“Правілы гульні” паводле Матэа

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

Італьянскі рэжысёр Матэа СП’ЯЦЫ для айчынных тэатралаў стаў амаль што сваім. Пачаўшы са сцэнічных замалёвак са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, што ставіліся колькі гадоў таму, спадар Матэа хутка перайшоў на прафесійную сталічную сцэну. Прызнаны спецыяліст па камедыі дэль артэ, ён у 2014-м выпусціў прэм’еру “Viva Commedia!” у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Сёлета на той жа сцэне за яго іменем з’явілася знакамітая “Карчмарка” Карла Гальдоні. Але маладому рэжысёру падалося замала займацца адным праектам, таму паралельна ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек распачаліся рэпетыцыі горкай — па вызначэнні аўтара — трагедыі “Пансіён “Belvedere”.

/i/content/pi/cult/627/13944/3-1.jpg— Спадар Матэа, дзе навучаюць рэжысуры італьянскую моладзь?

— У Італіі дзве ВНУ займаюцца адукацыяй рэжысёраў: адна акадэмія знаходзіцца ў Рыме, другая — у Мілане. Аднак самае галоўнае адрозненне нашай акадэмічнай сістэмы ад вашай у тым, што мастацкая адукацыя для рэжысёраў (як і для большасці спецыяльнасцей, звязаных з мастацтвам), не ўключаны ва ўніверсітэцкі сектар. Я чуў, што нашы чыноўнікі імкнуцца вярнуць яе ва ўніверсітэцкае лона, нашым міністрам культурнай спадчыны, культурнай дзейнасці і турызму Дарыа Франчэскіні зроблены першыя крокі па выпраўленні сітуацыі, аднак пакуль усё застаецца, як ёсць. Што да мяне, то я спачатку вучыўся на акцёра камедыі дэль артэ. А пасля, з пасады галоўнага акцёра, які трымае трупу, паступова перайшоў у галіну рэжысуры. Зазначу, менавіта работа ў камедыі дэль артэ, даследаванне традыцыйнай маскі народнага тэатра, пошук яе характару прывялі мяне непасрэдна да той працы, якую я раблю зараз, і якую можна назваць у нейкай ступені эксперыментальнай.

— Ці лёгка вашаму выпускніку-рэжысёру знайсці сабе працу па спецыяльнасці?

— Вы закранулі болевую кропку нашай краіны. У нас гавораць, што па заканчэнні акадэміі былы студэнт выскоквае ў пустэчу… Часам шанцуе: узнікаюць свабодныя праекты ці мастацкі кіраўнік тэатра запрашае пэўнага рэжысёра і перадае яму паўнамоцтвы набіраць пастановачную каманду, адбіраць акцёраў і гэтак далей. У цэлым жа шляхі прафесійнага станаўлення рэжысёра бываюць вельмі таямнічымі. Таму ад шчырага сэрца хачу падзякаваць Беларусі, што яна дала мне магчымасць паказаць сябе. У Італіі гэта складана, асабліва зыходзячы з майго ўзросту. Мне падалося неверагодным, калі мастацкі кіраўнік Горкаўскага тэатра Сяргей Кавальчык, ацаніўшы маю працу са студэнтамі Акадэміі мастацтваў, прапанаваў зрабіць што-небудзь на прафесійнай сцэне.

Дарэчы, і арганізацыя акцёраў у нашых дзяржавах адрозніваецца. Мне шкада, што ў Італіі няма такіх добра структураваных тэатраў, як у вас. Італьянскія тэатры ў нейкай ступені можна назваць пустымі каробкамі, якія напаўняюцца з дапамогай разавых праектаў. Сабраная пад пэўную пастаноўку трупа можа спадзявацца на турнэ на пяць-шэсць месяцаў. Толькі ў рэпертуарным тэатры я маю магчымасць пабачыць у фае фотаздымкі трупы, дзякуючы якім разумееш, што трапіў у сапраўдны дом.

— Беларускія спектаклі паспрыяюць вам у атрыманні цікавых праектаў на радзіме?

— Вельмі на гэта спадзяюся, але заўсёды згадваю лацінскую прыказку, якая вельмі падыходзіць да майго выпадку: “Няма прарока ў сваёй Айчыне”… Пакуль у планах улетку паставіць дома са сваім калектывам кабарэ. Астатнія месяцы распісаны пастаноўкамі ў замежжы, прынамсі, збіраюся папрацаваць у Кітаі ў якасці асістэнта опернага рэжысёра. Хачу паспрабаваць сябе ў розных жанрах і кірунках.

— З гэтай жа прычыны вы вырашылі выйсці на сцэну беларускага тэатра лялек? Вы неяк зазначалі, што гэты від мастацтва ў Італіі не так і распаўсюджаны, як у Беларусі…

— На мой погляд, у Італіі тэатр лялек існуе хутчэй як спадчына традыцыйнага народнага тэатра масак. Для мяне сталася адкрыццём ваша лялечнае мастацтва, якое адкрытае да найноўшых формаў, выкарыстоўвае сучасныя тэхнікі і нязвыклыя сістэмы лялек. У вас я атрымаў цудоўную магчымасць паглядзець іншыя спектаклі і такім чынам напоўніцца новымі тэхнікамі, якія, сыходзячы з маіх назіранняў, у нас не распаўсюджаны. На маю думку, самае значнае адрозненне паміж тэатрам лялек і тэатрам масак у тым, што ў першым акцёр выкарыстоўвае ляльку, а ў другім сам з’яўляецца лялькай. Як бачыце, маска становіцца тым звяном, якое звязвае тэатр лялек і драматычны тэатр.

— Вы адчувалі розніцу ў працы з драматычнымі артыстамі і лялечнікамі?

— Безумоўна, адзначыў, што акцёрам тэатра лялек прасцей чым драматычным працаваць з аб’ектамі і разумець некаторыя тэхнічныя моманты працы з маскай і неадушаўлёнымі прадметамі. Што да пытанняў інтэрпрэтацыі, бывае, драматычныя акцёры робяць гэтую працу больш філігранна. Але для мяне яны ўсе, у першую чаргу, артысты. Нават, як я высветліў, яшчэ і з’яўляюцца сябрамі па курсе, бо ў адзін час вучыліся ў вашай Акадэміі мастацтваў. Таму працаваць з усімі надзвычай прывабна, а вынік у адным і ў другім тэатрах атрымліваецца досыць цікавым.

— Традыцыю работы ў якасці старшага ў трупе акцёра, а не кіраўніка, хто дыктуе свае ўмовы, вы перанеслі ў сваю штодзённую працу. Ці лёгка даліся беларускім акцёрам нязвыклыя для іх правілы гульні?

— Так, я рэжысёр, які працуе не над артыстамі, а разам з імі. Адпаведна, я ніколі не даю вызначанага вобраза, якому павінны адпавядаць занятыя ў пастаноўцы. Найбольшую цяжкасць у беларускіх акцёраў выклікае неабходнасць быць актыўнымі складнікамі працэсу. Зразумела, тое вынікае з традыцый вашай школы ігры. Тая ж імправізацыя не нараджаецца на пустым месцы: каб рухацца, неабходна мець пэўную падрыхтоўку. Прынамсі, у “Пансіёне “Belvedere” мы шмат імправізуем: па сутнасці, у нас складваецца сцэнічная драматургія. Гэта вельмі здорава — і адначасова надзвычай складана. Бывае, з’яўляюцца цікавыя знаходкі, аднак мы не можам іх выкарыстоўваць у спектаклі. Ці рухаемся ў кірунку, які падаецца перспектыўным, але ў выніку трапляем у тупік.

Дадзены праект стаўся эксперыментам не толькі для акцёраў, але і для мяне. Справа ў тым, што мы адмовіліся ад традыцыйных масак камедыі дэль артэ, якія закрываюць тры чвэрці твару і пакідаюць вольным рот. Мастак Таццяна Нерсісян прапанавала “нямую” маску, што цалкам зацягвае твар. Спектакль, адпаведна, будзе ісці без словаў. Гэта вялікі выклік і для мяне як рэжысёра, і для акцёраў. Слова нас больш не выратоўвае, з-за чаго нам неабходна быць вельмі дакладнымі, кожны рух на сцэне павінен мець значэнне. Мы ствараем новую сцэнічную мову, прыдумваем адмысловую пластыку. У гэтым выпадку маска выкарыстоўваецца на сто працэнтаў.

— Скарыстоўваць традыцыйнае прасцей за стварэнне арыгінальнага. Як доўга з мастаком шукалі патрэбны вобраз?

— Хацелася, каб на сцэну выйшлі розныя характары са сваімі адметнымі рысамі, таму я прыехаў да спадарыні Таццяны з серыяй ілюстрацый са старадаўняга трактату па фізіягноміцы. Каб зразумець форму і глыбіню выражэння, за аснову таксама браліся малюнкі Леанарда да Вінчы, на якіх ён занатоўваў старцаў. Мастак прапанавала мне сваю тэхніку першапачатковай працы з пластылінам. Яна прапаноўвала шмат варыянтаў, я крыху падпраўляў, напрыклад, мог зрабіць больш прыплюснутым нос, потым Таццяна прыводзіла загатоўку ў парадак, я ўносіў новыя прапановы. Мы працавалі ў шмат рук, і вынік, на маю думку, атрымаўся адметным. Ад чыстага сэрца скажу, што маскі Таццяны Нерсісян шыкоўныя! 24 сакавіка адбудзецца прэм’ера спектакля, дзе публіка зможа сама ў гэтым упэўніцца.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"