Ці патрэбен музей дэтэктыва, калі палац расцягваюць на цэглу?

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Завалочыцы: event-дзеі і расстраляная Кацярына
Напрадвесні выправіліся ў чарговы аўтаваяж. Пралягаў ён гэтым разам праз Глускі раён Магілёўшчыны, Любанскі ды Слуцкі раёны Міншчыны. Як і заўжды, пабачылі і пачулі шмат цікавага, на вус наматалі, цяпер паступова размотваць будзем. Для ўсеагульнай, так бы мовіць, навукі, бо і станоўчага досведу назапасілі і з непазбежнымі праблемамі сутыкнуліся. Словам, ёсць што аналізаваць, ёсць над чым задумацца ды паразважаць пра стан і перспектывы сельскай культуры.

/i/content/pi/cult/628/13957/10-1.jpgДа Глушчыны дабіраліся праз Глушу, што на Бабруйшчыне. Шлях быў асветлены ўспамінам пра Алеся Адамовіча, магілу якога мы гадоў колькі таму шукалі тут доўга, але знайшлі. Згадалася і нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч, якая пяць тысяч долараў ахвяравала на стварэнне ў Глушы музея Алеся Адамовіча. Наш славуты празаік і публіцыст усё жыццё змагаўся за Праўду, таму і музей гэты, як лічым, павінен стаць напамінам пра тое, што на праўдзе беларускі свет стаіць. (Так атрымалася, што ў той дзень нам патрапілася яшчэ адна нагода паразважаць пра іншы музей, таксама пакуль віртуальны. Але пра гэта гаворка — трошкі ніжэй...) Так неўпрыкмет і дабраліся да вёскі Гарадок. Даведаліся ў мясцовай краме, што моладзі тут даўно няма, таму і клуб давялося закрыць і перадаць на баланс мясцовага праваслаўнага прыходу — пад правядзенне царкоўных мерапрыемстваў ды стварэнне музейнай экспазіцыі. Тым больш гістарычнай інфармацыі і артэфактаў можна назбіраць багата — напрыканцы 1930-х толькі гэты храм дзейнічаў на Магілёўшчыне. Палюбаваліся на драўляную царкву, узведзеную ў візантыйскім стылі — ці не адзіную такога кшталту на Беларусі — і рушылі на Завалочыцы, дзе сельскі дом культуры, па словах вяскоўцаў, пакуль яшчэ трымаецца.

Дызайн, піяр і “спонсарскае” зерне

І будзем спадзявацца, што гэта ўстанова культуры трымацца будзе яшчэ доўга. Справа ў тым, што клубны рэй тут вядуць дырэктар СДК Людміла Навіцкая і яе дачка — мастацкі кіраўнік Алеся Улізкіна. З Алесяй мы не змаглі сустрэцца (у дэкрэтным адпачынку яна), але знаёмства з клубам у нас пачалося са здзіўлення, выкліканага рэалізаванай фантазіяй маладой крэатыўшчыцы. Перад фасадам СДК мы пабачылі звычайны ровар, пераўтвораны ў сімвалічную інсталяцыю (глядзіце фота): маўляў — гэта асноўны вясковы транспарт наведвальнікаў клуба і бібліятэкі (побач заўжды можна пабачыць некалькі “жывых” ровараў), а кошык на стырне — летні кветкавы вазон. Словам, прыгожа і шматзначна.

Аказваецца, Алеся — дызайнер. Скончыўшы Бабруйскі мастацкі каледж па спецыяльнасці “мастак-афармляльнік”, пэўны час працавала ў Расіі, займалася, як расказала маці, і арганізацыяй event-мерапрыемстваў у сферы культуры. Мела запрашэнні працаваць у Мінску, ды нешта не атрымалася. Таму разам з мужам вярнулася на малую радзіму. У Завалочыцах яна ўзялася за арганізацыю агеньчыкаў, як нас запэўнілі, нестандартных і па афармленні, і па змесце. Дырэктара СДК мы якраз і сустрэлі за падрыхтоўкай залы пад чарговае святочнае мерапрыемства. Шчыра кажучы, мы так і не дацямілі, у чым адмысловасць тых агеньчыкаў. Але крытэрый іх ацэнкі ў мясцовых работнікаў аргументаваны і лагічны: шмат людзей збіраецца. А значыць, мясцовай супольнасці падабаецца. Мы потым разабраліся, чаго не хапае мясцовым агеньчыкам. Але гаворка пра гэта — напрыканцы артыкула.

Пакрысе высветлілі, што адзін з асноўных кірункаў дзейнасці СДК — фальклорны. Літаральна ўчора Людміла Навіцкая была на раённым семінары па арганізацыі абрадавых дзей. У свой час павышала кваліфікацыю ў Магілёве. Пазабюджэтны план выконвае за кошт памянёных агеньчыкаў, канцэртаў, тэатральных пастановак (ёсць адпаведны гурток) і святочных віншаванняў. З апошняй платнай паслугай клубнікі аб’ездзілі сваіх землякоў ці не па ўсёй вобласці. З такой актыўнасцю сутыкаемся не кожны дзень. Здзівіла нас да краю і яшчэ адна акалічнасць.

Вельмі своеасабліва вырашаецца тут пытанне спонсарскай дапамогі: мясцовая сельгасарганізацыя рэгулярна выдаткоўвае работнікам культуры… зерне. Невялікія дэвідэнды пасля яго ўладкавання сярод сваіх жа выкарыстоўваюцца для набыцця прызоў ды сувеніраў на святочныя праграмы. Спонсарства, так бы мовіць, эпохі эканамічнага крызісу.

У час размовы высветліўся яшчэ адзін клопат — аддзел ІРКСМ не мае ліцэнзіі на перавозку людзей. З-за гэтага знікла магчымасць арганізацыі ўжо наладжаных і даволі прыбытковых экскурсій — у жлобінскі аквапарк, Жыровіцкі манастыр… Дырэктар СДК перажывае: “Вось у Рагачове, я ведаю, такая ліцэнзія ёсць, а ў нас…“ Мы ў сваю чаргу паўшчувалі, што інфармацыя з Глускага раёна бывае ў нашай “Культуры“ гады ў рады. Людміла Навіцкая абяцала сітуацыю з піярам выправіць. Вось такія няпростыя пакручастыя варункі ў СДК…

Дом культуры рыхтаваўся да чарговага агеньчыка, апантана рэпеціравалі клубныя актывісты Валянціна Войтава і Антон Шабалін, які пару гадоў таму перасяліўся сюды з усходу Украіны. Мы ж скіраваліся ў бібліятэку. Ніяк не чакалі, што зноў здзівімся да мяжы.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Вельмі прыемна, што малады мастацкі кіраўнік СДК ведае, што такое event-мерапрыемствы. Шчыра кажучы, не чакаў. І вельмі веру ў тое, што нашы публікацыі пад рубрыкай “Лабараторыя“ пяройдуць з разраду тэарэтычных эксперыментаў у прастору рэальнай практычнай дзейнасці. Дарэчы, прыклады таму мы абсалютна нечакана адшукалі і ў Слуцкім раёне. Але пра гэта — у наступных нумарах. Дадам толькі адно: агеньчыкі ў вёсцы Завалочыцы павінны набыць трошкі іншае сацыяльнае гучанне. Чаму, чытач зразумее трошкі пазней. Вельмі хочацца верыць, што так яно і будзе.

Жылінскія ды Гатоўскія

Са школы прыйшла бібліятэкар Тамара Кулік (да абеду яна працуе там, а пасля — у сваёй сельскай бібліятэцы) і імгненна ўзяла нас у палон свайго прачулага маналога пра мясцовае краязнаўства, дзе яна — непераўзыдзены штукар-майстар з 37-гадовым стажам.

Дык вось, як мы даведаліся ад бібліятэкара, Завалочыцы ўтварыў знаны меліяратар Іосіф Жылінскі, які хацеў пераўтварыць мясцовыя бясконцыя балоціны ва ўрадлівы край (і цяпер знаходзяць на палях тагачасныя керамічныя дрэнажныя трубкі). Хацеў — і многае зрабіў. Ды яшчэ ўзвёў палац, вінакурню. Але меў адзін грашок: у 1910 годзе прайграў той драўляны палац у карты. Так маёмасць стала ўласнасцю Гатоўскіх. Сам Гатоўскі тут не жыў, а вось жонка ягоная Кацярына — атабарылася. Гаспадарку вёў памагаты Булгакаў (дарэчы, яго жонка — сястра Фелікса Дзяржынскага). Але не пра яго гаворка, а пра Кацярыну. Была яна бяздзетная, таму вельмі злая з сялянамі. Падпаліла застрахаваны палац. На страхоўку ўзвялі новы (ён збольшага і захаваўся ля СДК), цагляны. Падчас рэвалюцыі Кацярына Гатоўская не ў Парыж з’ехала, а сабрала… банду і рабавала народ, нават у Мінску. Злавілі яе чэкісты і расстралялі. Дэтэктыў! (Не самі прыдумалі, Тамара Кулік з веданнем справы распавяла).

У аднаго з нас імгненна ідэя ўзнікла: чаму б не стварыць у захаваным палацы (у ім яшчэ нядаўна была кантора сельгасарганізацыі) музей дэтэктываў?

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Так гістарычна склалася, што Глускі раён мае адзінкавыя гістарычныя помнікі архітэктуры, якія дайшлі да нашага часу ў розным стане. І ўсё ж мае. Ці не ўсе яны каля Завалочыц — гэта і колішняя паштовая станцыя сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў Сіманавічах, і сам палац Гатоўскіх разам з будынкамі вінакуранага завода. Вось толькі сярод шматлікіх гарадзішчаў, стаянак першабытнага чалавека і курганаў у спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей раёна мы іх так і не ўбачылі. Затое ўбачылі стаўленне мясцовай супольнасці да гэтых аб’ектаў: паштовая станцыя перабудоўваецца, а палац разбіраецца на цэглу. На жаль, іншага чакаць і не даводзіцца. Без разумення і клапатлівага стаўлення да сваёй адметнай спадчыны кіраўніцтва раёна не будзе яго і ў шараговага тубыльца. Драўляны палац у суседняй з Завалочыцамі вёсцы Дварэц некалькі гадоў таму быў канчаткова страчаны. Не хацелася, каб у мірны час у незалежнай Беларусі такая тэндэнцыя працягвалася, бо не будзе чым апраўдвацца перад нашчадкамі.

Мары, мары…

Эх, каб усе нашы мары-задумкі ды збываліся! Аднак мы цяпер пра іншыя страчаныя перспектывы. Бібліятэка, як аказалася, пастаянна вядзе гутаркі з юнымі чытачамі пра мінулае вёскі Завалочыцы. А вось сярод дарослых, відаць, гутаркі такія ўзнікаюць не так часта. Як інакш патлумачыць тое, што былы палац расцягваецца мясцовым людам літаральна па цаглінцы. Бібліятэкар скардзіцца, што знікла ў свой час каваная агароджа балкона. Шукалі — не знайшлі. А праз нейкі час з’явілася тая агароджа ў якасці мастка праз ручай ля аднаго з прыватных дамоў.

Вось такое ашчаднае стаўленне да мінулага! Няўжо справа нячыстай на руку Кацярыны Гатоўскай жыве і буяе?

Агульнае (не)лірычнае завяршэнне

Так, стварэнне новых устаноў культуры кшталту музея дэтыктываў — справа па сённяшнім нішчымным часе нерэальная. (Але, пагадзіцеся, якая ідэя сімпатычная!) Гаворка, як нам падаецца, зусім пра іншае. Клубна/бібліятэчныя event-мерапрыемствы проста мусяць быць накіраваны ў Завалочыцах на ўмацаванне мясцовага патрыятызму. Каб не руйнаваць мінулае, каб захаваць не толькі архітэктурную спадчыну, але і духоўную, каб “людзьмі звацца“. Важней за гэтае цяпер, відаць, нічога няма.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"