Рыжскі трамплін латвійска-беларускага ўздыму

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Пра фурор замежнага выступлення ўдзельнікаў Грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”, які меў месца 15 мая ў Рызе ў адной з найпрэстыжнейшых цэнтральных залаў краіны, не ведаюць хіба што толькі зусім адарваныя ад культурнага жыцця людзі. Пра тое, якія авацыі скаланулі сцены рыжскага Дома Кангрэсаў, не расказвае толькі лянівы. Але менавіта з-за значнасці падзеі прыемна пракруціць гэтую гісторыю яшчэ раз, і разам з кіраўніком афіцыйнай беларускай дэлегацыі, намеснікам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімірам ГРЫДЗЮШКАМ ажывіць гэтыя не толькі ўдалыя, але і плённыя гастролі для нашага чытача.

 /i/content/pi/cult/162/1393/Riga.jpg
— Я вярнуўся з Латвіі з самымі пазітыўнымі эмоцыямі, — узгадвае паездку Уладзімір Паўлавіч. — Так склалася, што апошнім часам беларусы з латышамі пачалі забываць адзін аднаго, у апошнія гады не было выразных, моцных акцый, якія падмацоўвалі б нашы культурныя сувязі. Канешне, на ўзроўні асобна ўзятых устаноў культуры вялося супрацоўніцтва, але 15 мая адбыўся сапраўдны трыумф нашай культуры на Латвійскай зямлі праз акцыю “Мы — беларусы!”. Яе мэтай мы ставілі папулярызацыю беларускай культуры, беларускага мастацтва, культурных каштоўнасцей, высокага іміджа нашай дзяржавы, і мы ведалі, што гэтая акцыя, распачатая намі 4 сакавіка ў Магілёве, ужо займела станоўчы імідж, стала чаканай. Але тое, што адбылося ў латвійскай сталіцы, можна было назваць сапраўдным ажыятажам. Усе білеты былі прададзены задоўга да канцэрта, а зала Дома Кангрэсаў, якая мае 1200 месцаў, пад час канцэрта змясціла 1600 чалавек! Што тут казаць, калі пачалося выступленне, яно перапынялася шквалам апладысментаў і авацый — на працягу ўсіх чатырох гадзін. Відавочна, што латвійскі бок быў захоплены выступленнем, якое, апроч іншага, несла ім і прыемныя настальгічныя пачуцці — па тых часінах, калі мы былі разам, у цеснай сувязі, бо апроч сучаснага рэпертуару нашы выканаўцы ўзялі ў праграму рэтра-песні “Верасоў”, “Сяброў”, “Песняроў”.
Як расказвае Уладзімір Грыдзюшка, пад час знаходжання беларускай дэлегацыі ў Рызе латышы ўвесь час адольвалі пытаннямі: “Чаму вы прывезлі да нас толькі адзін канцэрт? Чаму так мала?”. Напэўна, на стварэнне ажыятажу паўплывала і пільная ўвага да акцыі мясцовай прэсы, якая правяла шырокамаштабную рэкламную кампанію ў СМІ. Беларуская дэлегацыя пад час камандзіроўкі не раз станавілася аб’ектам увагі тэлекамер і друкаваных выданняў, праз якія беларускія ўдзельнікі акцыі расказвалі пра сваю нацыянальную культуру, пра ўнёсак Кіраўніка нашай дзяржавы і беларускага Урада ў яе падтрымку і развіццё, пра канкрэтныя прыклады гэтага: рэканструкцыі беларускіх тэатраў і палацаў культуры, гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама пра жаданне развіваць беларуска-латвійскія стасункі.
— Я не раз зазначаў перад журналістамі, прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Латвіі, з якімі меў сустрэчы, — кажа У.Грыдзюшка, — што гэтая акцыя — толькі старт, трамплін, і ўсё яшчэ наперадзе. Па адваротнай рэакцыі з латышскага боку я ўпэўніўся, што на гэтым канцэрце наша культурнае супрацоўніцтва не супыніцца. Мы маем агульную тэрытарыяльную мяжу, агульную гісторыю, падобныя традыцыі, — мы проста абавязаны супрацоўнічаць. На гэтую тэму мы гаварылі і з намеснікам дзяржаўнага сакратара Міністэрства культуры Латвіі Улдзісам Ліелпетэрсам, і з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы А.Герасіменкам. У беларуска-латышскіх адносінах дзейнічае падпісанае шэсць гадоў таму пагадненне аб супрацоўніцтве паміж нашымі міністэрствамі, аднак, паўтаруся, кантактаў такога кшталту, выразных, моцных, яшчэ не было. З Улдзісам мы гаварылі пра тое, каб наша супрацоўніцтва не зводзілася да эпізадычнага абмену дэлегацыямі, каб нашы краіны больш ведалі пра дасягненні адна адной, каб нашы музейныя і бібліятэчныя супрацоўнікі мелі кантакты... Я думаю, што ў гэтым накірунку мы і будзем рухацца: мы дамовіліся аб сістэматызацыі нашай міжміністэрскай дзейнасці, складанні і падпісанні пратаколу канкрэтных мерапрыемстваў у падтрымку існуючага пагаднення 2002 года.
Гала-канцэрт беларускіх майстроў мастацтваў, сярод якіх — дзяржаўныя ансамблі “Сябры”, “Песняры”, народныя артысты Рэспублікі Беларусь А.Ціхановіч і Я.Паплаўская, заслужаная артыстка Беларусі І.Афанасьева, П.Елфімаў, “еўразоркі” К.Сітнік і А.Кунец, усяго каля 50 зорак беларускай эстрады, быў арганізаваны Пасольствам па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з “Белканцэртам”, Белдзяржфілармоніяй і рыжскім прадзюсерскім цэнтрам “DEVRO”. Дарэчы, апошні, пабачыўшы поспех беларускіх выступоўцаў, плануе 25 жніўня зрабіць ужо свой, камерцыйны, канцэрт беларускіх артыстаў у канцэртнай зале “Дзінтары” ў Юрмале. А Пасольства нашай краіны плануе арганізацыю трансляцыі на адным з латвійскіх тэлеканалаў поўнай версіі канцэрта беларусаў 15 мая, і акрамя гэтага — далейшую прапаганду грамадска-культурнай акцыі ў Латвіі разам з рэкламнай кампаніяй па падтрымцы Руслана Аляхно ў сёлетнім конкурсе “Еўрабачанне-2008”.
— Такім чынам, — падагульняе кіраўнік беларускай дэлегацыі, — гэтай акцыяй зроблены мацнейшы прарыў у нашых культурных стасунках. Нашых артыстаў любяць, шануюць, паважаюць і вельмі шчыра сустракаюць. У Латвіі пражывае шмат карэнных беларусаў — звыш 83,5 тысяч чалавек. Саюз беларусаў Латвіі, з актывам якога я таксама сустрэўся, праводзіць пастаянную прапаганду нашага мастацтва, нашай дзяржавы.
Апроч іншага, пад час гастролей дэлегацыі У.Грыдзюшка азнаёміўся з ходам рэстаўрацыі і рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Рыгі, пазнаёміўся з латышскім досведам гэтых работ над гістарычнымі мясцінамі. Не менш цікавым і актуальным для Беларусі стаўся і вопыт рэканструкцыі латвійскага тэатра Нацыянальнай оперы і балета, якую краіна-суседка правяла некалькі гадоў таму. Спецыяльна па просьбе беларускага боку быў арганізаваны візіт у гэты тэатр з падрабязным аглядам асноўных залаў і дапаможных памяшканняў. Такім чынам, тыя некалькі дзён, якія беларуская дэлегацыя правяла ў Рызе, па ўсіх мерках сталі аднымі з самых прадуктыўных, якія толькі могуць даць падобныя міжнародныя кантакты. 

Святлана ЖУРАЎСКАЯ