Невядомы Бялыніцкі-Біруля

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

На ўнікальных кадрах з архіва мастацкай дынастыі Бархатковых
Не так даўно мастак Ігар Бархаткоў выставіў у сацыяльнай сетцы шэраг фотаздымкаў з сямейнага архіва. На здымках — Вітальд Бялыніцкі-Біруля і бацька мастака Антон Бархаткоў, вядомы як вучань гэтага геніяльнага пейзажыста. Усведамляючы каштоўнасць згаданых фрагментаў сямейнай хронікі для гісторыі нацыянальнай культуры, мы звярнуліся да спадара Ігара з просьбай распавесці пра згаданыя здымкі.

/i/content/pi/cult/627/13929/8-1.jpgРадзіма знакамітай “Вясны…”

У асноўным кадры зроблены ў 1947 годзе ў час знаходжання Бялыніцкага-Бірулі ў Беларусі, куды яго запрасіў Панцеляймон Панамарэнка, тагачасны першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі. Запрасіў на эцюды. Для шаноўнага госця быў створаны максімальна магчымы ва ўмовах разбуранай Беларусі камфорт. У прыватнасці, яму быў прадстаўлены прысталічны асабняк, вядомы як Белая дача, і аўтамабіль з вадзіцелем. Менавіта ў гэты час і быў напісаны вядомы пейзаж “Вясна прыйшла”, што зараз захоўваецца ў нашым Нацыянальным мастацкім музеі.

Ёсць мазкі пэндзлем мэтра

Аўтара двух здымкаў з нашага сямейнага альбома, дзе мой бацька побач з Вітальдам Каэтанавічам, я не ведаю. Зроблены яны якраз на эцюдах. Бацька суправаджаў Бялыніцкага-Бірулю. У іх нават эцюды падобныя, бо пісаныя з аднаго месца. Да ўсяго, на некаторых эцюдах бацькі ёсць мазкі, зробленыя мэтрам. Разам з Вітальдам Каэтанавічам прыехала ягоная жонка Алена Аляксееўна, якая таксама штосьці пісала (яна ёсць на адным са здымкаў). Кожны вечар пасля эцюдаў яны збіраліся разам і рабілі “журы”, абмяркоўваючы работы, зробленыя за дзень.

Новы абутак

Ёсць і фотакопія аднаго з апошніх лістоў Бялыніцкага-Бірулі майму бацьку. На ім размытыя радкі, бо Вітальд Каэтанавіч плакаў, калі яго пісаў. А пісаў ён, што час, праведзены ў Беларусі, быў лепшым у ягоным жыцці. У часе знаходжання ў Беларусі Бялыніцкі-Біруля, ягоная жонка, мой бацька былі ў гасцях у Якуба Коласа па ягоным запрашэнні. А як ехалі назад, завязлі ў каляіне. Самі разумееце, якія пасля вайны дарогі былі. Дык вось, ім усім разам з шафёрам да Белай дачы па брудзе брысці. Абутак разбілі ўшчэнт. Але раніцай Вітальд Каэтанавіч выправіўся на рынак і ўсім новы абутак набыў.

Выбраў “дарагога земляка”

Мой бацька мусіў суправаджаць Бялыніцкага-Бірулю як памагаты. Той быў ужо немалады чалавек, ці мала што магло здарыцца. Дык вось, бацька быў, так бы мовіць, на падстрахоўцы. Спачатку Вітальду Каэтанавічу вызначылі суправаджаючым маладога расійскага мастака Рамадзіна, але мэтр заявіў, што памочнікам у яго можа быць толькі Анатоль Бархаткоў. Бацьку ён называў “Мой дарагі зямляк Антон”. А пазнаёміліся яны ў час вайны ў Маскве.

Перад сустрэчай у Траццякоўцы

Перадгісторыя такая. У 1942 — 1943 гады бацька партызаніў. Ваяваў ён ва Украіне. Трапіў у палон, збег з палону і паўгады дабіраўся да Беларусі. Тут далучыўся да партызан. Паколькі ён быў мастаком, дык мог бы стаць летапісцам партызанскага жыцця, але аловак давялося на пэўны час закінуць. Камандзір сказаў яму: ты патрэбны як баец, а не як мастак. А ў 1943 годзе, яшчэ да аперацыі “Баграціён”, была вызвалена частка Магілёўшчыны, дзе бацька партызаніў. На яго, як на ўнікальную ў сваім родзе асобу — і партызан, і мастак, — звярнулі ўвагу людзі з Цэнтральнага штаба партызанскага руху. І з гэтага моманту ён у Маскве пры згаданым штабе, і сярод іншых спраў займаецца арганізацыяй мастацкай выставы ў гонар 25-й гадавіны ўтварэння БССР. Яна адбылася ў 1944 годзе, праходзіла ў Траццякоўскай галерэі. Вось тады бацька і пазнаёміўся з Вітальдам Каэтанавічам.

Адзіны вучань

Варта нагадаць, што Бялыніцкі-Біруля вельмі любіў Беларусь. Няма мастака больш беларускага, чым ён. Таксама як і наш Марк Шагал самы яўрэйскі мастак у свеце. Жывапіс Бялыніцкага-Бірулі гэта ўвасабленне беларускай ментальнасці, хоць творчую кар’еру ён зрабіў у Расіі і там пражыў большую частку жыцця. А бацька мала таго, што з Беларусі, дык яшчэ і з роднай Вітальду Каэтанавічу Магілёўшчыны. Мой бацька бываў у маскоўскай майстэрні Бялыніцкага-Бірулі і на ягоным лецішчы Чайка. Антон Бархаткоў — адзіны вучань вялікага майстра. Свой творчы вопыт Вітальд Каэтанавіч спрабаваў перадаваць і іншым, але здолеў успрыняць яго толькі мой бацька. Мяркую, што яны знайшлі паразуменне, бо былі людзі блізкай ментальнасці.

Старасвецкі і непатрэбны

Па словах бацькі, Бялыніцкі-Біруля захаваў шмат старасвецкіх звычак, у ягоным доме была атмасфера арыстакратычнага асяродку дакастрычніцкай пары. Ён быў блізка знаёмы з такімі карыфеямі як Станіслаў Жукоўскі і Ісак Левітан. Выпраўляўся з імі на эцюды ў Цвярскую губернію і там для побытавай зручнасці купіў сабе лецішча, якое стала для ягоных сяброў і калег аналагам сучасных дамоў творчасці. “Чайка” вельмі прыдалася яму ў 1930-я. Тут, у глыбінцы, нікому не патрэбны, незапатрабаваны, не здольны і не ахвочы адпавядаць канонам афіцыйнай культуры, ён пераседзеў палітычныя жарсці. Вітальд Каэтанавіч быў шляхціч — ужо адзін гэты факт біяграфіі ў пэўны перыяд мог каштаваць яму жыцця, калі ён быў публічнай асобай.

Заліты слязьмі ліст

Апошні здымак — гэта 1954 год. У тым жа годзе напісаны і прыведзены тут ліст. На пачатку 1950-х мастак захварэў, фактычна страціў зрок. Гэты заліты слязьмі ліст, што пачынаецца зваротам “Дарагі мой зямляк Антон”, датаваны тым жа часам. Вітальда Каэтанавіча не стала ў 1957 годзе.

Замест P.S.

У Белай дачы, якой ніяк не могуць прыдумаць вартага прыстасавання, мог бы быць мемарыяльны музей генія беларускага краявіду. Ён насамрэч тут жыў і працаваў, Але на будынку няма нават мемарыяльнай шыльды. Мяркую, мясцовыя мастакі спачатку баяліся канкурэнцыі з мэтрам і не жадалі бачыць яго ў кантэксце беларускага мастацтва, а потым пра Бялыніцкага-Бірулю паспяхова забылі, аддаўшы яго Расіі. Памылкі, аднак, трэба выпраўляць.

Тым часам

Сёння Курасоўшчына перыферыйны раён сталіцы, а калісьці гэта была вёска ў ваколіцах Мінска. Аддаленасць ад цэнтра вызначала драматычныя варункі гісторыі Белай дачы — галоўнай культурнай каштоўнасці Курасоўшчыны. Каб гэты шыкоўны асабняк знаходзіўся паблізу праспекта Незалежнасці, у ім даўно была б амбасада, праўленне якогасьці банка. Мо нават музей. А так сярод грашавітай публікі ахвочых выпраўляцца на ўскраіну не знайшлося. Будынак у розны час належаў розным установам, яго спрабавалі скарыстаць для культурных мэтаў. Але неяк справа не ладзілася, і помнік гісторыі паціху гібеў і разбураўся. Быў момант, калі ўзнікла надзея, што для Белай дачы знайшоўся руплівы гаспадар. Ім мусіў стаць Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура. Меркавалася, што пад эгідай музея-майстэрні сядзіба стане цэнтрам эксперыментальнага мастацтва, які разварушыць на карысць крэатыву жыццё навакольнага спальнага раёна. Але дырэктар музея-майстэрні Аксана Багданава ад самага пачатку гаварыла пра такую перспектыву вельмі асцярожна. Маўляў, будзем радавацца, як справа зробіцца. Атрымалася, як у ваду глядзела…

Летась будынак быў выстаўлены на аўкцыён. З першага разу прадаць Белую дачу не атрымалася. Новы гаспадар з’явіўся толькі з трэцяга заходу. Гэта беларускае прадстаўніцтва расійскай кампаніі, назва якой трымаецца ў сакрэце. Новыя ўладальнікі дэкларавалі намер зрабіць у будынку Белай дачы карцінную галерэю. Бяручы да ўвагі, што сядзіба звязана з імем Бялыніцкага-Бірулі, такое прыстасаванне можна лічыць амаль ідэальным.

Але грамада, навучаная горкім вопытам ператварэння сядзібы Ваньковічаў у Сляпянцы з мемарыяльна-культурнага помніка ў рэстаран, жадае ў справе Белай дачы сапраўднай празрыстасці. На гэтым пакуль паставілі шматкроп’е і дамо абяцанне сачыць за станоўчымі, спадзяемся, пераўтварэннямі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"