Рэканструкцыя тэатральнага

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Доктар філалогіі, дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй МАСКВІН займаецца праблемамі славянскай драматургіі і тэатра. Папулярызуе беларускую драматургію за мяжой. Напрыканцы 2016 года ён пабываў у Мінску і Віцебску з прэзентацыяй сваёй кнігі “Беларускі тэатр 1920-х — 1930-х: адабраная памяць”, якая выйшла ў перакладзе на беларускую мову. Па словах складальніцы беларускага варыянту Таццяны Арцімовіч, кніга Масквіна для нашага кантэксту ўнікальная. Гэта першае выданне, у якім здзейсненая спроба рэканструкцыі беларускага тэатра перыяду ягонага прафесійнага станаўлення. Упершыню паўстае шмат імёнаў і фактаў, якія ў савецкі перыяд былі выкрасленыя з нашай культурнай памяці. Крок па кроку рэканструюючы падзеі той пары, аўтар звяртаецца да крыніцаў, доўгія часы недаступных для даследчыкаў, такім чынам вяртаючы беларускаму тэатру ягоную памяць і гісторыю. Падчас знаходжання Андрэя Масквіна ў Віцебску і было зроблена гэта інтэрв’ю.

/i/content/pi/cult/628/13955/14-1.jpg— Спадар Андрэй, Ваша навуковая дзейнасць наўпрост звязана з Беларуссю, яе мастацкай культурай, найперш драматургіяй і тэатрам...

— З 2002 года я працую на кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў Варшаўскім універсітэце. І загадчык прапанавала мне весці дысцыпліны, звязаныя з вашай краінай — беларускую мову, гісторыю культуры і мастацтва Беларусі. Паступова ў мяне ўзрастаў усё большы інтарэс да вашага мінулага, культурнай спадчыны. І цяпер я планую напісаць ужо доктарскую дысертацыю, прысвечаную беларускаму тэатру і драматургіі.

— А пра што была кандыдацкая?

— Яна прысвячалася рэцэпцыі Станіслава Пшыбышэўскага (знакаміты польскі празаік, паэт, драматург-сімваліст) на рускую культуру канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Калі ж вярнуцца да тэмы наступнай працы і той кнігі, якую вы трымаеце ў руках, спярша я думаў прысвяціць яе цэламу ХХ стагоддзю ў беларускім тэатры, але пазней зразумеў, што гэта вельмі вялікі перыяд і варта сябе абмежаваць.

— Значыць, у вас на Беларусі няма каранёў?

— Не, я родам з Польшчы, а даволі вялікі адрэзак жыцця звязаны ў мяне з Расіяй: скончыў аддзяленне польскай філалогіі пры Маскоўскім універсітэце, там жа аспірантуру, абараніў дысертацыю, працаваў у Краснаярскім універсітэце, потым вярнуўся ў Польшчу. Займаюся ж пераважна культурай усходнеславянскіх краін — Беларусі, Расіі, Украіны. Добра ведаю іх мовы. Заснаваў праект “Транзіт”, у рамках яго мы займаемся перакладамі п’ес сучасных усходнеславянскіх аўтараў, выдаём анталогіі драматычных твораў, я займаюся іх складаннем, пішу прадмовы. Ужо выйшла ў Польшчы тры тамы анталогіі сучаснай беларускай п’есы, пяць тамоў сучаснай расійскай, па адным  — сучаснай украінскай і славацкай драматургіі. Яшчэ мяне цікавяць праблемы гісторыі гарадоў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Я наладзіў навуковую канферэнцыю, прысвечаную сталіцы Славакіі, выдаў таксама кніжку “Браціслава — горад на мяжы розных культур”.

— Але давайце вернемся да манаграфіі пра беларускі тэатр. Чаму вы абралі менавіта гэты перыяд і ці думаеце пісаць працяг?

— Калі я пачаў збіраць матэрыялы, то зразумеў, што самы цікавы і найменш даследаваны перыяд — 1920-я гады. У мяне была думка пачаць з творчасці Дуніна-Марцінкевіча і скончыць 1930-м, але зразумеў, што гэта вельмі складана, і вырашыў падзяліць працу на два этапы: 1920-я —1930-я і тое, што было раней. Летам ці восенню наступнага года, спадзяюся, і першая частка з’явіцца. Што адбывалася пасля 1930 года, мяне менш цікавіць, таму, відаць, больш засяроджуся на сучасным беларускім тэатры, пачынаючы з 1991 года. У Польшчы такіх матэрыялаў не хапае, дый чытача больш цікавіць сучаснасць.

— Тут мушу не пагадзіцца. І ў 1970-я — 1980-я гады ўзнікалі цікавыя постаці, якія не ўпісваліся ў традыцыйнае рэчышча. Узяць, да прыкладу, асобу Юрыя Міроненкі, які, на жаль, рана пайшоў з жыцця, ды і не толькі яго.

— Але мне не хопіць жыцця, каб усё ахапіць! Гэта праца цэлага інстытута.

— Хто дапамагаў у выданні кнігі і на якога чытача яна разлічана?

— Серыя пад агульнай назвай “Іншая Еўропа” заснавана прафесарам, загадчыкам кафедры нашага ўніверсітэта Янам Казбялам. Кніга адрасавана ў першую чаргу славістам, гісторыкам тэатра, а таксама ўсім зацікаўленым. У Польшчы ёсць цэлая традыцыя вывучэння беларускай гісторыі, культуры, кнігі на гэтую тэматыку часта перакладаюцца і карыстаюцца попытам. Будзем спадзявацца, што і гэтая работа зойме сваё месца.

— Такім чынам, можна зазначыць, што цікавасць у Польшчы да беларускага тэатра, гісторыі, культуры апошнім часам узрастае?

— Гэты інтарэс заўсёды існаваў. У свой час была створана кафедра гісторыі і культуры Беларусі пры Варшаўскім універсітэце, і гэта ўжо дае магчымасць распаўсюджваць беларускую культуру і пашыраць веды пра Беларусь. А вось у Любліне, напрыклад, скарацілі кафедру беларускай філалогіі. Але ўсё роўна, нават па сваіх студэнтах, аспірантах я бачу жаданне гэтай тэматыкай займацца, і займацца ўсур’ёз. Яны з задавальненнем ходзяць да мяне на лекцыі, пішуць цікавыя кандыдацкія і магістарскія працы.

— Ну і крыху пра адваротны працэс. Ці адчуваецца ўплыў польскага тэатра, польскай культуры на беларускае сцэнічнае мастацтва?

— Гэта ёсць. Як прыклад — тое, што мы бачым на фестывалі “ТеАRТ”. Усё пачалося недзе ў 2005 — 2006 гадах з таго, што польскі бок пачаў запрашаць людзей, якія звязаны з тэатрам — артыстаў, рэжысёраў, крытыкаў — на розныя фестывалі, што адбываюцца ў Польшчы. Потым нашу краіну пачалі наведваць дырэктары некаторых беларускіх тэатраў, той жа Андрэй Новікаў з Магілёва. Такім чынам, эстэтыка польскага тэатра пачала ўплываць і на беларускую мастацкую прастору. Праўда, пакуль гэта можна казаць толькі пра незалежныя сцэнічныя праекты, напрыклад, спектаклі Яўгена Карняга і некаторых іншых. Але справа ў тым, што маладым творцам вельмі цяжка ў вас прабіцца з іх праектамі ў дзяржаўныя тэатры. Кіраўнікі, як правіла, не вельмі ахвотна запрашаюць іх. А можа, нават і баяцца. Так мне бачыцца.

— Вы часта бываеце ў Беларусі, на розных тэатральных фестывалях. Што з беларускіх пастановак вас найбольш уразіла апошнім часам?

— На сёлетнім “ТеART” была вельмі моцная беларуская праграма. Некалькі спектакляў мяне вельмі ўразілі. Напрыклад, “На дне” Горкага ў пастаноўцы Магілёўскага тэатра лялек, “Опіум” Віталя Каралёва Цэнтра “Арт Карпарэйшн” і “Саша, вынесі смецце” Наталлі Варажбіт Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Гэта выдатныя работы, якія можна паказваць на любым міжнародным фестывалі. Яны даказваюць, што ў беларускім тэатры з’явілася маладое пакаленне, якое думае па-іншаму, спавядае іншыя мастацкія прынцыпы, чым іх папярэднікі.

— Якое ўражанне зрабілі на вас прэзентацыі кнігі ў Беларусі?

— Мяне ўразіла, што на іх прыходзяць не толькі навукоўцы з тых галін, якія звязаны з тэатрам, але і тыя, хто не мае да яго непасрэднага дачынення. Іх цікавяць тыя даследаванні, якія робяцца не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. У Мінску было шмат пытанняў пра тое, як пісалася кніжка, якое месца займае беларускі тэатр у сусветнай прасторы. Мяркую, што кніга будзе стымуляваць і ў Беларусі даследаванні, прысвечаныя іншым перыядам гісторыі тэатра, бо там ёсць метад, з дапамогай якога можна вывучаць архіўныя дакументы, з другога боку — рэканструяваць спектаклі, якія з’яўляюцца артэфактамі мінулага. У 2016-м і віцебскі Коласаўскі тэатр адзначыў сваё 90-годдзе, а праз 10 гадоў у вас ужо 100-гадовы юбілей. І я мяркую, што да таго часу з’явяцца людзі, якія па-новаму напішуць яго гісторыю, дапоўніўшы яе перыядам 1920-х — 1930-х і больш познімі часамі.

Фота са старонкі героя інтэрв'ю ў "Facebook"

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа