"Перабудова" ды кабіна Неферціці

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

1988 год, Парыжскі аўтасалон. Сенсацыяй стала распрацоўка беларускіх дызайнераў — аўтацягнік МАЗ-2000 пад гордым імем “Перабудова” (падзеі ж адбываліся ў разгар перабудовы, якая тады натхняла савецкіх людзей). Аўтамабіль жа і сапраўды быў незвычайным.

/i/content/pi/cult/627/13936/14-1.jpgНетрадыцыйнае кампановачнае рашэнне — кіраваны рухавіковы модуль, кабіна над рухавіком, габарыты кабіны, якія дазваляюць знаходзіцца ў ёй у поўны рост. Незвычайным аўтамабіль быў і знешне: кабіна мяккай абцякальнай формы, цэльнае ветравое шкло на даўжыню ўсяго салона, прыборная панэль сучасных скульптурных формаў, а грузавая частка з’яўлялася арганічным працягам пластыкі кабіны... Можна сказаць, тады беларускі дызайн гучна заявіў пра сябе на міжнароднай арэне. Вядучым жа дызайнерам пры стварэнні названай машыны быў мінскі дызайнер Станіслаў Паланевіч.

На жаль, аўтацягнік “Перабудова” так і не быў пастаўлены на масавы выпуск: яго чакаў такі ж лёс, як і саму перабудову. Але гэта не выбіла з сядла нашых дызайнераў. Станіслаў Паланевіч і ў постперабудоўчы час працягваў актыўна працаваць над дызайнам беларускіх аўтамабіляў. У пачатку 2000-х у Беларусі робяцца пэўныя крокі ў развіцці практыкі прамысловага дызайну. Так, у Нацыянальным дызайн-цэнтры ажыццяўлялася работа над праектамі ў галіне машынабудавання. Тады па ініцыятыве кіраўніцтва Нацыянальнага цэнтра праблем механікі і машын побыту была зацверджана Дзяржаўная праграма белаўтатрактарабудавання. Дык вось, у адпаведнасці з апошняй ставілася задача стварыць цягач новага пакалення “МАЗ” для магістральных перавозак з каютай павышанай камфортнасці і роўнай падлогай ды з наступным стварэннем модульных аўтацягнікоў. Над распрацоўкай дызайнерскай часткі праекта працавала група пад кіраўніцтвам Станіслава Паланевіча. У яе таксама ўваходзілі Віктар Сонца, Андрэй Фандзюхін, Віктар Сівалобаў.

Распрацаваная імі новая мадэль па вобразе нагадвала хуткасны экспрэс. Асабліва арыгінальна была вырашана форма кабіны, у абрысах якой чытаўся знаёмы вобраз Неферціці. Месца вадзіцеля размяшчалася па цэнтры, за кошт чаго пярэдняя частка кабіны рабілася больш завужанай, што надавала машыне павышаныя аэрадынамічныя якасці. Меўся ў ёй і кухонны блок, а таксама каюта з размешчанымі ўздоўж кірунку асноўнага руху койкамі для вадзіцеляў, душ і санвузел. Кабіна была зроблена ўперадзе рухавіка, таму з’явілася магчымасць рабіць яе з роўнай падлогай.

Калі Паланевіч працаваў над стварэннем аўтацягніка “Перабудова”, ён ужо быў галоўным дызайнерам праектаў беларускага філіяла Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі (УНДІТЭ). Пачаўся ж яго творчы шлях у дызайне ў 1973 годзе, калі ён скончыў аддзяленне прамысловага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Дыпломны праект Станіслава быў незвычайны. Крутасклонны трактар мог лёгка змяняць становішча колаў, дапускаў мацаванне рабочых машын у розных месцах рамы. Нават кабіну можна было перасоўваць і ўмацоўваць там, дзе яна патрабуецца для канкрэтных работ. Трактар мог прыстасоўвацца да рэльефу мясцовасці, захоўваючы ўвесь час вертыкальнае становішча кабіны і працуючы чаўночным спосабам (назад-наперад, следуючы адной траекторыі і контуру рэльефа).

Наогул, час, калі Станіслаў скончыў інстытут, быў рамантычнай парой станаўлення і развіцця айчыннага дызайну. Папулярнасць гэтай сферы дзейнасці ў тыя гады была параўнальная толькі што з касманаўтыкай. Станіслаў быў накіраваны працаваць у беларускі філіял УНДІТЭ. Тут ён сустрэўся з Віктарам Сонца, з якім стаў цесна супрацоўнічаць у галіне стварэння новых аб’ектаў машынабудавання, і гэтае супрацоўніцтва працягваецца ўжо больш чым сорак гадоў (за час сумеснай працы яны атрымалі больш за сем дзясяткаў аўтарскіх пасведчанняў на прамысловы ўзор). Вынікам іх сумеснай творчасці сталі ўніфікаваная кабіна трактара “Беларус”, якая ўжо 40 гадоў у вытворчасці, аўтобус “Нёман”, грузапасажырскі аўтобус “КАЗ”, дызайн большасці трактараў розных заводаў Савецкага Саюза. Разам з Віктарам Сонца Паланевіч працаваў і над аўтацягніком “Перабудова”.

…Не так даўно Станіславу споўнілася 75 гадоў, але дызайнер у добрай творчай форме. Зараз ён разам са сваім верным сааўтарам працуе ў холдынгу “Амкадор”. Былі распрацаваны: комплекс лесапрамысловых машын, тэлескапічны пагрузчык, пагрузчык з бартавым паваротам, самазвал павышанай праходнасці грузапад’ёмнасцю 25 тон, экскаватар-пагрузчык, група франтальных пагрузчыкаў, каткі грунтовы і асфальтавы. “Безумоўна, — гаворыць Паланевіч, — наша супрацоўніцтва з заводам “Амкадор” наклала свой адбітак на стылістыку яго прадукцыі. Але гэта ў меншай ступені з’явілася адлюстраваннем нашых стылявых пераваг, а, у асноўным, формаўтварэннем пад уплывам новых тэхналагічных магчымасцяў, такіх як ужыванне стандартных профіляў, уклейвальных вокан, гнуткага шкла, шырокіх магчымасцяў ужывання кампазітных матэрыялаў. Гэтыя формаўтваральныя фактары з’явіліся вызначальнымі і для аналагічнай прадукцыі ў сусветным машынабудаванні. З нашых, і безумоўна маіх, асабістых пераваг у дадзенай рабоце былі імкненне да канструктыўнай мэтазгоднасці, эканамічнасці і чыстаце форм вырабу. Для такой прадукцыі, як дарожна-будаўнічая тэхніка, гэтыя правілы формаўтварэння лічу асноўнымі без залежнасці ад модных часовых пераваг”.

Якаў ЛЕНСУ, Анатоль ЦЕХАНОВІЧ, члены Беларускага саюза дызайнераў