Па-за зонай дзеяння сеткі?

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

Ужо некалькі месяцаў, як у Беларусі праходзіць літаратурны праект “Movabox”. Здавалася б, гульня, забаўка: трэба зайсці на ягоны сайт, прайсці тэст, складзены з гумарам, пакінуць свае каардынаты — і чакаць прэзента. Не грашовага — крэатыўна-творчага.

/i/content/pi/cult/627/13945/122-1.jpgУ “box” паклалі кнігу з аўтографам аўтара ў атачэнні жартоўных “артэфактаў”, звязаных з яе зместам. Сярод “таямнічых каштоўнасцяў” можа быць кулёк семак, шышка, налепкі — ды якія заўгодна рэчы, што раптам пачынаюць ззяць дадатковымі сэнсамі. Але ўсё гэта — знешні бок, прызначаны скіраваць увагу на галоўнае — самі кнігі. А праз іх — на новае аблічча беларускай літаратуры, якое ўжо нарадзілася, але ўсё яшчэ застаецца быццам “нябачным”, дзесьці “па-за зонай дзеяння сеткі”.

Менавіта для гэтага ў кавярнях некалькіх беларускіх гарадоў, пачынаючы са сталіцы, усталяваны скрыні, якія з’яўляюцца чымсьці накшталт “міні-бібліятэк”: тут можна ўзяць кнігу, пачытаць (нават з “дачытваннем” дома) — і вярнуць на паліцу. Ці проста прынесці свой улюбёны твор — і пакласці для больш грунтоўнага вывучэння яго іншымі.

Завершаны два этапы праекта, прысвечаныя “Авантурам студыёзуса Вырвіча” Людмілы Рублеўскай і “Дзецям Аліндаркі” Альгерда Бахарэвіча. Поўным ходам ідзе трэці, звязаны ўжо не з прозай, а з паэзіяй, — зборнікам Віктара Жыбуля “Дзяцел і дупло”. А раней тая ж кампанія “Velcom” праводзіла акцыю “Чытаем па-беларуску”, звернутую да дзяцей.

Пра ўсё гэта можна складаць гімнічныя оды, спяваць дыфірамбы, услаўляючы цудоўную ініцыятыву. Але міжволі ўзнікае пытанне: а дзе ж нашы кампазітары, рэжысёры, сцэнарысты, прадстаўнікі іншых творчых прафесій? Што чытаюць яны, чым натхняюцца? Бо літаратура заўсёды крочыла поруч з іншымі відамі мастацтваў і натхняла на з’яўленне шматлікіх музычна-тэатральных твораў. Тыя ж згаданыя вышэй кнігі, здавалася б, так і просяцца ў оперу, мюзікл, тэатралізаваны вакальны цыкл, іншыя жанры. Дык чаму ж не ўвасабляюцца? Можа, самі літаратары — супраць?

Цікава, што на пытанне, як бы ён паставіўся да “пераводу” яго аповесці ў мюзікл, аўтар адной з задзейнічаных у праекце кніг адказаў, што, па-першае, падобных прапаноў да яго не паступала (хто б сумняваўся!). А па-другое, ён быў бы занепакоены, што ў падобным выпадку ад яго твора застануцца хіба некаторыя сюжэтныя абрысы — і цалкам сыдзе філасофскі складнік. Што ж, у чымсьці ён меў рацыю, бо ў вядомай опернай класіцы (у тым жа “Фаўсце” Гуно ці “Яўгене Анегіне” Чайкоўскага) ад вялізных “энцыклапедый жыцця” засталіся найперш любоўныя перыпетыі, звязаныя з эмацыйным станам герояў. У “Кармэн” Бізэ, “Пікавай даме” ўсё таго ж Чайкоўскага і многіх іншых творах былі пераасэнсаваны характары персанажаў, сама матывацыя іх памкненняў. А калі далучыць сюды яшчэ і разнастайнасць рэжысёрскіх прачытанняў, уключаючы самыя “экстравагантныя”, дык трывогу літаратараў, здавалася б, і ўвогуле можна зразумець. Разам з тым, будзем шчырымі: неверагодная папулярнасць некаторых аповедаў наўпрост звязана з іх адлюстраваннем у іншых відах мастацтва. Той жа Уладзімір Караткевіч, да прыкладу, не пагрэбаваў выступіць лібрэтыстам оперы “Сівая легенда” Дзмітрыя Смольскага, калі кампазітар паказаў яму частку напісанай музыкі.

Ды ўсё ж, здаецца, галоўная праблема ў тым, што пра новую беларускую літаратуру ні самі нашы музыканты, ні кіраўніцтва тых жа тэатраў, якое магло б стымуляваць іх цікавасць да яе, увогуле нічога не ведаюць. Адкінем прозу, возьмем паэзію, бо тут, здавалася б, шлях да спеўнага ўвасаблення яшчэ больш кароткі. І не абавязкова менавіта ў рок-стылістыцы! Узгадаю нашумелы ў праграме леташняга Міжнароднага тэатральнага форуму “TеART” спектакль паводле вакальнага цыклу Валерыя Воранава “З жыцця насякомых”. У аснову былі пакладзены вершы расійскага літаратара першай трэці ХХ стагоддзя Мікалая Алейнікава, прапанаваныя кампазітару Святланай Бень. Але ж… ці не з’яўляецца творчасць нашага Віктара Жыбуля шмат у чым своеасаблівым працягам эстэтыкі паэтаў-абэрыутаў? Калі да радкоў Хармса звяртаўся ўжо суцэльны шэраг беларускіх музыкантаў (нават дысертацыя пра гэта пішацца), дык чаму ж не разабрана на музычныя цытаты паэзія Жыбуля? У свой час з Віктарам супрацоўнічала хіба кампазітар Вольга Падгайская: у складзе гурта “Рацыянальная дыета” ў іх быў праект, які дэманстраваўся ў зале Беларускага саюза кампазітараў у межах аднаго з фестываляў. Ёсць у Вольгі і раманс на яго радкі. Але гэтага замала!

Калі Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі ладзіць штогод тэматычныя кампазітарскія конкурсы, можа, наспеў час звярнуць увагу тых жа студэнтаў (а з імі і сталых творцаў) не толькі на прызнаную класіку, але і на маладую па часе нараджэння беларускую літаратуру? А яшчэ калі б да гэтага далучыліся арганізатары цяперашніх “моўных” праектаў — з іх крэатыўнасцю, уменнем давесці цікавую ідэю да бліскучага ўвасаблення, зацікавіць гэтым прэсу і грамадства. Дарэчы, а чаму і не?..

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"