Рэабілітолаг усміхаецца

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

Пра Таццяну Падкапаеву, культарганізатара Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя Пятра Машэрава “К” даведалася праз водгукі пацыентаў гэтай унікальнай медыцынскай установы. Сёння распавядзем пра спецыфіку працы культработніка ў нетыповых для культурнай дзейнасці ўмовах.

/i/content/pi/cult/627/13932/12-2.jpg

Таццяна Падкапаева на сцэне. / Фота аўтара

Шпіталю летась споўнілася 70 гадоў. З 1972 года ён, па даручэнні Пятра Машэрава, быў пераведзены ў новыя карпусы ў гарпасёлку Бараўляны. Прыблізна з тых часоў у сцянах бальніцы завіравала і самадзейнасць. А Таццяна Падкапаева на пасадзе з 2006 года. Па ейным прызнанні, прыйшла на ўжо сфармаваную творчую глебу.

Ці патрэбны культарганізатар?

Шпіталь мае статус бальніцы прафілактычна-рэабілітацыйнага плана, куды прыязджаюць людзі з усёй краіны на 14 — 16 дзён. Разам з тым, параўнаць установу з шараговым санаторыем нельга — узровень медыцынскіх паслуг вельмі высокі. Лячэнне аказваюць не толькі ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны (гэтых людзей засталося, на жаль, мала), а і воінам-інтэрнацыяналістам, ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС, колішнім малалетнім вязням канцлагераў, ветэранам працы. Дарэчы, зараз актыўна ідзе рэарганізацыя шпіталя, у ходзе якой у адным з карпусоў адкрыецца аддзяленне актыўнага даўгалецця — ён жа цэнтр геранталогіі — і кафедра пры ім. Хутчэй за ўсё там будуць запатрабаваныя сацыяльныя работнікі і работнікі культуры. Пакуль жа Таццяна Міхайлаўна працуе адна на ўсіх. Але вышэйназваны кантынгент, пацыенты, — не адзіная аўдыторыя для Падкапаевай, бо ўвагу яна надае і самім работнікам шпіталя. У тым ліку дзякуючы намаганням культурнага работніка шпіталь можа ганарыцца калектывам. Што цікава, іншыя медыцынскія ўстановы краіны выкарыстанне культуры дзеля кансалідацыі не практыкуюць.

Як пабудавана работа?

За подпісам галоўнага ўрача, а сёння гэта Віктар Лішакоў, зацвярджаецца план на год. Там і дзень народзінаў шпіталя, Дзень блакадніка, Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дзень медработніка, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці... Для пацыентаў штотыднёва праводзіцца два-тры мерапрыемствы. Гэта можа быць канцэрт, сустрэча, вечар паэзіі, вусны часопіс, штотыдзень паказваюць кіно. Усё гэта адбываецца ў актавай зале пасля 14-й. Таццяна Міхайлаўна называе сваіх гледачоў удзельнікамі хутчэй пасіўнага плану: калі падпяваць яны могуць з радасцю, дык танцы ім ужо супрацьпаказальныя.

З галоўнай задачай Таццяна Падкапаева спраўляецца самастойна, тым больш ветэраны самі прапаноўваюць свае таленты, прыходзячы па ўласнай ініцыятыве. “Людзі выходзяць на пенсію, адчуваюць адзіноту, і ім хочацца рэалізавацца. Хтосьці страціў блізкіх, хтосьці абцяжараны праблемамі, хваробамі. Творчасць тут з’яўляецца відам лекаў. Тыя, хто ўдзельнічаць не можа, проста з задавальненнем прыходзяць паглядзець. Для гэтых людзей са сцэны сказанае добрае слова аказваецца вельмі важным. Я тое не разумела, пакуль працавала з дзецьмі і моладдзю. Калі ж толькі прыступіла да працы тут, галоўны ўрач мяне выклікала і пытаецца: як вы спраўляецеся? Я адказваю: як у дзіцячым садку — усе хочуць спяваць, выступаць і ўвагі”, — выказваецца культарганізатар.

А вось для работы з персаналам патрабуецца актыў. Раней з супрацоўнікаў бальніцы склаўся тэатральны калектыў, цяпер — яшчэ і каманда КВЗ. Разам яны ладзяць спектаклі і гумарыстычныя спаборніцтвы. Мінулай вясной змагаліся ў рамках клуба вясёлых і знаходлівых з камандай КДБ. Пра супрацоўніцтва з калектывам шпіталя Таццяна Міхайлаўна кажа цёпла: “Усе гэтыя людзі — наш касцяк. Нехта адказны за святло, іншы за заслону. Хтосьці — саліст. Мерапрыемства можна арганізаваць лёгка і хутка, бо людзі ведаюць, што ім рабіць”.

Дапаможныя рэсурсы

Таццяна Міхайлаўна працуе ў звязцы са шпітальнай бібліятэкай, фонд якой налічвае каля 14 тысяч адзінак. У памяшканні кніжніцы можна ладзіць выставы, а з дапамогай літаратуры арганізоўваць чытанні. Мінскі клуб “Прырода і фантазія” таксама супрацоўнічае са шпіталём і часцяком выстаўляе творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў чытальнай зале. Там жа Таццяна Падкапаева арганізуе і майстар-класы па бісерапляценні, стужцы, вязанні, упрыгожванні стала — карысныя практыкаванні.

Святы — добрая нагода запрасіць не толькі аматараў, але і прафесіяналаў. Гасцямі бальніцы становяцца артысты Белдзяржфілармоніі (з аркестра імя Жыновіча і ансамбля “Свята”), ансамбль “Бяседа” і хор Белтэлерадыёкампаніі, хор “Агеньчык” Палаца ветэранаў, ансамбль курсантаў Ваеннай акадэміі, Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Прадастаўляецца пляцоўка і вучням бараўлянскай музычнай школы: дзеці рэпеціруюць, а пацыентам гэта толькі ў радасць. Сяброўскія адносіны ў шпіталя з мясцовымі царквой і касцёлам.

Поруч з медыцынай

Шлях Таццяны Міхайлаўны да гэтай пасады нельга назваць прадказальным. Пасля Універсітэта культуры яна была размеркавана ў Быхаўскі раён, у дом культуры. Потым працавала ў бальніцы не па спецыяльнасці, затым зноў вярнулася да паклікання — была кіраўніком дзіцячага фальклорнага калектыву ў Ляскоўскім ДК. Работа ішла па ўзоры эстэтычнай школы: дзеці і танцавалі, і спявалі, і малявалі. Гэту дзейнасць спадарыня Таццяна сумяшчала з працай у дзіцячым садку, які пазней зрабілі прытулкам для сацыяльных сірот. Потым зноў — дзіцячы садок. Менавіта адтуль яна і атрымала запрашэнне на пасаду культарганізатара ў шпіталь.

Наша гераіня добра ведае, што яе задача — быць памочнікам у лячэнні. У некаторым сэнсе яе можна назваць рэабілітолагам для сваіх няпростых пацыентаў. Яна дапамагае ў арганізацыі медінфармацыйных мерапрыемстваў: забяспечвае апаратурай, прэзентацыямі і, галоўнае, слухачамі лектараў для “Школы цукровага дыябету” ды іншых ініцыятыў. Па сутнасці, Таццяна Міхайлаўна сумяшчае функцыі дырэктара дома культуры, культарганізатара, адказнага за матэрыяльную базу.

Вопыт і кругазварот

За 11 гадоў, што Таццяна Падкапаева працуе ў шпіталі, яна ні разу не была на падрыхтоўчых курсах па спецыфіцы дзейнасці. Магчыма, таму, што такіх у нашай краіне няма. І звярнуцца па міжнародны вопыт працы культработніка з інвалідамі і ветэранамі таксама магчымасці не маецца. Таму спадарыня Падкапаева вучылася сама і зараз, як падаецца, можа даваць кампетэнтныя парады калегам. Але Таццяна Міхайлаўна марыць прайсці хаця б адзін курс па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, звязаным з рэабілітацыйнай дзейнасцю. Тут і падказка ёсць, работа з пяском, напрыклад, для развіцця і падтрымкі малой маторыкі рук сталых людзей. Дарэчы, культарганізатар прызнаецца, што мінулы вопыт работы з дзецьмі вельмі дапамагае ёй зараз, у сітуацыі поўнай адсутнасці спецыяльнай літаратуры.

Але Таццяна Міхайлаўна ведае галоўны сакрэт, якому не вучаць ва ўніверсітэтах і да якога кожны прыходзіць сам: “Канешне, пацыенты патрабуюць асаблівай увагі. Але ласкавае слова растопіць любое сэрца. Як казала галоўная гераіня фільма “Блаславіце жанчыну”: “Усміхацца, усміхацца!”

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"