Пра Пятра Кміту, залатую рыбку і чайныя прыпеўкі

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Вясна перамагла! Мяркуючы па рэдакцыйнай пошце, ці не ў кожнай беларускай вёсцы масленічныя блінцы каштавалі пад вясёлы акампанемент нашых нястомных самадзейных калектываў. А потым, з не меншай радасцю, у клубах ды бібліятэках мы ўшаноўвалі Яе Вялікасць Жанчыну. А 9 сакавіка Віцебскі абласны краязнаўчы музей запрасіў на выставу “Выцінаная вясна”. Тут экспануецца 112 выцінанак з фондаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра і з калекцый майстроў Бешанковіцкага, Віцебскага, Гарадоцкага, Глыбоцкага, Лепельскага, Полацкага, Сенненскага і Чашніцкага раёнаў.

/i/content/pi/cult/628/13958/11-1.jpg405 гадоў споўнілася з дня заснавання ў Любчы буйнейшай рэфармацыйнай друкарні на Беларусі. Мясцовая інтэграваная гарпасялковая бібліятэка паказала тэатралізацыю “Гісторыя адной друкарні”. Гаворка ішла пра жыццё і творчасць мясцовых друкароў Пятра Кміты, Яна Даніэля, Яна Ланге. У Любчанскай друкарні складаў і выдаваў свае творы Саламон Рысінскі. Пра гэта напісала галоўны бібліёграф Навагрудскай раённай бібліятэкі Святлана Чубрык.

Дзень пісьменніка прайшоў у бібліятэках Мазыршчыны. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мазырскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы распавяла пра мясцовых творцаў, якія сустрэліся са сваімі чытачамі.

Заўтра, 12 сакавіка, у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры адбудзецца трэці конкурс беларускіх танцаў “Мяцеліца”. Яго ладзіць Школа традыцыйнага мастацтва супольна з Беларускім фондам культуры. Кіраўнік праекта — даследчык нашага аўтэнтычнага танца Мікола Козенка. Сваё майстэрства пакажуць юныя і сталыя танцоры з Гомельшчыны, Магілёўшчыны і Віцебшчыны.

Паведамляе Валянціна Осіпава: “Кожныя тры гады творчыя калектывы дзіцячай школы мастацтваў Бярозы (Брэстчына) падводзяць вынікі дзейнасці і пацвярджаюць прысвоеныя званні. Гэтым разам высокае майстэрства прадэманстравалі народны аркестр народных інструментаў (дырыжор Ганна Хаміцэвіч), узорны аркестр народных інструментаў “Бярозка” (кіраўнік Наталля Кайровіч), узорны хор “Ветразь надзеі” (заснавальнік і дырыжор Любоў Рабава), узорны гурт гарманістаў (кіраўнік Ігар Сірычнік). А вось інструментальны ансамбль “Карусель-плюс” толькі мяркуе стаць народным, таму падрыхтаваў гадзінную канцэртную праграму. Мастацкае аддзяленне школы арганізавала выставу работ студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Папараць”, кіруе якой Таццяна Зданевіч”.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праведзены ўрок шанавання, прысвечаны загадчыку сектара навукова-метадычнай работы, удзельніку баявых дзеянняў у Афганістане, палкоўніку ў адстаўцы Уладзіміру Фалецкаму ў сувязі з завяршэннем яго 25-гадовай працы ў музеі. Пра гэта напісаў памочнік дырэктара ўстановы Мікалай Шаўчэнка.

Аграгарадок Морына Іўеўскага раёна вызначыўся святам “Морынская залатая рыбка”. “Прайшоў конкурс юшкі, — паведамляе вядучы аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ірына Капуста, — якую гатавалі каманды прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна. Тэатралізаваную канцэртна-забаўляльную праграму прапанавалі гледачам калектывы аматарскай творчасці нашай установы, аддзелаў культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадкоў Ліпнішкі, Лаздуны, Суботнікі, а таксама творчы калектыў з аграгарадка Ходараўцы Лідскага раёна”.

Пра 80-годдзе Мазалаўскай сельскай бібліятэкі піша вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка. “Цяпер установу наведваюць больш за 800 чытачоў, — удакладняе аўтар. — Тут налічваецца 16 тысяч кніг і часопісаў, дзейнічаюць аматарскае аб’яднанне для дарослых і экалагічны гурток для дзяцей і падлеткаў. На базе бібліятэкі створаны Цэнтр дадатковай адукацыі, дзе наладжана камп’ютарнае навучанне дарослых”.

У Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы стала завядзёнкай праводзіць сустрэчы ля самавара. Пра гэта паведаміла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ўстановы Надзея Стахавец. Падчас такіх сустрэч чытачы дэгустуюць розныя віды чаю — чорны, зялёны, чырвоны, што не можа не ўплываць на дадатнае асваенне прачытанага.

Пра дзейнасць бібліёбуса на чале з Марынай Крупіца паведамляе загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка. Зона абслугоўвання мабільнай бібліятэкі — 67 населеных пунктаў. Штомесяц наведваецца кожная вёска. Летась здзейснена 80 выездаў, выдадзена 8304 кнігі, а кола чытачоў перавысіла дзве тысячы чалавек.

Беларусы Самарскай вобласці наведалі Арэнбург. Пра гэта піша кіраўнік прэс-службы Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Мікалай Бойка. Такім чынам усталёўваюцца трывалыя міжрэгіянальныя і міжнацыянальныя сувязі паміж беларускай моладдзю Самарскага рэгіёна і маладзёжнымі аб’яднаннямі Арэнбургскай вобласці. Падчас візіту вырашаліся пытанні гуманітарнага і культурнага ўзаемадзеяння па рэалізацыі сумесных сацыяльных праектаў, аналізаваўся досвед работы па падтрымцы ў рэгіёнах міжнацыянальнай згоды.

Бібліятэкар Бялыніцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Грыбайла піша: “Мы запрасілі на сустрэчу нашу зямлячку, пісьменніцу Наталлю Батракову. Нагодай стала з’яўленне працягу дылогіі “Міг бясконцасці”. Чытачы задавалі пытанні. Гутарка пераўтварылася ў зацікаўлены дыялог”.

Бібліятэкары Шчучынскага раёна правялі акцыю “Чытаем кнігі землякоў разам”. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Таццяна Красінская распавядае: “Разам з аўтаклубам наведалі вёску Багданаўцы. Шэраг мерапрыемстваў правялі ў Шчучынскай дзіцячай, у Гурнофельскай сельскай бібліятэках, у Куляшоўскай сельскай бібліятэцы-музеі”.

Рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч паведамляе пра персанальную выставу мясцовага мастака Лідзіі Шпектаравай “Пейзажы і кветкі”. Тут прадстаўлена каля 70 жывапісных твораў інсітнага мастацтва.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"