыны Дземянчук, за мінулы год у вобласці былі прысвоены званні “народны” і “ўзорны” адразу 9 калектывам. І, як спадзяецца кіраўнік абласнога метадычнага цэнтра, прыкладна такая ж колькасць займее новы статус і сёлета.

Такім чынам, паказчык Дзяржпраграмы на сёння сапраўды перавыконваецца хуткімі тэмпамі. Іншая справа, што ў сувязі з аптымізацыяй і скарачэннем бюджэтнага фінансавання, як адзначалі мне літаральна ўсе суразмоўцы, увесці ў склад калектыву са званнем “народны” ці “ўзорны” хаця б адну штатную адзінку сёння вельмі складана. А менавіта гэтыя дадатковыя штатныя адзінкі і падтрымліваюць на належным узроўні выканальніцкае і творчае майстэрства свайго гурта ці ансамбля.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"