Скажы, “Pauline”, навошта…

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Па версіі маладога гурта: пра тэксты, “дзядзькоў” ды заробкі
З чаго б гэта “Культура” вырашыла прадставіць вам менавіта гэтую маладую каманду, спытаеце вы? За якія такія заслугі? Усё вельмі проста. Гурт “Pauline” — тыповы ўзор калектыву-пачаткоўца, які за два гады існавання дасягнуў сякіх-такіх поспехаў, атрымаў прызнанне ў часткі меламанаў ды зусім нядаўна выпусціў дэбютны альбом. На прыкладзе ансамбля мы і хочам паспрабаваць разабрацца, як сёння жывецца маладым музыкантам, з якімі праблемамі сутыкаюцца яны ў сваёй творчай дзейнасці, і наогул — навошта ім усё гэта трэба?.. За бэнд у рэдакцыю “К” прыйшла яго ідэолаг ды лідар-вакалістка Паліна ЦІМОХІНА. “Ужо колькі іх упала ў гэтую бездань...”, Марына Цвятаева. У бездань шоу-бізнесу...

/i/content/pi/cult/628/13951/6-1.jpg— Пачаць інтэрв’ю мае калегі прасілі з пытання простага, што складаецца з аднаго слова: навошта? Выкручвайцеся...

— Таму што не бачу сябе ў чымсьці яшчэ. Я скончыла гімназію з музычна-педагагічным ухілам, і думала, што ўсё, хопіць музыкі. Спрабавала сілы ў журналістыцы, адвучыўшыся на журфаку (я і цяпер часам куды-небудзь пішу), у маркетынгу, працуючы адміністратарам у розных установах. Але ўвесь час вярталася да музыкі — праз тыя ж універсітэцкія імпрэзы. І вось так і паўстаў мой сольны праект, які і цяжкавата даваўся, і матэрыял выніковы не зусім задавальняў. Мы не разумелі адзін аднаго з запрошанымі акампаніятарамі. І тут я пазнаёмілася з Даніэлем Пярцовым, лідарам гурта “Green Pepper”, музыкантам маладым, але ўжо досыць дасведчаным. Ён і прыадкрыў мне ўсялякія музычныя хітрыкі, у прыватнасці даў некалькі карысных урокаў па вакале, дапамог з запісам двух трэкаў. І ў працэсе нашага супрацоўніцтва паўстала пытанне аб стварэнні гурта, якi рэалізоўваў бы мае ідэі. Людзей для яго знаходзіла праз інтэрнэт, цяпер у iм амаль усе музыканты недзе ўжо “засвечаныя”.

— Навошта, Паліна, навошта?..

— Мне хацелася б, каб мае песні слухалі, каб пра іх гаварылі ў медыя, транслявалі па радыё ды на тэлебачанні. (На FM-станцыях некалькі кампазіцый гурта гучыць.) Каб іх перапявалi іншыя, што азначала б — яны ўдаліся. Ужо, дарэчы, перапяваюць. Не вядомыя артысты, зразумела, а так, для сябе. Хочацца займацца музыкай прафесійна.

— Адсюль — больш падрабязна.

— Нам патрэбен чалавек, які ў якасці менеджара, прадзюсара займаўся б прасоўваннем гурта. “У абмен” прапануем моцны склад ды ідэі.

— Ясна, “дзядзька” патрэбны. А пра Тэатр эстрады або цэнтр “Спамаш” не думалі? Як магчымых працадаўцаў?

— Не.

— Вы двойчы ўжылі слова “ідэі”. У чым яны заключаюцца? Што ж сказаць хочаце слухачу ў тэкстах такога, чаго ён раней не чуў?

— Па-першае, рэпертуар гурта складаюць песні толькі на беларускай мове, сапраўдную любоў да якой мне прышчапілі не ў школе, а на журфаку. Па-другое, гучанне павінна быць блізкім да еўрапейскага, а кірунак — грунтавацца на поп-, рок- ды блюз-музыцы. Мэйнстрым. Такім стылістычна, прынамсі, выйшаў наш дэбютны альбом. Ён... сумны, характарызуе стан маладых людзей, якія выходзяць у дарослае жыццё. У гэтых песнях — першае каханне, першыя расчараванні, першыя сапраўдныя праблемы. І пытанне — што чакае заўтра? Я і надалей жадаю казаць аб чалавечых пачуццях, узаемаадносінах скрозь прызму любові, сяброўства, здрады... Казаць пра разуменне ды неразуменне адзін аднаго, пра ўнутраны свет чалавека, пра яго войны з самім сабой. Так, пра гэта праспявалі безліч разоў, але тэмы гэтыя — вечныя, актуальныя, яны хвалююць і мяне.

— Цяжка вам стаць самаакупным гуртом з такой... палітыкай. Сёння ж што запатрабавана грамадствам, з актуальнага? “Жанчына, я не танчу...”

— Але мы спявалі ды будзем спяваць пра нешта... весялейшае. І ў будучыні мяркуем жанрава ды па гучанні змяніцца: менш рока стане, а гук — больш лёгкім, паспрабуем соўл, электра, верагодна, фолк. Але “Жанчына...”, вядома, была б пераборам. І Шакіра з Рыянай, у якіх нас тыкалі носам, адмаўляючы ў ратацыях на некаторых FM-станцыях, маўляў, вось такое трэба. Кампраміс для мяне магчымы толькі да пэўнай мяжы. І папса можа быць якаснай, і я магу сабе ўявіць, што ствару зусім-зусім што-небудзь... лёгенькае, у духу песеннай моды. Крытэрый у дадзенай сітуацыі такі: каб мне гэта падабалася ды не было сорамна за прыдуманае. А наогул, я люблю эксперыментаваць.

— Колькі ў сярэднім у месяц даяце канцэртаў?

— Тры-чатыры. У асноўным гэта клубы, сталічныя, рок-н-рольныя, у якіх мы можам выступіць і з сольнай праграмай, і ў “салянцы”. У “пафасныя” пакуль не клічуць. Затое на айчынныя фестывалі запрашаюць. У апошні час больш увогуле менавіта так і адбываецца, чым мы самі кудысьці напрошваемся: і ў Мінску, і за яго межамі нас ужо ведаюць.

— Арганізатары расплачваюцца півам?

— Часцей — грашыма, парадку 150 — 200 у.а. на ўвесь гурт. Але могуць замест ганарару накрыць столік.

— Пяцьдзясят працэнтаў — вам, астатняе — калегам?

— Мы ўсё пускаем на вытворчасць музыкі: запіс песень, паслугі гукарэжысёра. Інструменты, “прымочкі” кожны купляе або абнаўляе за ўласны кошт.

— Альбом у якую суму абышоўся?

— Пакуль гэта была самая затратная рэч у нашай творчай дзейнасці. Запіс адной песні (час, выдаткаваны на яе музыкантамі ў студыі, плюс работа гукарэжысёра) каштаваў каля 350 у.а. У дыск увайшло восем трэкаў.

— Крытыкуюць моцна?

— Шчыра скажу, што больш чуем станоўчых водгукаў. Алег Хаменка, як мне здаецца, вельмі добра да нас ставіцца. А раяць паменшыць колькасць меланхалічных песень, уключаць у канцэрты больш “руховыя” рэчы, хуткія, зухаватыя, танцавальныя. А яшчэ да з’яўлення гурта я ўдзельнічала ў адным конкурсе, у журы якога быў Анатоль Ярмоленка. Выступіла не самым лепшым чынам ды вельмі знервавалася. Пачала мучыць сябе, маўляў, навошта я зноў з гэтай музыкай звязалася, нічога ж не атрымліваецца? І раптам на выніковым канцэрце да мяне падышоў Анатоль Іванавіч і сказаў нешта кшталту таго, што на гэтым конкурсе я была целам іншародным, што для яго былі патрэбныя іншыя песні, іншая манера выканання. (А я праспявала нешта аўтарскае, натуральна, сумнае, і песню “Бяжы” гурта “Naka” — з таго ж па эмоцыях “агарода”.) Але ў любым выпадку, працягнуў Ярмоленка, ты павінна заставацца сабой, рабіць тое, што лічыш правільным. Што спявала я так, як адчувала песні, а многія іншыя канкурсанты — як іх навучылі. Пасля гэтых слоў мэтра я вырашыла: не, не буду музыку кідаць!

— Ужо набраўшыся сякога-такога вопыту, што скажаце тым, хто толькі збіраецца ствараць гурт?

— Для таго, каб чаго-небудзь дасягнуць, акрамя выдатнага валодання інструментам, голасам неабходны ўнутраны стрыжань. Моцны, прабіўны характар, якога ў мяне… на жаль, няма, што перашкаджае ў працы. Трэба ўмець прадаваць (але не здраджваць сабе на карысць кан’юнктуры) сваю творчасць, самому стукацца ва ўсе дзверы, нічога ганебнага ў гэтым няма. Абзаводзіцца знаёмствамі і ў асяроддзі альтэрнатыўных музыкантаў, і ў шоу-бізнесе. Шмат што ў прасоўванні і там, і там вырашаюць сувязі. Але з нецікавым матэрыялам наўрад ці кудысьці можна выбіцца, таму з дня ў дзень трэба працаваць над павышэннем прафесіяналізму. Я, дарэчы, спадзяюся, што ў бліжэйшы час пачну навучацца гукарэжысуры ў адной з польскіх вышэйшых навучальных устаноў. Трэба быць гатовым да таго, што будзе цяжка з фінансамі: ну, няма цяпер “дзядзечак”-мецэнатаў, якія ўсё прапануюць і дадуць. Прынамсі, мы з такімі не сустракаліся.

І гурт павінен складаць сапраўды блізкія адзін аднаму людзі, на ўзроўні музычным (хай жанравыя густы ва ўсіх будуць рознымі, але жаданне працаваць у адным ключы — агульным) і духоўным.

Фота Святланы ГАРЭЛІК-ЧАРНЯЎСКАЙ


АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/628/13951/6-2.jpgГурт “Pauline”, альбом “Адчувай”

Альтэрнатыўная музыка як быццам бы апрыёрна мае на ўвазе некамерцыйны яе характар, праўда? Іншая справа, што ў сталым меркантыльным свеце не адзін дзясятак таленавітых, першапачаткова андэрграўндных выканаўцаў, якія стартавалі рэвалюцыянерамі ды радыкаламі ад, напрыклад, рок-н-ролу, адчуваюць сябе сёння настолькі шчасліва, што набыццё дзяжурнай наварочанай яхты для іх — як для нас батон хлеба купіць. Пры гэтым хто-небудзь з іх працягвае рабіць выгляд, што па-ранейшаму бунтуе супраць чагосьці (як правіла, яму аднаму зразумелага), а хтосьці перайшоў у супрацьлеглы творчы лагер, дзе намазана і маслам, і ікрой, дзе так жа сумленна складае і спявае песні, але ўжо з іншым зместам і з натхненнем іншым, напэўна, больш шчырым. А як інакш, калі яхта — вось яна?! Працэс гэты нармальны.

Гурту “Pauline” ў цяперашнім яго стане манетызаваць сваё мастацтва такім чынам, каб не думаць пра паслязаўтрашні фінансавы дзень з непакоем, таксама не атрымаецца. Прычым лютай альтэрнатывай песні калектыву я не назваў бы, няма ў іх бітваў у прамым ды пераносным сэнсе гэтага слова, вопратку на ўласных торсах удзельнікі ансамбля ў прыступе творча-ідэалагічнага параксізму не дзяруць, гітары аб калонкі не трушчаць. Але і ў нашу эстрадную ідылію каманда мала ўпісваецца. Можна, вядома, уявіць, што адзін яе трэк з нейкага пасылу раптам ды і пакажуць на адным з тэлеканалаў. Маўляў, вунь колькі рознай музыкі ў краіне ёсць, і няма чаго наракаць на няўвагу да маладых і не ад папсы гэтай. На тым уся камерцыялізацыя і скончыцца. Тэлевізару ж што трэба? Каб радасць з яго Свіслаччу лілася альбо ад гора адпрэчанага каханай у шок гледача кідала. Але на пару хвілін, не больш. А які шок ад сублімацыі “Pauline”, якая перанесла свае жыццёвыя перажыванні ў песенную творчасць, якая, тым больш, эйфарыя? Смутак адзiн, шкадоба, слёзы капалі і маё сэрца спынілася. Яно нам трэба? Натуральна, не.

Для мяне пастэльнай іпахондрыі ў кампазіцыях тут залішне шмат. Ёсць цікавыя радкі, няма ўчэплівых мелодый, ёсць добры вакал, няма драйву, ёсць прыстойнай якасці запіс, няма відавочнай індывідуальнасці. І гэтак далей. За будучыню калектыву ў такім выглядзе я спакойны, бо не бачу яе. Ні некамерцыйнай, ні тым больш камерцыйнай. З такім матэрыялам, прынамсі. Але музыканты хочуць граць ды спяваць менавіта так і пра гэта, што павагу выклікае, таму я і не супраць іх. Вунь “Iowa”, да прыкладу, таксама спачатку чагосьці тузалася са сваім “я”, а потым у чымсьці наступіла на горла ўласнай песні, перазагрузілася, і зараз у Каці Іванчыкавай з таварышамі па службе ўсё ў масле з ікрой: хутка, магчыма, на яхце кудысьці паплывуць. Не ведаю, ці пажадаць “Pauline” таго ж?.. Але дакладна не хацелася б, каб з ёй здарылася тое, пра што яшчэ напісала Марына Іванаўна: “Застынет всё, что пело и боролось, сияло и рвалось...”

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"